Уночы на мяжы Сірыі і Турцыі адбыўся землятрус. Каля 200 асобаў загінулі


Моцны землятрус магнітудай 7,9 адбыўся 6 лютага ў цэнтральнай частцы Турцыі і на паўночным захадзе Сірыі, у выніку чаго дзясяткі людзей загінулі і сотні атрымалі раненні, піша «Reuters».

Землятрус у Турцыі.
Фота: hurriyetdailynews.com

Землятрус, які адбыўся ўночы, таксама адчуваўся на Кіпры і ў Ліване.

Турэцкае агенцтва надзвычайных сітуацыяў заявіла, што 76 чалавек загінулі і 440 атрымалі раненні. Улады выклікалі ратавальныя каманды і самалёты забеспячэння ў ваколіцы гораду Кахраманмараш, абвясціўшы пры гэтым «трывогу 4-га ўзроўню», якая патрабуе міжнароднай дапамогі.

Сірыйскія дзяржаўныя медыі паведамілі, што ў правінцыі Алепа абрынулася вялікая колькасць будынкаў, а крыніца ў грамадзянскай службе Хамы паведаміла, што там таксама абрынуліся будынкі. Паведамляецца пра 111 ахвяраў і каля 500 параненых у Сірыі.

Паводле відавочцаў, людзі ў Дамаску і ў ліванскіх гарадах Бэйрут і Трыпалі выбеглі на вуліцу і селі ў свае аўтамабілі, каб адысці ад будынкаў на выпадак іх абвальвання.

«Усе сядзяць у сваіх аўтах або спрабуюць выехаць на адкрытую прастору далей ад будынкаў. Я думаю, што ніводнага чалавека ў Газі’антэпе цяпер няма ў сваіх дамах», – сказаў Эрдэм, жыхар турэцкага гораду Газі’антэп.

Трасенне доўжылася каля хвіліны. Ёсць паведамленні пра абвал дамоў у турэцкіх гарадах Дыярбакыр, Шанлыўрфа і Асманіе.

Нямецкі даследчы цэнтр навук аб Зямлі (GFZ) заявіў, што землятрус адбыўся на глыбіні 10 км, а служба маніторынгу EMSC заявіла, што ацэньвае рызыку цунамі. Геалагічная служба ЗША (USGS) паведаміла пра серыю новых землятрусаў пасля першапачатковага штуршка, магнітуда якога ацэньваецца на 7,8. У Газі’антэпе адбыўся землятрус магнітудай 6,7, а непадалёк гораду Нурдагы – 5,6.

Управа ў справе ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і надзвычайных сітуацыяў Турцыі (AFAD) ацаніла магнітуду землятрусу як 7,4 непадалёк Кахраманмарашу і Газі’антэпу, што каля сірыйскай мяжы. Падземныя штуршкі таксама адчуваліся ў сталіцы Турцыі Анкары, за 460 км ад эпіцэнтру, і на Кіпры, дзе паліцыя не паведаміла аб пашкоджаннях.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў