Як адчуваўся землятрус магнітудай 7,8 за 250 км ад эпіцэнтру. Аповед беларуса з Турцыі


Два магутныя землятрусы адбыліся 6 лютага ў Турцыі блізу мяжы з Сірыяй: штуршкі адчувалі нават у Грузіі, Арменіі і Чачэніі. Лік ахвяраў ужо перавысіў 2 тыс. чалавек. Беларус Дзмітрый расказаў «Белсату», як ён перажыў гэты землятрус у Мэрсіне – турэцкім горадзе за 250 км ад эпіцэнтру.

Жыхары Мэрсіну распальваюць вогнішчы на пустках. Турцыя. 6 лютага 2023 года.
Фота: Чытач «Белсату» / мясцовы чат

На мапах, дзе пазначаюць наступствы землятрусу 6 лютага, Мэрсін – горад на беразе мора з насельніцтвам як палова Менску – часцей за ўсё не трапляе нават у зону лёгкіх штуршкоў. Але гэта адносна: Турцыя перажывае наймацнейшыя за 90 гадоў землятрусы, магнітуду начнога ацэньвалі як 7,8, а таго, што быў днём, як 7,7. На адлегласці, большай як ад Менску да Віцебску, землятрус усё яшчэ адчуваўся моцна.

Дзмітрый, які жыве ў Мэрсіне, расказвае «Белсату», што прачнуўся а 4:26 раніцы (паводле турэцкага часу) ад таго, што «вельмі моцна хістала». Пабеглі з жонкай да малой дачкі ў суседні пакой, але «рухаліся нібы п’яныя, трымаючыся за сцяну». Свяцільнік на столі хістаўся так, што амаль датыкаўся да столі, а шафы грукалі аб сцены. Значных разбурэнняў у горадзе не было, але сям’я ўсё адно з’ехала як мага далей ад землятрусу:

«Страшна проста, – тлумачыць Дзмітрый. – Першы раз заспелі землятрус. Схапілі самае неабходнае – у машыну і «па тапках», як кажуць».

Як згадвае Дзмітрый, выбягаць на вуліцу не вельмі хацелася: ліў дождж, быў моцны вецер, абвяшчалі штармавое папярэджанне. Будынкі ў тым раёне такія, што хавацца ад землятрусу варта хіба на лесвічных пляцоўках, у дзвярных праёмах ці проста пад сталамі. Пакуль Дзмітрый зразумеў, што адбываецца, выявілася, што паўдома ўжо на вуліцы, нягледзячы на надвор’е.

У ягоным раёне людзі самі арганізаваліся: паставілі намёты і распалілі вогнішчы на пустках, сядзяць «камунамі» на раскладных крэслах. У дамах мала хто заставаўся, большасць сядзела на вуліцы.

Hавiны
Беларусь адправіць у Турцыю ратавальнікаў для разбору завалаў пасля магутных землятрусаў
2023.02.06 20:41

Дзмітрыю не паступалі SMS ці тэлефанаванні аб пагрозе землятрусаў, але ён згадвае, што ў некаторых частках гораду ездзілі аўты з гукаўзмацняльнікамі і папярэджвалі пра землятрус. Але праз чаты інфармацыя разыходзілася хутка, расказвае ён і паказвае фота табліцы з пунктамі, дзе можна перачакаць бедства: у школах раздавалі ежу, пітво і коўдры. Дый сам Дзмітрый быў падрыхтаваны: чытаў пра землятрусы, бо ведаў, куды едзе.

Ранкам павезлі дачку ў садок, згадвае суразмоўца, але той быў зачынены. Высветлілася, што і добра: днём быў наступны землятрус. Сям’я выехала з Мэрсіну каля 16-й гадзіны, каля 20-й знайшлі гатэль, хоць на папулярных сэрвісах амаль усе месцы былі занятыя аж да Антальі, што за 600 км ад эпіцэнтру. На запраўках былі чэргі «з 10 машынаў на калонку».

«Самае важнае цяпер – разумець, як доўга будзе трэсці і калі скончыцца, каб мець магчымасць планавання, – кажа Дзмітрый. – У прыватным садку паведамілі, што ўвесь тыдзень працаваць не будуць. Як і ўсе дзяржаўныя навучальныя ўстановы, напэўна».

Ды прагназаваць землятрусы цяжка: навукоўцы добра разумеюць, дзе яны могуць адбыцца, але не могуць прагназаваць, калі яны адбудуцца ў кароткай перспектыве. Сілы, якія выклікаюць землятрусы, узнікаюць павольна на велізарнай тэрыторыі і назапашваюцца мільёнамі гадоў, але хутка распаўсюджваюцца на вузкую вобласць. Хіба пасля першых штуршкоў можна разлічыць, наколькі імаверныя наступныя.

Абноўлена
Пасля землятрусу ў Турцыі знікла беларуска з сям’ёй
2023.02.06 19:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў