«Выбуховая сумесь». Ці могуць турбапатрыёты расхістаць рэжым Пуціна?


Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў-Гіркін, які цяпер знаходзіцца за кратамі, 18 лістапада абвесціў пра свой намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах. Хутчэй за ўсё, ён не будзе нават зарэгістраваны кандыдатам. Аднак вылучэнне Гіркіна можа падштурхнуць да аб’яднання і мабілізацыі так званых турбапатрыётаў. Ці здольныя яны стаць пагрозай для Уладзіміра Пуціна?

«Добры» і «не добры» ваенны злачынца

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны Ігар Стралкоў (сапраўднае прозвішча Гіркін) фігураваў у публічнай прасторы ў асноўным як вайсковы блогер. Аднак у адрозненне ад вялікай колькасці праваенных спікераў ён не быў проста балбатуном. Гіркін – рэальны ваенны злачынец, які адыграў ключавую ролю ў развязванні вайны на Данбасе ў 2014 годзе і быў датычны да знішчэння пасажырскага «боінга» MH17. За гэта суд у Нідэрландах завочна прысудзіў яму пажыццёвае зняволенне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Блогер-нацыяналіст Ігар Стралкоў (Гіркін), які быў затрыманы ў ліпені і змешчаны пад варту ў чаканні суда па абвінавачанні ў экстрэмізме, сядзіць у шкляной клетцы падсудных падчас пасяджэння па разглядзе скаргі на падаўжэння яму меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў Масгарсудзе. Масква, Расея. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Раней Гіркін выглядаў маргіналам нават ва ўмовах пуцінскай Расеі. Аднак пасля 24 лютага 2022 году імперскі радыкалізм стаў мэйнстрымам. Гіркін пераўтварыўся ў рэальнага праваеннага інфлюэнсера: на ягоны Telegram-канал на момант арышту былі падпісаныя больш за 870 тысяч чалавек. У сакавіку 2023 года Гіркін заснаваў нефармальны нацыяналістычны рух «Клуб раззлаваных патрыётаў». КРП імкнуўся аб’яднаць людзей, якія лічаць, што цяперашняе кіраўніцтва РФ вядзе вайну неэфектыўна і проста бяздарна (а яны нібыта ведаюць, як ваяваць эфектыўна).

Гіркін не заклікаў скідаць Пуціна. Аднак у адрозненне ад таго ж Яўгенія Прыгожына, які за выключэннем словаў пра «шчаслівага дзядулю» наўпрост Пуціна ніколі не крытыкаваў, Гіркін не раз дазваляў сабе жорстка выказвацца пра расейскага лідара. Дайшло нават да асабістых абразаў: «бесхрыбетная макрыца», «ануча», «нікчэмнасць», «баязлівы бездар». За гэтыя словы Гіркін, хутчэй за ўсё, і быў арыштаваны паводле абвінавачвання ў экстрэмізме.

У канцы жніўня Гіркін даслаў з СІЗА разважанні пра тое, чаму ён будзе лепшым прэзідэнтам, чым Пуцін. Нягледзячы на яўна саркастычны тон паслання, гэта, па сутнасці, былі гатовыя тэзісы для палітычнай праграмы. У прыватнасці, Гіркін казаў, што ён больш кампетэнтны ў ваеннай справе і можа быць сапраўдным вярхоўным галоўнакамандуючым, ён не мае сяброў-алігархаў і не дазволіць ім раскрадаць Расею. Пуцін, на ягоную думку, «занадта добры» і «даверлівы», што прывяло да шматлікіх няўдач у вайне з Украінай. «Я ж зусім не такі добры, што магу даказаць на практыцы», – рэзюмаваў Гіркін.

18 лістапада ён абвесціў пра намер балатавацца ў прэзідэнты. Прыхільнікі Гіркіна вырашылі аб’яднацца ў «Рускі рух Стралкова» і заявілі аб намеры стварыць новую партыю – «Кааліцыя рускіх патрыятычных сілаў». Цяпер ідзе набор у ініцыятыўную групу па вылучэнню Гіркіна ў прэзідэнты: сцвярджаецца, што па стане на 1 снежня яны набралі каля 300 чалавек.

Выбары ў Расеі маюць адбыцца ў сакавіку 2024 году. Вылучэнне Гіркіна ў прэзідэнты не супярэчыць заканадаўству РФ – пакуль чалавек не асуджаны, ён мае на гэта права. Аднак у тое, што яго сапраўды зарэгіструюць як кандыдата амаль ніхто верыць. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» і сам пра гэта кажа: ён мяркуе, што яго выключаць з прэзідэнцкай гонкі яшчэ на этапе збору подпісаў. Аднак сэнс свайго вылучэнне Гіркін бачыць у тым, каб парушыць планы ўладаў па правядзенню бутафорскіх выбараў і стварыць «кропку збору ўсіх рэальных патрыятычных сілаў грамадства».

«У любым выпадку – гэта гарантуе збой у іх ціхім і камфортным балоце на планеце ружовых поні», – рэзюмаваў Гіркін.

То бок фактычна ён паставіў сваёй мэтай расхістаць цяперашні статус-кво пуцінскага рэжыму і мабілізаваць так званых турбапатрыётаў, чые погляды ён у той ці іншай ступені рэпрэзентуе.

Аналітыка
Падказка для ультрапатрыётаў. Што азначае арышт Стралкова
2023.07.23 16:55

Хто такія турбапатрыёты

Турбапатрыётамі або ўльтрапатрыётамі цяпер называюць тую частку расейскага грамадства, якая апантана падтрымлівае ўварванне ва Украіну, выступае за больш рашучыя і бескампрамісныя сцэнары яе вядзення. З іх боку перыядычна гучаць заклікі правесці татальную мабілізацыю грамадства і эканомікі, прыняць драконаўскія законы ў тыле і весці вайны да пераможнага канца. Прычым пераможны канец для іх – гэта захоп Кіева і аднаўленне імперыі.

Для турбапатрыётаў цяперашні курс Крамля – занадта асцярожны і памяркоўны. Гэта не значыць, што яны абавязкова супрацьпастаўляюць сябе Пуціну. Аднак і заявам, што «ўсё ідзе паводле плану» не вераць. Радыкалізм такіх людзей як Гіркін знаходзіць у гэтай аўдыторыі водгук, у тым ліку пра сваю шчырасць і паслядоўнасць. Адрозна ад прапагандыстаў, чыя рыторыка вагаецца разам з курсам Крамля, Гіркін заўсёды прытрымліваўся ў пытаннях вайны і міра аднолькавай пазіцыі.

Ці шмат у Расеі турбапатрыётаў? Яны відавочна знаходзяцца ў меншасці, але іх прысутнасць у грамадстве ўсё-ткі істотная. Кіраўнік Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскага меркавання Валерый Фёдараў (ВЦІОМ) нядаўна заявіў, што «партыя вайны», якая адчувае асалоду ад баявых дзеянняў і настойвае на захопе Кіева, складае прыкладна 10-15%.

«Гэтыя людзі патрабуюць большага, жорстка крытыкуюць і стратэгію, і палітыку, і баяздольнасць. І гэта выбуховая сумесь», – адзначыў ён у інтэрв’ю РБК.

«Гэта вялікая сіла, – мяркуе Фёдараў, – Яна сабралася і арганізавалася для дасягнення адной мэты – перамогі над ворагам. У іх ёсць пытанні. Чаму мы, такія вялікія і магутныя, не бярэм Харкаў і Адэсу? У нас на парадах была прыгожая «Армата» – а чаму яе няма на фронце? Мусіць, ёсць не толькі вонкавыя, але і ўнутраныя ворагі – хто яны і чаму мы з імі не змагаемся?»

Чым яшчэ не задаволены турбапатрыеты

Зразумела, што галоўны трыгер для гэтых людзей – гэта вайна ва Украіне, поспехі і няўдачы расейскага войска. Яны баяцца, што памылкі Крамля прывядуць да катастрофы на фронце. Баяцца, што Пуцін аднойчы вырашыць пайсці на «договорняк» (то бок на кампрамісны мір) з Украінай і Захадам. Аднак насамрэч іх прэтэнзіі да рэжыму шырэй: яны тычацца неэфектыўнасці дзяржавы ў цэлым, прынцыпаў узаемаадносінаў Масквы з нацыянальнымі рэгіёнамі і іншымі дзяржавамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўніком Чачэні Рамзанам Кадыравым у Маскве, Расея. 28 верасня 2023 года.
Фота: Mikhail Metzel / POOL / AFP / East News

Напрыклад, калі прааналізаваць каналы Z-супольнасці, можна прыйсці да высновы, што яшчэ адной вострай тэмай для турбапатрыётаў з’яўляецца прывеліяваны статус Рамзана Кадырава і Чачэніі ў пуцінскай Расеі.

Эпапея з узнагароджаннем 15-гадовага Адама Кадырава за збіццё зняволенага выклікала хвалю абурэння сярод турбапатрыётаў, якія пабачылі ў гэтым беззаконні сведчанне слабасці федэральных уладаў. «А Расейская Федэрацыя дакладна выйграла Другую чачэнскую вайну?» – задаюцца пытаннем некаторыя Z-каналы.

Таксама турбапатрыётаў абурае курс Рамзана Кадырава на прасоўванне чачэнскай мовы і ўшанаванне нацыянальных герояў (напрыклад, новае чачэнскае падраздзяленне назвалі ў гонар Шэйха Мансура – чалавека, які ўсё жыццё ваяваў супраць царскай Расеі). Яны незадаволены тым, што чачэнскі лідар публічна называе Сталіна «здраднікам» і прымушае перапісваць падручнікі гісторыі. Некаторыя прадстаўнікі супольнасці адкрыта называюць Кадырава «ворагам Расеі», які дыскрэдытуе дзяржаву на міжнароднай арэне,. А асобныя блогеры нават кажуць пра непазбежнасць трэцяй чачэнскай вайны.

Рэакцыя Z-супольнасці на чачэнскае пытанне з’яўляецца яскравай ілюстрацыяй таго, што агрэсіўны-шавіністычны дыскурс турбапатрыётаў распаўсюджваецца не толькі на ўкраінцаў, а ўвогуле на ўсе народы. Няўдачы ва Украіне, страту пазіцыяў на постсавецкай прасторы або асаблівы статус Каўказа яны ўспрымаюць у першую чаргу з пункту гледжання ўшчамлення расейскай нацыянальнай годнасці.

Рызыкі для Крамля

Наколькі небяспечны турбапатрыёты для Крамля? Кіраўнік ВЦІОМ Валерый Фёдараў мяркуе, што яны нясуць «пэўную ўнутрыпалітычную рызыку», аднак гэта кіруемая рызыка. «Пасіянарнасць, актыўнасць гэтых людзей каналізаваная ў кірунку Украіны», – зазначыў ён у інтэрв’ю РБК.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыхільнікі Уладзіміра Пуціна просяць падтрымаць расейскае ўварванне ва Украіну ў Крамлі, Масква, Расея. 11 сакавіка 2023 года.
Фота: Celestino Arce Lavin / Zuma Press / Forum

Сапраўды канфлікт з Украінай для турбапатрыетаў – абсалютны прыярытэт. Пакуль Пуцін вядзе вайну і пакуль ён гэтую вайну не прайграў, дзейны лідар – не вораг і не праціўнік. Паказальна, што Гіркін падчас мяцяжу Прыгожына адкрыта выступіў на баку Крамля і заклікаў расейскіх афіцэраў змагацца з мяцежнікам незалежна ад таго, як яны ставяцца да кіраўніцтва. Хутчэй за ўсё, такі падыход на дадзеным этапе характэрны для ўсяго лагеру турбапатрыётаў: то бок яны хочуць змяніць курс Крамля, але не любой цаной, бо баяцца нашкодзіць фронту.

Забойства Прыгожына і арышт Гіркіна паказалі, наколькі нізкі цяпер пратэставы патэнцыял у гэтым асяроддзі. Нягледзячы на папулярнасць заснавальніка ПВК Вагнэра, ягоная смерць не справакавала ніякіх пратэставых выступаў – нават самі вагнэраўцы не ўзбунтаваліся. Не выклікаў пратэстаў і арышт Гіркіна: да будынку суда, дзе абіралі меру стрымання, прыйшло ўсяго некалькі дзясяткаў ягоных прыхільнікаў. Клуб раззлаваных патрыётаў фактычна разваліўся, бо частка арганізацыі спалохалася рэпрэсіяў і ад Гіркіна дэманстратыўна адхрысціліся.

«Стралкоў-палітык выклікае толькі сумную ўсмешку», – такім чынам пракаментаваў вылучэнне Гіркіна ў прэзідэнты ягоны найбліжэйшы паплечнік Павел Губараў.

Аднак гэта не значыць, што Крэмль можа адчуваць сябе спакойна. Выхад Гіркіна і ягоных прыхільнікаў у палітычнае поле ў любым выпадку стварае дадатковы ціск на сістэму. Праігнараваць вылучэнне Гіркіна – значыць даць яму шанец мабілізаваць і аб’яднаць вакол сябе «партыю вайны», 10-15% электарату. Распачаць рэпрэсіі супраць прыхільнікаў Гіркіна – гэта рызыка настроіць супраць сябе ўльтрапатрыётаў.

Пакуль іх актыўнасць атрымліваецца накіраўваць выключна супраць Украіны, але ці не прывядзе канфлікт з уладамі да змены прыярытэтаў? Гісторыя Яўгенія Прыгожына прадэманстравала як спачатку досыць безкрыўдны для Крамля праваенны папулізм можа скончыцца поўнай стратай кантролю над сітуцыяй і адкрытым сілавым супрацьстаяннем.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў