Дарадца ОП Украіны Падаляк пра Крымскі мост: Усё незаконнае павінна быць разбурана


Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк пракаментаваў паведамленні аб пажарах на мосце праз Керчанскі праліў, сказаўшы, што ўсё незаконнае павінна быць разбурана. Аб гэтым паведамляе «Інтэрфакс-Украіна». Інцыдэнт на мосце таксама пракаментавалі ў Вярхоўнай радзе і Міністэрстве абароны Украіны. 

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
Фота: president.gov.ua

У суботу, 8 верасня раніцай у Паветраных сілах Украіны пацвердзілі інфармацыю аб моцным пажары на пабудаваным Крымскім мосце. Пасля гэтага Міхаіл Падаляк размясціў каментар.

«Крым, мост, пачатак. Усё незаконнае павінна быць разбурана, усё скрадзенае – вернута Украіне, усё расійскае акупацыйнае – выгнана», – напісаў Міхаіл Падаляк у сваім тэлеграм-канале.

Украіна лічыць будаўніцтва Крымскага маста незаконным.

Пракаментавалі інцыдэнт і ва ўкраінскім парламенце. Кіраўнік дэпутацкай фракцыі «Слуга народу» у Вярхоўнай радзе Давід Арахамія назваў мост «выбухованебяспечным».

«Расейскае незаконнае будаўніцтва пачынае развальвацца і загарацца. Прычына простая: калі будаваць нешта выбухованебяспечнае – то рана ці позна яно такі выбухне. І гэта толькі пачатак. Бо чымсьці, а надзейным будаўніцтвам Расея асабліва і не славіцца», – напісаў Давід Арахамія ў сваім тэлеграм-канале.

У сваю чаргу, Міністэрства абароны Украіны заявіла аб знішчэнні «ужо двух сумна вядомых сімвалаў расейскіх уладаў ва ўкраінскім Крыме». Пра гэта вайсковае ведамства паведаміла ў Тўітэры.

«Ракетны крэйсер «Масква» і Керчанскі мост – два сумна вядомыя сімвалы расейскай улады ва ўкраінскім Крыме – знішчаныя. Што на чарзе, расейцы?» – напісала ўкраінскае Мінабароны.

Як паведамлялася раней, раніцай 8 верасня на Крымскім мосце здарыўся моцны пажар, загарэлася цыстэрна з палівам, на фота і відэа з месца здарэння былі бачныя абрушэнні часткі аўтамабільнай дарогі, дарожны рух спынены. Магчымая прычына пажару і разбурэнняў – падрыў грузавога аўтамабіля. Мясцовая адміністрацыя збіраецца ладзіць пантонную пераправу.

Абноўлена
З-за моцнага пажару на Крымскім мосце спынены дарожны рух. Магчымы падрыў
2022.10.08 10:10

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў