Шкода ад разбурэння Крымскага моста ацэненая на 500 мільёнаў расейскіх рублёў. Але гэта яшчэ не ўсё


Расейскі саюз страхавальнікаў падлічыў верагодную шкоду ад спынення руху па Крымскім мосце пасля пажару на чыгуначных пуцях і разбурэння аўтамабільнай дарогі – да 500 мільёнаў расейскіх рублёў. Але гэта не ўсе наступствы ад пашкоджання транспартнай магістралі. У Крыме магчымыя вялікія праблемы з забеспячэннем. З паўвыспы не могуць выехаць дзясяткі тысяч турыстаў. Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ.

Крымскі мост пасля пажару. Фота відавочцы. Крыніца: tsn24.ru

Памер стратаў

Шкода ад надзвычайнага здарэння на Крымскім мосце можа скласці ад 250 да 500 мільёнаў рублёў. Пра гэта са спасылкаю на Усерасейскі саюз страхавальнікаў (УСС) паведамляюць  «Новые Известия».

«УСС ацэньвае шкоду ад надзвычайнага здарэння на Крымскім мосце на суму 200–500 мільёнаў рублёў. Ва УСС няма інфармацыі аб дзейных дамовах страхавання ў адносінах інфраструктуры Крымскага моста. Як правіла, дзяржаўная маёмасць не страхуецца», – паведамілі ў саюзе.

Тым часам сваю ацэнку пашкоджанняў, абʼёмаў і тэрмінаў аднаўленчых работаў на Крымскім мосце пачаў расейскі Мінтранс. Агенцтва «РИА Новости» паведамляе, што «адпаведныя рашэнні прынятыя на Аператыўным штабе ў пытаннях лагістыкі і аднаўленні Мінтрансу Расеі пад кіраўніцтвам міністра транспарту Віталя Савельева». У міністэрстве падкрэслілі, што пачаць работы будзе магчыма пасля таго, як на месцы завершыцца праца аператыўных службаў.

Са спасылкаю на МНС Расеі «РИА Новости» таксама паведамляе, што пажар на транспартным цягніку з дызельным палівам на Крымскім мосце патушаны, адкрытага гарэння не назіраецца. Да ліквідацыі пажару прыцягнутыя 250 чалавек, 70 адзінак тэхнікі.

Абноўлена
Дарадца ОП Украіны Падаляк пра Крымскі мост: Усё незаконнае павінна быць разбурана
2022.10.08 12:16

Транспартныя праблемы, натоўпы турыстаў

«РИА Новости» паведамляе, што расейскі Мінтранс задзеяў новыя лагістычныя схемы для забеспячэння насельніцтва і эканомікі Крыму таварамі і прадукцыяй. Кампанія-аператар у чыгуначных перавозках у Крым «Гранд сэрвіс экспрэс» заявіла аб стварэнні аператыўнага штабу, каб вырашаць пытанні альтэрнатыўных магчымасцяў перавозкі пасажыраў. Паводле звестак кампаніі, у паведамленні з Крымам задзеяныя 11 саставаў. Пяць павінны былі ісці ў Крым, шэсць з Крыму. Усе цягнікі адмененыя.

Тым часам прэсавы сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прагнозаў адносна тэрмінаў аднаўлення Крымскага моста «пакуль няма». Штучны інтэлект сэрвісу «Яндэкс.Карты» дае ўласны прагноз: праезд праз Крымскі мост будзе перакрыты да 31 кастрычніка.

Расейскія і крымскія медыі паведамляюць аб цяжкасцях перавозак грузаў і пасажыраў, абмежаваннях у гандлі на паўвыспе Крым, і  дзясятках тысячаў расейскіх турыстаў, якія не могуць вярнуцца дадому з адпачынку на Чорным моры.

«Медуза» паведамляе, што прыблізна 50 тысячаў расейскіх турыстаў, якія застаюцца на адпачынку на Крымскай паўвыспе, збіраюцца вывозіць паромамі.

Кіраўнік Растурызму Зарына Дагузава заявіла, што для тых, хто ўжо адправіўся на аўтамабільным транспарце ў Крым або назад, на падʼездах да моста будуць разгорнутыя пункты харчавання і абагравання. Для турыстаў, якія застаюцца ў Крыме, адкрылі гарачую тэлефонную лінію – 8 800 511-80-18.

Кіраўнік анексаванага Крыму Сяргей Аксёнаў у сваю чаргу папрасіў турыстаў, якія збіраліся 8 кастрычніка пакінуць паўвостраў, падоўжыць побыт у гатэлях і санаторыях яшчэ на содні. Выдаткі, са словаў Аксёнава, будуць кампенсаваныя.

Мінтранс РФ заявіў, што ў бліжэйшы час адновіцца работа паромнай пераправы праз Керчанскую пратоку, якая звязвала паўвостраў з Краснадарскім краем да ўводу ў эксплуатацыю Крымскага моста. На пераправах запусцяць судны ёмістасцю больш за 100 чалавек, надворʼе дазваляе гэта зрабіць. Ці справіцца паромная пераправа з абʼёмам перавозкі пасажыраў, якія жадаюць пакінуць Крым, пакуль не вядома. Апроч пасажыраў цягнікоў, якія адмененыя, на паўвыспе застаюцца і пасажыры аўтобусаў.  Аўтобусныя рэйсы паміж Крымам і Краснадарскім краем таксама спыненыя на нявызначаны час.

Праблемы забеспячэння

Дарадца «кіраўніка» Крыму Алег Кручкоў заявіў у сваім тэлеграм-канале, што абмежавання продажу тавараў у Крыме не будзе. Да гэтага, як перадае агенцтва «РИА Новости», прэсавая служба «міністэрства прамысловай палітыкі» Крыму паведаміла аб абмежаванні продажу тавараў бакалейнай групы да 3 кг у адны рукі. Пры гэтым намеснік міністра прамысловай палітыкі крымскай адміністрацыі Ірына Мезаўцова паведаміла, што запасы харчовых і нехарчовых тавараў першай неабходнасці ў Крыме складаюць да 55 содняў.

«Губернатар» Севастопалю Міхаіл Разважаеў забараніў прадаваць на АЗС аўтамабільнае паліва ў каністрах. Паводле яго, гэта захада патрэбная, каб «не правакаваць штучнага ажыятажу». Ён напісаў, што бензіну ў горадзе хопіць на 40 содняў. «Дэфіцыту не будзе, таму запасацца палівам не трэба. З прадуктамі такая ж сітуацыя», – паведаміў Міхаіл Разважаеў у тэлеграм-канале.
Абноўлена
З-за моцнага пажару на Крымскім мосце спынены дарожны рух. Магчымы падрыў
2022.10.08 10:10

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў