У разагнаны Купалаўскі тэатр набралі актораў з Расеі. Але іх усё адно не хапае


За два з паловай гады ў Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы, з якога за падтрыманне пратэстаў звольнілі амаль усю трупу, так і не здолелі знайсці неабходнай колькасці актораў. Пра гэта ў інтэрвʼю газеце «Культура» заявіла актрыса Вольга Няфёдава, якая цяпер з’яўляецца мастацкай кіраўніцай тэатру.

Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы падчас пратэстаў у 2020 годзе.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Нам па-ранейшаму не стае актораў. <…>. Адчуваем патрэбу ў артыстах ад 30 да 60 гадоў. Асноўныя дзейныя асобы ўсёй сусветнай драматургіі належаць менавіта да названага пакалення. Мы збіраем калектыў пакрысе, і для таго неабходна шмат часу – каб у тэатры былі найлепшыя як па таленце, так і па душэўных якасцях», – сказала Няфёдава, цытуе Zerkalo.

Паводле яе, Купалаўскі тэатр таксама карыстаецца «дапамогай актораў з іншых труп, якія з’яўляюцца патрыётамі і сапраўды любяць тэатр».

Пасля таго, як акторы Купалаўскага разам з дырэктарам Паўлам Латушкам у жніўні 2020 года падтрымалі пратэст супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў, у тэатры пачаліся рэпрэсіі. У трупе засталося толькі дзевяць актораў са старога складу, а сама ўстанова спыніла сваю працу.

У сакавіку 2021 года тэатр аднавіў дзейнасць. Праз кастынгі ў трупу сталі набіраць новых актораў: як прафесіяналаў (з тэатраў Бабруйску і Пінску), так і студэнтаў. Адбылося прынамсі восем кастынгаў. Але, не знайшоўшы беларускіх выканаўцаў, у Купалаўскі паклікалі актораў з Расеі. Паколькі яны не вывучалі беларускую мову, у тэатры ставяць пластычныя спектаклі без слоў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў