«Пуцін мусіць пайсці». Аляксей Навальны заклікаў прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах


Палітзняволены лідар расейскай апазіцыі Аляксей Навальны, якога трымаюць за кратамі са студзеня 2021 года, мяркуе, што прэзідэнцкую кампанію 2024 года трэба выкарыстаць для агітацыі супраць Уладзіміра Пуціна.

«17 сакавіка 2024 года адбудуцца прэзідэнцкія выбары. У гэты дзень мы заклікаем усіх прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць супраць Уладзіміра Пуціна. Зрабіць гэта можна, паставіўшы галачкі за любога іншага кандыдата. Што больш важна, мы заклікаем кожнага выкарыстоўваць 100 дзён да галасавання для агітацыі супраць Пуціна і ягонай улады», – адзначаецца ў заяве палітыка, апублікаванай у ягоным блогу.

Паплечнікі Навальнага стварылі сайт «Расея без Пуціна», дзе гаворыцца, што «кожны актыўны грамадзянін» у найбліжэйшыя 100 дзён да прэзідэнцкіх выбараў «мусіць паставіць перад сабой простую мэту – пераканаць мінімум 10 чалавек выступіць супраць Пуціна».

«Без сумневу, нас чакае пародыя на выбарчую працэдуру. А канчатковыя вынікі будуць, як звычайна, падрабляць. Але любыя выбары, нават самыя фальшывыя, – гэта час сумневаў. Людзі задумваюцца аб тым, хто ва ўладзе і навошта ён там.

Галоўная задача расейскай апазіцыі, задача ўсіх сумленных грамадзянаў – усімі сіламі адказаць на гэтыя сумневы. Агітаваць. Растлумачыць, што 71-гадовы Пуцін, які трымае ўладу 24 гады, не павінен заставацца яшчэ на 6 гадоў. Ён прынясе шкоду Расеі. Ён павінен пайсці», – кажа Навальны.

Апазіцыйны палітык адзначае, што Пуцін разглядае гэтыя выбары як рэферэндум дзеля ўхвалення вайны. Навальны заклікаў зламаць гэты план уладаў і зрабіць так, «каб 17 сакавіка нікога не цікавіў падроблены вынік, але ўся Расея бачыла і зразумела: воля большасці ў тым, што Пуцін мусіць пайсці».

Hавiны
Расейскаму апазіцыянеру Аляксею Навальнаму прысудзілі яшчэ да 19 гадоў зняволення па справе аб экстрэмізме
2023.08.04 21:23

Нагадаем, Савет Федэрацыі прызначыў чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Расеі на 17 сакавіка 2024 года.

Уладзімір Пуцін пакуль афіцыйна не абвяшчаў пра ўдзел у выбарах 2024 года. Раней у інтэрв’ю выданню «The New York Times» прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ў Расеі пераабранне Пуціна непазбежнае: за яго прагаласуюць больш за 90 % выбарнікаў.

У жніўні «Медуза» распавядала, што ў палітычным блоку Адміністрацыі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі (АП) ужо вызначыліся са спарынг-партнёрамі, якія будуць «канкураваць» з Пуціным на прэзідэнцкіх выбарах. Паводле выдання, папярэдне ў АП разлічвалі, што на выбары, акрамя Пуціна, пойдуць прадстаўнікі трох парламенцкіх партыяў: КПРФ (Генадзій Зюганаў), ЛДПР (Леанід Слуцкі) і «Новые люди» (Аляксей Нячаеў).

У лістападзе пра свой намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах заявіў былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін), які цяпер за кратамі.

Hавiны
Крэмль вызначыўся са спарынг-партнёрамі Пуціна на выбарах 2024 года
2023.08.28 13:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў