Яраслаў Раманчук пра адказ уладаў на заходнія санкцыі: «Спроба пакараць самога сябе»


Беларускі рэжым канчаткова вызначыўся з адказам на пяты пакет санкцыяў. Ужо праз чатыры тыдні будуць уведзеныя абмежаванні на імпарт заходніх тавараў і харчовых прадуктаў. Пра тое, як гэта адаб’ецца на звычайных грамадзянах, у праграме «Студыя Белсат» распавёў эканаміст Яраслаў Раманчук.

На думку эканаміста, беларускія санкцыі ўдараць у першую чаргу па самой Беларусі і ейных грамадзянах.

«Імпартазамяшчэнне, па сутнасці, з’яўляецца спробай, як кажуць, разбурыць Бабруйск, то бок пакараць самога сябе. Безумоўна, спажывецкія тавары ды нейкае адзенне, а таксама крамы, якія ёсць у Менску, я думаю, падпадуць пад санкцыі, бо Беллёгпрам скажа, што і так можа адшываць. Таму гэтага не будзе».

Паводле Яраслава Раманчука, трапленне пад санкцыі замежных кампаніяў будзе залежыць ад таго, як яны адносяцца да беларускай апазіцыі ды рэжыму Лукашэнкі. Адсочваць сітуацыю на месцы і падаваць спісы ў Менску будуць прадстаўнікі амбасадаў Беларусі. Аднак і такая акалічнасць не створыць дэфіцыту тавараў у краіне.

«Я выключаю магчымасць дэфіцыту тавараў у нашай краіне. Будзе, безумоўна, меншы спажывецкі выбар, тыя крамы, якія арыентаваліся на замежныя брэнды, будуць мець праблемы».

У гэты ж час, на думку эксперта, у Беларусі ўзрасце колькасць кантрабандных тавараў.

«Беларусь – краіна кантрабанды, з усіх межаў і крыніцаў пойдзе, проста гэтая кантрабанда будзе «крышавацца» людзьмі ў пагонах, якія паказалі лаяльнасць рэжыму. Калі будзе ісці гаворка пра тое, як грошы зарабіць, я думаю, гэтая лаяльнасць знікне. Бо, як кажуць, у кішэні павінна каб звінела».

ВК, Belsat

Стужка навінаў