Тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай паведаміў пра ейную сустрэчу з дарадцам кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксеем Арэстовічам. Сустрэча адбылася ў Вільні.
«Ціханоўская падзякавала Арэстовічу за падтрыманне беларусаў. У адказ ён сказаў, што «памылкай будзе рэпрэзентаваць беларусаў людзьмі, не здольнымі на супраціў». Падчас размовы Арэстовіч зазначыў, што добра разумее сітуацыю ў Беларусі, і вылучыў ролю падпольнага супраціву. Ён таксама падкрэсліў, што ўкраінцы не ставяць знаку роўнасці паміж дзеяннямі Лукашэнкі і беларусаў.
«Аляксей Арэстовіч запэўніў Святлану Ціханоўскую, што ніводзін украінскі снарад не ўпадзе на беларускую тэрыторыю», – паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Адзначаецца, што палітыкі «абмеркавалі ролю прадстаўніка ў справах беларусаў ва Украіне, які будзе абараняць інтарэсы беларусаў ва ўрадзе, і сінхранізацыю парадку дня дзвюх краінаў, каб свабодная Украіна і дэмакратычная Беларусь размаўлялі ў адзін голас».
Арэстовіч пакуль не каментаваў сустрэчы з Ціханоўскай.
Глеб Нержын belsat.eu