Пагроза землятрусу: чаму ў Турцыі нікога не папярэдзілі


Серыя магутных землятрусаў на мяжы Турцыі і Сірыі забрала мноства чалавечых жыццяў і нанесла вялізную шкоду рэгіёну. Лік загінулых вядзецца на тысячы, параненых – на дзясяткі тысячаў. Разбіраемся, ці можна было папярэдзіць людзей аб пагрозе, каб яны паспелі ўратавацца.

Пошукава-выратавальныя аперацыя ў Алепа, Сірыя. 8 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Паводле маштабаў разбурэнняў і колькасці ахвяраў ды пацярпелых землятрус 6 лютага 2023 года ўжо ўвайшоў у дзясятку самых смяротных падобных катастрофаў XXI стагоддзя.

Моцных падземных штуршкоў было два, і яны доўжыліся не больш за мінуту кожны. Адзін з відавочцаў катастрофы, Дзмітрый, распавёў «Белсату», што запомніў, як ад калатнечы люстра хісталася так, што амаль білася аб столь. Хаця гэта ўсё адбывалася ў кватэры амаль за 250 км ад цэнтру землятрусу.

Паведамляецца таксама, што ніякая сістэма папярэджвання ў момант землятрусу не спрацавала. Пры гэтым з лета 2022 года турэцкія ўлады тэставалі новую сістэму папярэджання, і тады «ва ўсіх лямантавалі тэлефоны», што выклікала раздражненне ў турыстаў, якія дэманстравалі яго ў сацыяльных сетках і на форумах. Але ў дзень «Х» сістэма не спрацавала.  Гэта выклікала новую хвалю абурэння – «чаму не папярэдзілі». Аднак праблема тут не бюракратычнага, а сутнаснага зместу.

На што здольныя сістэмы папярэджання аб землятрусах

Землятрусы – вялікая праблема для ўсяго чалавецтва. Найбольш сейсмічна актыўным лічыцца так званы «вогненны пярсцёнак» вакол Ціхага акіяну. Калі правесці ўмоўнае кола, пачынаючы ад узбярэжжа Камчаткі, праз Японію, Інданезію і Новую Зеландыю, а затым па заходнім узбярэжжы Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, то яно пройдзе па мясцінах, дзе за год адбываецца найбольш землятрусаў і дзе размяшчаецца ¾ дзейсных вулканаў.

Межы тэктанічных плітаў і зафіксаваныя 7 лютага землятрусы. Скрыншот мапы: US Geological Survey / earthquake.usgs.gov

На стварэнне больш-менш эфектыўнай сістэмы як мага больш ранняга, але дакладнага папярэджання аб землятрусе кінутыя вялікія высілкі. Самымі эфектыўнымі лічацца сістэмы, створаныя ў Японіі і ЗША.

Японская Сістэма папярэджання аб землятрусах (Earthquake warning system, EEW) працуе з 2007 года, за гэты час урад Японіі прыводзіў яе ў дзеянне 130 разоў. Яна складаецца з двух падсістэмаў: адна – для папярэджання насельніцтва, другая – для патрэбаў Японскай метэаралагічнай агенцыі.

Галоўныя задачы, якія вырашае японская сістэма, – адсачыць высокую пагрозу пачатку моцнага землятрусу і паведаміць пра гэта насельніцтву ды адпаведным дзяржаўным службам за некалькі хвілінаў да моцнай хвалі.

У сістэме больш за 4000 сэнсараў і аналітычныя вылічальныя цэнтры. Сейсмолагі даўно ўжо высветлілі, што пры моцным землятрусе спачатку ідуць папярэднія слабейшыя, але больш хуткія так званыя P-хвалі. Праз кароткі прамежак часу ад цэнтру землятрусу разыходзяцца больш моцныя, але адносна павольныя S-хвалі, якімі суправаджаюцца зрухі зямной кары. Японская сістэма папярэджання спрацоўвае на P-хвалі пэўнай амплітуды і выдае папярэджанне. Сярэдняя хуткасць руху S-хваляў – 3 км/сек.

Паводле апытанняў, каля 65 % японцаў лічаць такую сістэму эфектыўнай. Мець магчымасць атрымаць папярэджанне за хвіліну ці дзве да сейсмічнага ўдару і паспрабаваць паспець зрэагаваць усё ж такі лепей, чым не мець ніякага папярэджання. Апроч таго, на сігнал сейсмічнай трывогі паспявае адрэагаваць аўтаматыка чыгункі, энергетыкі, заводаў, нафта- і газаправодаў ды іншых важных аб’ектаў інфраструктуры. Паспяваюць нават зрэагаваць аўтаматычныя механізмы спынення ліфтаў. Гэта не адмяняе землятрусу, але дазваляе пазбегчы вялікай колькасці ахвяраў і паменшыць эканамічную шкоду.

Падобным чынам уладкавана і амерыканская сістэма ранняга папярэджання аб землятрусах «ShakeAlert». Яе фінансаванне і разгортванне пачалося ў 2006 годзе ў чаканні «вялікага штуршка». Так называюць тут гіпатэтычны  моцны землятрус, пра імавернасць узнікнення якога сейсмолагі папярэджваюць усё настойлівей.

«ShakeAlert» не выдае прагнозы землятрусаў, а спрабуе ідэнтыфікаваць сейсмічную падзею і выдаць папярэджанне яшчэ да таго, як людзі адчуюць страсенне зямлі і будынкаў. Мэта гэтых папярэджанняў – зноў-такі, даць некалькі хвілінаў каб рэагаваць на на землятрус, які ўжо пачаўся, людзям і аўтаматам адключэння крытычнай інфраструктуры.

Від на будынак пасля землятрусаў. Хатай, Турцыя. 7 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Пры гэтым адзначаецца, што мясцовасці, размешчанай над эпіцэнтрам землятрусу, папярэджанне можа і не паспець дайсці да пачатку моцнай калатнечы, але людзі ў больш аддаленых месцах паспеюць, можа быць, зрабіць нейкія захады. Апроч Японіі і ЗША сістэмы папярэджання аб землятрусах створаныя ў Тайвані, Мексіцы, Кітаі і Карэі. Абмежаваныя версіі такіх сістэмаў разгортваюць Італія, Румынія і якраз Турцыя. Вядуцца працы ў Індыі, Ізраілі ды Чылі.

Усе гэтыя высілкі пакуль што даюць магчымасць зафіксаваць пачатак землятрусу і паспець папярэдзіць пра яго за некалькі імгненняў да таго, як людзі адчуюць штуршкі фізічна.

Яшчэ з часу СССР праблему ранняга папярэджання аб землятрусах даследуюць у Расеі. Рубэн Татэвасян, намеснік дырэктара ў пытаннях інжынернай сейсмалогіі і ацэнкі сейсмічнай небяспекі Інстытуту фізікі Зямлі Расейскай акадэміі навук, катэгарычны ў ацэнках вынікаў працы сусветнай каманды сейсмолагаў. Ніводная з сістэмаў, што маецца на планеце, не здольная даваць прагнозы, яны толькі фіксуюць пачатак землятрусу.

«Прагноз землятрусу на сёння – навуковая распрацоўка, ён не прыдатны да практычнага выкарыстання. Ці трэба гэтым займацца? Хутчэй што, так. Рак таксама не лечыцца, але ж ніхто на гэтай падставе не адмаўляецца ад даследаванняў і інвестыцыяў у лячэнне раку», – цытуюць «Новые Известия» Рубэна Татэвасяна.

Паводле Татэвасяна, навукоўцы ўжо «даволі неблага навучыліся вызначаць не канкрэтную сейсмічную падзею, магнітуду, час і месца, дзе яна адбудзецца, а тое, якія сейсмічныя ўздзеянні можна чакаць на той ці іншы абʼект». Навуковец кажа, што працы для вызначэння названых уздзеянняў праводзяцца «не на ўсе выпадкі жыцця, а для аб’ектаў крытычнай інфраструктуры», кшталту трубаправодаў і атамных станцыяў.

Выйграюць у землятрусу толькі некалькі хвілінаў

Дзясяткі тысяч сейсмічных сэнсараў і сотні сейсмічных станцыяў ва ўсім свеце ўжо дзесяцігоддзямі фіксуюць інфармацыю аб землятрусах і назапасілі значны масіў звестак, аналіз якіх, здавалася б, мог бы пасунуць чалавецтва бліжэй да развязання задачы навучыцца дакладна папярэджваць аб землятрусе хаця б за хвілін пятнаццаць, а лепей – за гадзіну да яго пачатку. Але сейсмолагі адзначаюць, што спатрэбіцца яшчэ больш сэнсараў і яшчэ больш часу для назапашвання звестак пра землятрусы, каб пачаць ствараць матэматычныя мадэлі, здольныя выдаваць больш-менш працяглыя і дакладныя прагнозы.

Апроч таго, трэба пераадольваць праблему якасці вымярэнняў, разабрацца, што вымяраць. Замераў адной толькі магнітуды і балаў па шкале Рыхтэра будзе мала, каб зразумець, што адбылося, і прадказаць, што адбудзецца. А вось замеры па шкале інтэнсіўнасці землятрусаў даюць сейсмолагам больш фактаў для аналізу, але ўсё яшчэ не дастаткова.

Паводле выдання «Vox», сёння сейсмолагі пачынаюць усё актыўней даследаваць хуткасць і кірункі, у якіх рухаліся ўчасткі зямной кары падчас землятрусаў. Вызначаюць, якой была сярэдняя і пікавая хуткасць гэтых зрухаў і фіксаваць іх. Назапашванне такіх звестак дазволіць дакладней зразумець, якія глыбінныя працэсы адбываюцца пад зямной карой і як гэтыя працэсы адбіваюцца на паверхні.

Развязанню задачы дапамагаюць і геалагічныя даследаванні, бо зямная кара не аднародная, яна складаецца з неаднародных пластоў. Розныя ўчасткі зямной кары вядуць сябе па-рознаму ва ўмовах землятрусу адной і той жа магнітуды. Зноў-такі, пры аднолькавай магнітудзе можа быць розны характар разбурэнняў на паверхні. Даследаванне большай колькасці параметраў дазволіць хаця б зразумець, чаму гэта адбываецца так, а не інакш. Але гэта разуменне наўрад ці адбудзецца заўтра або бліжэйшымі гадамі.

Жыццё ў сейсмічна актыўных зонах

Прычына землятрусаў у тым, што зямная паверхня складаецца з мноства вялікіх кавалкаў, тэктанічных плітаў. Гэтыя цвёрдыя пліты літаральная плаваюць у схаваным пад паверхняй зямлі акіяне вадкага агню, магмы. Пліты труцца адна аб адну краямі, налазяць адна на адну, і здараецца, што па лініі сутыкнення гэтых плітаў (гэта месца называецца разломам) вызваляецца энергія, якая назапашвалася тысячы і нават мільёны гадоў.

Сейсмолагі зазначаюць: праблема ў тым, што працэс назапашвання энергіі марудны, і яна назапашваецца на шырокай прасторы, а вось вызваляецца хутка і ў даволі вузкім плошчаю месцы. Моцны землятрус рухаецца як замок на зашпільцы-маланцы, выклікаючы хваляванні вакол сябе.

Сейсмічная актыўнасць у месцы землятрусу 6 лютага ў Турцыі. Скрыншот мапы: US Geological Survey / earthquake.usgs.gov

Паводле Геалагічнай службы ЗША, праз тэрыторыю Турцыі праходзяць аж дзве лініі тэктанічнага разлому, і тут увесь час штурхае.  Толькі 6 лютага было зафіксавана больш за 60 землятрусаў магнітудаю вышэй за 2,5. Два штуршкі аказаліся значна больш магутнымі за іншыя. Рэгіён землятрусаў, якія нарабілі столькі бяды і шкоды Турцыі і Сірыі, лічыцца сейсмічна актыўным. Моцныя падземныя штуршкі ў Турцыі не частыя, але здараюцца. У лістападзе 2022 тут быў землятрус магнітудай 5,9, а ў 2020 годзе – магнітудай 7,0 у Эгейскім моры на мяжы з Грэцыяй. Аднак непасрэдна ў месцы землятрусу такога не было прыблізна 200 гадоў.

Hавiны
Час землятрусу і слабыя будынкі. Эксперт растлумачыў вялікі лік ахвяраў бедства ў Турцыі
2023.02.07 11:56

Паводле амерыканскіх сейсмолагаў, землятрус 6 лютага адбыўся таму, што два ўчасткі зямной кары прасунуліся адзін паўз другога ў гарызантальным кірунку праз лінію разлому, што называецца зрухавым разломам. Рух быў імгненным.

Паведамляецца таксама, што Турцыя ў 2000 годзе прыняла новыя нормы будаўніцтва, каб будынкі маглі вытрымліваць землятрусы, але страсенняў зямлі баяцца ўсе старыя збудаванні. «Тыя, што разбурыліся, былі пабудаваныя да 2000 года», – цытуе «Аль-Джазіра» прафесара Басфорскага ўніверсітэту ды Інстытуту даследаванняў землятрусаў у Стамбуле Мустафу Эрдыка.

Што адбылося

У Турцыі 6 лютага адбылася серыя падземных штуршкоў, два з якіх палічылі асобнымі землятрусамі, а астатнія – афтэршокамі пасля іх.

Наймацнейшы ўдар стыхія нанесла ў 4:17 раніцы, калі большасць людзей яшчэ спалі. Прыборы зафіксавалі землятрус магнітудай 7,8, наступны землятрус бліжэй пад абед быў магнітудай 7,6.

Намётавае мястэчка ў Кахраманмарасе, Турцыя. 8 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Паводле інфармацыі Еўрапейска-Міжземнаморскага сейсмалагічнага цэнтру (EMSC), цэнтр першага землятрусу быў зафіксаваны на глыбіні 20 км ля Газі’антэпу, гораду з мільённым насельніцтвам цэнтр другога – на глыбіні 10 км ля іншага турэцкага гораду, Эльбістан. У Сірыі землятрус учыніў вялікія разбурэнні ў памежнай з Турцыяй правінцыі Алепа.

На момант выхаду гэтага матэрыялу было вядома пра гібель каля 11,5 тысячаў чалавек, больш за 50 тысячаў параненыя, зруйнаваны каля 6200 будынкаў, з-пад завалаў дасталі каля 8000 чалавек. Ліквідацыя наступстваў прыроднай катастрофы будзе каштаваць мільярды долараў.

Агляд
Топ-10 самых смяротных землятрусаў ХХІ стагоддзя. Пасля іх раслі горы і з’яўляліся азёры
2023.02.07 18:51

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў