Святлана Ціханоўская расказала пра вынікі першага дня візіту ў Варшаву


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 8 студзеня пачала візіт у Варшаву, сустрэлася з прэзідэнтам польскай сталіцы, міністрамі замежных і еўрапейскіх справаў Польшчы, правяла сустрэчу Аб’яднанага пераходнага кабінету. Аб выніках прадстаўнікі Кабінету расказалі вечарам у Музеі вольнай Беларусі.

Святлана Ціханоўская слухае выступы калег па Аб’яднанаму пераходнаму кабінету перад прадстаўнікамі медыя. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

8 студзеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім, міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім (якога яна ўганаравала Крыжам Добрасуседства) і з міністрам еўрапейскіх справаў Польшчы Адамам Шляпкам, міністрам адукацыі і навукі Дарыюшам Вечоркам, а таксама правяла паседжанне Аб’яднанага пераходнага кабінету. Міністру Сікорскаму, адзначыла Ціханоўская, не трэба нават тлумачыць беларускую сітуацыю – той супрацьстаіць дыктатуры шмат гадоў.

«У нашай працы нам патрэбныя моцныя саюзнікі, і менавіта Польшча такім саюзнікам з’яўляецца», – адзначыла Ціханоўская.

На сустрэчах з польскімі партнёрамі, расказала Ціханоўская, размаўлялі пра падтрымку беларускіх арганізацыяў за мяжою і беларускіх медыяў, пра стыпендыі і стажыяванні для беларусаў за мяжою, пра больш эфектыўную санкцыйную палітыку. На наступны дзень на адпаведных сустрэчах будуць падымаць таксама пытанні легалізацыі беларусаў у Польшчы.

Ціханоўская расказала, што на паседжанні Кабінету абмеркавалі планы на 2024 год. Перш за ўсё Кабінет працягвае шукаць шляхі да вызвалення палітвязняў. Сёлета Кабінет плануе вялікую кампанію папулярызацыі еўрапейскага выбару сярод беларусаў, працягвае займацца праектам «пашпарту Новай Беларусі», кампаніямі за прыцягненне да адказнасці злачынцаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і непрызнання ягоных выбараў.

Святлана Ціханоўская выступае перад прадстаўнікамі медыя пасля яе сустрэчы з прадстаўнікамі польскага боку і паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Намеснік кіраўніцы Кабінету, прадстаўнік у пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка падкрэсліў, што Польшча – найважнейшы партнёр дэмакратычных сілаў Беларусі і будзе «першай брамай» уваходу Беларусі ў Еўразвяз. У Польшчы, заўважыў ён, жыве звыш 200 тысяч беларусаў, і падзякаваў палякам за салідарнасць з беларускім народам. У тым ліку ў супрацы з польскімі партнёрамі Латушка плануе працаваць над удасканаленнем санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і прыцягнення вінаватых да адказнасці, як то праз Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Прадстаўніца Кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык нагадала, што 2024 год Кабінет абвесціў «Годам беларускай нацыянальнай традыцыі», будзе імкнуцца стварыць Беларускі нацыянальны ўніверсітэт і Інстытут беларускай мовы, а таксама іншымі пытаннямі адукацыі; шукаць шляхі падтрымкі беларускай культуры (так, з прэзідэнтам Варшавы размаўлялі ў тым ліку пра патэнцыйную пляцоўку для беларускіх тэатраў).

Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Волга Гарбунова выступае перад прадстаўнікамі медыя пасля паседжання Абʼяднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Прадстаўніца Кабінету па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова расказала пра працу ў напрамку палітвязняў – а гэта не толькі пошук шляхоў вызвалення, але і падтрымка палітвязняў і іхных сваякоў. На 2024 год плануюць кампаніі па прыкладзе леташняга марафону салідарнасці, у тым ліку міжнародныя, каб не даць свету забыць пра зняволеных і іхных блізкіх.

Прадстаўнік Кабінету па замежных справах Валер Кавалеўскі нагадаў «магістральныя накірункі»: непрызнанне рэжыму Лукашэнкі, санкцыйны ціск, пошук новых партнёраў і «адабранне прасторы» ў рэжыму ў вонкавых стасунках, распрацоўка шляхоў вызвалення Беларусі ад дыктатуры і ад расейскага ўплыву. Прагрэс ёсць не толькі ў міжнародных стасунках, а і ў пытаннях легалізацыі беларусаў за мяжою і з «пашпартам Новай Беларусі», ды з гэтымі напрамкамі будзе яшчэ шмат працы ў 2024 годзе.

Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі выступае перад прадстаўнікамі медыя пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

На сустрэчы меўся прысутнічаць таксама прадстаўнік Кабінету па абароне Валерый Сахашчык, ды ён не паспеў прыехаць з Украіны да пачатку прэс-канферэнцыі.

9 студзеня разам з прэзідэнтам Анджэем Дудам Ціханоўская правядзе прыём для беларускай супольнасці ў Польшчы з нагоды святаў, што ўжо зрабілася традыцыяй. Таксама яна правядзе сустрэчы з групамі «сяброў Беларусі» ў польскіх Сейме і Сенаце, з маршалкам Сейму, з міністрам адукацыі Польшчы, з прадстаўнікамі беларускіх ініцыятываў у Польшчы.

Hавiны
Святлана Ціханоўская ўручыла «Знак Гонару» кіраўнікам «Белсату»
2024.01.08 11:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў