Трафеі ВАВ. Беларусы распавялі, як памянялася іхнае стаўленне да рэчаў, што дзяды прывезлі разам з перамогаю


У плыні жахаў вайны ва Украіне асаблівае ўражанне людзі атрымалі ад таго, як і што рабуюць расейскія вайскоўцы на захопленых тэрыторыях. У Беларусі шмат хто іначай паглядзеў на «трафеі», што захоўваюцца ў сем’ях з часоў Другой сусветнай. Мы папрасілі нашых чытачоў распавесці ўласныя гісторыі і ўзялі каментары экспертаў у праве і псіхалогіі, каб разабрацца, як варта ставіцца да рэчаў, што маглі быць здабытыя такім жа крымінальным чынам.

Ілюстрацыйны здымак. Банер «Сапраўдныя каштоўнасці – з пакалення ў пакаленне» з медалямі на грудзях.
Фота: Белсат

Гісторыі нашчадкаў

– У маёй бабулі быў чайны сервіз, што прывёз дзед з Нямеччыны. З адваротнага боку посуду вельмі прыгожыя вензелі і нешта па-нямецку. Год 1929, маўляў. Гэта быў адмысловы бабуліны гонар. Яна яго вельмі рэдка ставіла. Я не памятаю, каб яна расказвала гісторыю гэтага сервізу, а дзеда я не заспела ў жывых. Пасля смерці бабулі гэты сервіз пераехаў да мамы, і яна кажа, што гэта – мой пасаг. Не тое каб я вельмі яго сабе хацела, але гэта як рэліквія ў нашай сям’і. А цяпер мы бачым, як жудасна здабываюцца трафеі, калі вайскоўцы проста рабуюць мірных людзей. І я не ведаю, што рабіць з гэтым сервізам. Столькі часу прайшло, для мяне ён – як памяць пра бабулю. Але цяпер мне непрыемна і сорамна, што ён ёсць у нашай сямʼі, бо ён скрадзены ў нейкай сямʼі. Што рабіць, я не ведаю. Неяк праз столькі гадоў спрабаваць аддаць яго дзіўна – і невядома, каму.

***

– У мяне ад дзеда засталіся партсігар і некалькі талерак са свастыкай з іншага боку. На партсігары нават надпіс ёсць, што яго падарылі камусьці на доўгую памяць. Талеркі цяпер на лецішчы, бо выглядаюць яны ўжо састарэлымі, а партсігар ляжыць у шафе, як каштоўнасць. Гэтыя рэчы былі ў мяне на вачах з дзяцінства. Памятаю гісторыі бабулі, як дзед прывёз ёй яшчэ сумачку і туфлі, амаль няношаныя. Тады я думаў, што гэта з яго боку было добра, ён клапаціўся пра сям’ю, а цяпер разумею, што нейкую сям’ю ён абабраў. Не думаў, што рабіць з гэтымі рэчамі цяпер. Відаць, талеркі выкіну, а партсігар пакіну, бо варта памятаць і пра цёмную частку гісторыі сям’і.

***

– У маёй мамы ад дзеда ёсць трафейны падсвечнік. Вельмі прыгожы. У дзяцінстве я ім любавалася, а цяпер яго баюся. Невядома, у якіх умовах быў здабыты гэты трафей. Угаворваю маму аддаць яго ў музей, але яна не хоча.

Ілюстрацыйны здымак. Акцыя «Daj coś z worka dla orka!» каля расейскай амбасады. Людзі прыносяць старыя рэчы, што звяртаюць увагу на марадзёрства расейскіх вайскоўцаў ва Украіне. 13 красавіка 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

***

– Бабуля расказвала, што падчас вайны і ў пасляваенныя гады нічога не было. Яны вельмі бедна жылі ў райцэнтры. І калі дзед прыехаў і дастаў з чамадана фарбы, збегліся ўсе дзеці з двара паглядзець. Яны мазалі пальцамі, каштавалі на смак і шкадавалі імі маляваць, каб не скончыліся. У дзеда з бабуляй тады не было дзяцей яшчэ, таму ён проста раздаў фарбы. А бабулі ён прывёз заколку, брошку і пярсцёнак. У мяне гэты пярсцёнак. Не ведаю, што з ім рабіць. Дзядуля быў вельмі добрым чалавекам, але не ў краме ж ён усё гэта купіў.

***

– Мой дзядуля быў у Аўшвіцы, потым у іншых лагерах. Яго вызвалілі. І потым ён служыў у Берліне перакладчыкам. Вярнуўся толькі ў 1948 годзе. Ніякіх трафеяў. З успамінаў – слёзы. Жах. У бабулі ёсць фота. Яна і 2 сяброўкі. Пасляваеннае. Дык вось бабуля расказвала, што ўсе сукенкі на іх з Нямеччыны. Адна з сябровак была «пагнаная ў Нямеччыну на працы і адтуль вярнулася з валізаю сукенак». Гэта адзінае, што я ведаю пра рэчы, прывезеныя з Нямеччыны…

***

– Не ведаю, ці можна лічыць медалі таксама за трафеі. Калі казаць пра Першую сусветную, то прапрадзед прывёз 4 крыжы (3 залатыя, 1 срэбны) і залаты гадзіннік. Іх лес склаўся цікава. Іх памянялі на паўмеха мукі падчас Галадамору, што захавала жыццё раскулачаным жанчынам і дзецям (прапрадзед тады капаў Беламорканал). Падчас Другой сусветнай трафеяў амаль не было. Засталася гільза ад 37-мм зеніткі і жудасныя гісторыі пра жыхароў Будапэшту ды Вены, якія адразу прапанавалі ровары, калі да іх падыходзілі жаўнеры, і падалі на брук ад просьбы запалак. Прадзед ваяваў у Другой, а прапрадзед у Першай.

Ілюстрацыйны здымак. Акцыя «Daj coś z worka dla orka!» каля расейскай амбасады. Людзі прыносяць старыя рэчы, што звяртаюць увагу на марадзёрства расейскіх вайскоўцаў ва Украіне. 13 красавіка 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

***

– Мой дзед прывёз з вайны сёстрам сукенкі. Яны так радаваліся! Сукенкі былі карункавыя, вельмі прыгожыя. Потым яны даведаліся, што гэта не сукенкі, а сподняе. Не ведаю, ці насілі іх на публіцы. Гэта дзіўная гісторыя. Як бы з аднаго боку клопат пра сямʼю, а з другога – у гэтым споднім магла хадзіць нейкая немка ці полька, ці ім гандляваў нейкі просты чалавек. Радая, што яны ў нас не засталіся.

***

– Мой дзед прывёз кнігі. Там на старонках подпіс па-нямецку, што кнігі з прыватнай бібліятэкі. Пра расліны, пра жывёлінаў з падрабязнымі ілюстрацыямі. Я пачаў вывучаць нямецкую, з дзяцінства марыў прачытаць кнігі дзеда. Захоўваю іх і цяпер. Ніяк не змянілася стаўленне. Не хачу думаць, адкуль яны. Для мяне гэта кнігі майго дзеда.

Прававы бок: няма закону, які дазваляе рабаваць

Людзі, што дасылалі нам свае гісторыі, адзначылі, што на іх паўплывалі факты рабавання ва Украіне. Здабычу і продаж «трафеяў» расейскімі войскамі праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк адназначна назваў крымінальнымі парушэннямі і назваў артыкулы, на падставе якіх мае наступіць адказнасць: рабаванне, крадзеж, разбой, набыццё або збыт майна, заведама здабытага злачынным шляхам; легалізацыя (адмыванне) грашовых сродкаў або іншага майна, набытага асобай у выніку ўчынення ёй злачынства і інш.

Ён адзначыў, што дэкрыміналізацыя марадзёрства ў Расеі не значыць, што марадзёрыць можна:

«Дэкрыміналізавана – гэта значыць, што асобнага артыкулу і асобнага пакарання няма, але фактычна дзеянні, што робяцца злачынцам, падпадаюць пад іншыя артыкулы, які ўжо існуюць. Крадзеж, рабаванне і разбой адрозніваюцца ўзроўнем гвалту пры здзяйсненні злачынства і маюць розныя пакаранні».

Аналітыка
«100 долараў задатку – і хлопцы пойдуць шукаць». Як расейцы гандлююць нарабаваным ва Украіне
2022.05.02 20:55

Ён падкрэсліў, што ў міжнародным праве ёсць адзіная норма, калі дапушчальнае забіранне чужога майна:

«У ідэальным сусвеце Жэнеўскай і Гаагскай канвенцыяў пацвярджаецца захаванне майна цывільных, дапускаецца хіба рэквізіцыя харчу для акупацыйных войскаў. Аднак рэквізіцыя мае быць кампенсаваная. Калі салдатам няма чаго есці, яны могуць узяць, напрыклад, кавалак хлеба і пакінуць за гэта нейкую плату».

Аднак гэтыя канвенцыі былі прынятыя пасля Другой сусветнай. Падчас жа той вайны адмысловага дазволу на рабаванне не было, аднак для збору дабра ў СССР яшчэ на пачатку 1943 года было сфармаванае Галоўнае трафейнае ўпраўленне, падраздзяленні якога выяўлялі, улічвалі, збіралі, захоўвалі і вывозілі трафейную і пакінутую войскамі айчынную зброю, майно, фураж і металалом з вызваленых тэрыторыяў. Маштабы працы трафейных камандаў сапраўды гіганцкія, пасля вайны з гэтага трафейнага фонду ўручаліся падарункі ветэранам, а да канца вайны туды можна было прыйсці і набыць сабе нейкія рэчы. Вядома, такая «крама» працавала не для ўсіх.

Ілюстрацыйны здымак. Ветэраны прымаюць віншаванні пад сваімі дамамі. 8 траўня 2020 года. Горадня, Беларусь.
Фота: Белсат

Дзяржаўны Камітэт абароны пастановамі за № 7054 ад 1 снежня 1944 г. і за № 7192с ад 23 снежня 1944 г. дазволіў чырвонаармейцам, якія добра выконвалі службу, асобам сяржанцкага і афіцэрскага складу, а таксама генералам дзейных франтоў адпраўку асабістых пасылак дадому, праз што былі сфармаваныя адмысловыя паштовыя цягнікі з Нямеччыны.

І калі ваеннымі трафеямі – танкамі, станкамі і г. д. – ганарыліся, то пра безліч рэчаў з кватэраў гаварыць нібыта не прынята. Таму з гэтай спадчынай нам выпадае разбірацца самім.

Пытанні маралі заўсёды вельмі цяжкія

Псіхалагіня Наталля Скібская адзначыла, што пры цяперашняй сітуацыі ў беларусаў паўстала магчымасць стварыць больш рэалістычны, больш праўдзівы вобраз сваіх продкаў:

«У нас гісторыя радаводу, што мы малюем у сваёй галаве, звычайна складаецца з нейкіх гісторыяў сваіх продкаў і вобразаў, якія нам больш утульныя, якія нам больш пасуюць. Гэта вельмі прыемна – думаць пра сваіх продкаў як пра ваяроў, збаўцаў, герояў свайго часу. Але насамрэч людзі вярталіся траўмаваныя ўдзелам у той вайне. Гэта ўплывала на іхныя паводзіны далей. Шмат хто свой траўматычны досвед выліваў ва ўчынках да сваіх родных. Бо непрапрацаваная траўма вырывалася ў выглядзе гвалту ў дачыненні родных».

Знаўца таксама заўважыла, што ў людскім асяроддзі ёсць пэўны адсотак людзей, якіх можна назваць псіхапатамі.

«Нават калі ёсць дазвол забіваць і рабаваць, сумленны чалавек не будзе гэтага рабіць. І ў Нямеччыне былі людзі, якія з асобым імпэтам рабілі сваю справу ў канцлагерах, а былі і тыя, хто заставаўся чалавекам. Але ж ёсць асобы, якіх прымалі ўдзел у рабаванні, праяўлялі сваю драпежную натуру. Наяўнасць гэтых «трафеяў» – гэта такое пацвярджэнне, што людзі былі здольныя гэта рабіць. Вельмі істотна гэтую частку ўплесці ў сваю асабістую гісторыю – што мае продкі былі таксама і такія, каб не было чорна-белага светапогляду», – тлумачыць Наталля Скібская.

Яна адзначыла, што адмаўленне ад палярызацыі ў стаўленні да людзей дазволіць заўважыць, што і ў Расеі ёсць людзі, якія выказваюцца супраць вайны, цярпяць за сваю антываенную пазіцыю і захоўваюць людскія арыенціры нават у такой напоўненай нянавісцю сітуацыі.

«Гэта праўда пра нас. Што мы маем гісторыі гвалту, у кожнай сям’і маем. І нам трэба мяняць стаўленне ў залежнасці ад таго, якую будучыню мы хочам для чалавека, які будзе жыць далей», – падкрэсліла псіхалагіня.

Выпадкі гіпергераізацыі Другой сусветнай вайны яна адносіць да сілкавання таго самага чорна-белага сусвету:

«Свет вельмі розны, вельмі шмат адценняў. І чалавечая асоба вельмі неадназначная. Каб гэта ўсё ўсвядоміць, трэба разбірацца. А калі дзяржава прапануе нам гэты чорна-белы светапогляд, то нібы не трэба пра гэта разважаць, бо табе ўсё распавялі: вось тут добрыя, тут дрэнныя, тут ворагі, тут героі. Але вайна – гэта ў любым выпадку жудасна. Бо нават калі ты ваюеш і абараняеш сваю радзіму, забіваючы, ты ўсё адно цярпіш. Гэта траўмуе псіхіку і такога досведу лепей не мець. Абараняць – гэта трэба рабіць, але гэта даецца вялікім коштам».

Ілюстрацыйны здымак. Ветэранаў віншуюць вайсковым аркестрам. 8 траўня 2020 года. Горадня, Беларусь.
Фота: Белсат

У гісторыях, што нам даслалі чытачы, значная колькасць асобаў прызнавалася, што хоча пазбыцца рэчаў, якія ў іхных сем’ях захоўваюцца як трафеі з часоў Другой сусветнай. Псіхалагіня кажа, што гэта нармальная рэакцыя на прадметы, якія выклікаюць дыскамфорт.

«Пачаць варта з вызначэння: што табе лепей? Калі лепей пазбыцца гэтага майна, дык чаму не. Калі гэтыя рэчы пастаянна ўздымаюць цяжкія пачуцці. Але памяць застанецца, бо гэта ўжо адбылося ў гісторыі сям’і.

Пытанні маралі заўсёды вельмі цяжкія.

Кожнаму самому выпадае з гэтым працаваць. Калі была б магчыма спытаць, адкуль гэтыя рэчы, магло стаць усё больш зразумелым. Можа, хтосьці насамрэч рабаваў, а можа, гэта была падзяка за нешта. Але варта ўсё адно пакідаць «зорачку», што такое было ў маёй сям’і. І тады не будзе чорна-белых адказаў, што ён быў герой, волат і ідэальны чалавек», – падкрэслівае экспертка.

Калі на чалавека цісне віна продка за ягоныя ўчынкі, можа быць даволі простае псіхалагічнае выйсце. Псіхалагіня прапанавана адплаціць іншаму чалавеку тую дзедаву «пазыку»:

«Мне вельмі падабаецца ідэя баптыстаў пра кола дабрыні. Калі табе нехта дапамог і ты адчуваеш падзяку, то не абавязкова потым гэтым жа людзям вяртаць тыя ўчынкі ці рэсурсы. Гэта можна зрабіць у бок іншых людзей. Тут можна казаць пра кола віны. Калі я адчуваю, што мае продкі некага пакрыўдзілі, гэтых людзей ужо не знайсці, то для пэўнай палёгкі ад аплаты гэтай цаны можна дапамагчы іншаму чалавеку, які цяпер мае патрэбу ў дапамозе.

Калі ты сваім пачуццём віны ўключаешся ў сітуацыю, ёсць магчымасць сплаціць пазыку іншаму чалавеку, які цярпіць ад падобных учынкаў.

Немцы колькі гадоў плацяць рэпарацыі тым, хто пацярпеў падчас вайны. Так, нанесеную шкоду яны гэтым не вернуць, не павернуць час, знішчаных людзей не ажывяць. Ёсць рэчы, што нельга паправіць – ёсць як ёсць. Але можна зрабіць з гэтым нешта іншае, дапамагчы нашчадкам».

Знаўца адзначыла, што не варта заціскаць сябе пачуццём віны, а ўсё ж лепей яго прапрацоўваць, бо «колькі ж можна ўжо пакутаваць!»

«Гэта як калі вісіць стрэльба ў тваім пакоі – і ты ведаеш, што яна можа стрэліць. І нават калі ты яе здымаеш, то ўсё адно ведаеш, што яна калісьці там была. Тут няма ўніверсальнай парады, як з гэтым абысціся. Але варта гэтую гісторыю асэнсаваць і ўплесці ў гісторыю свайго роду: я ведаю, што ў нас была такая гісторыя, добра, што ён бараніў Радзіму – але ён рабіў і кепскія ўчынкі. Каб было стаўленне не «абы не было вайны», а каб мы рабілі прафілактыку, каб не дапусціць новай вайны, не адседзецца, а спыняць гвалт», – разважае Наталля.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў