«Катавалі электрашокерам». Сваякі мігрантаў распавялі «Белсату» пра здзекі з іх родных


Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны, які перабывае зараз у сталіцы Курдыстану Эрбілі, у эфіры праграмы «Студыя Белсат» распавёў пра тое, як сёння сваякі і блізкія мігрантаў сустракалі чарговы эвакуацыйны рэйс з Беларусі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, самалёт з Менску здзейсніў пасадку ў аэрапорце Эрбілю, у выніку чаго на радзіму вярнуліся 417 чалавек. З сярэдзіны лістапада гэта ўжо восьмы эвакуацыйны рэйс для мігрантаў.

«Людзі выходзілі невялікімі групамі, бо лётнішча ў Эрбілі выглядае такім чынам, што зала сустрэчаў аддаленая ад самога лётнішча, туды пасажыраў давозяць адмысловыя аўтобусы. Гэта зроблена ў мэтах бяспекі, бо лётнішча з’яўляецца таксама і вайсковым».

У зале сустрэчаў, акрамя здымачнай групы «Белсату», прысутнічалі і родныя мігрантаў. Некаторыя з іх паведамілі, што ажно некалькі дзён чакалі сваіх сваякоў у аэрапорце.

«Мы размаўлялі з людзьмі, якія прыйшлі сустракаць сваіх блізкіх. Вялікая азлобленасць ёсць у іх, што гучыць у адносінах да Беларусі афіцыйнай, а таксама да гэтак званых сілавікоў, якія вельмі жорстка абыходзіліся з іх блізкімі. Бо ўсе гэтыя сведчанні яны таксама мелі ад іх праз інтэрнэт і праз відэасувязь. Гаварылі пра тое, што начавалі некалькі дзён на лётнішчы. З іх проста здзіралі грошы ва ўсёй гэтай сітуацыі, кошты адразу падвышаліся ў шмат і шмат разоў, і гэта рабіла шмат праблемаў, не кажучы ўжо пра збіванні і катаванні. І калі хтосьці адмаўляўся падпісваць паперы, напрыклад, на дэпартацыю, то катавалі электрашокерам, як прызнаваўся нам у размове адзін са сведкаў, які вярнуўся з Беларусі».

Паводле былых мігрантаў, якія ўжо вярнуліся ў Курдыстан, беларускія сілавікі ўвесь час іх збівалі, не абыходзіў такіх лёс нават непаўналетніх. Адной з такіх гісторыяў з «Белсатам» падзяліўся 16-гадовы Махамед Джахер.

Hавiны
«Беларусы білі нас». Сведчанні мігрантаў, якія вярнуліся ў Ірак з Беларусі
2021.12.07 19:06

Чарговы рэйс для мігрантаў з Беларусі запланаваны на 8 снежня, на яго зарэгістраваныя каля 400 чалавек.

Здымачная група «Белсату» будзе і надалей працягваць працаваць з Эрбілю і распавядаць пра сапраўднае жыццё мігрантаў у Беларусі і на мяжы.

ВК, Belsat

Стужка навінаў