Беларускае МЗС: Звестак пра пацярпелых грамадзянаў Беларусі падчас атак на Ізраіль няма


Паводле заявы беларускага Міністэрства замежных справаў, ведамства не мае інфармацыі аб пацярпелых беларусах падчас маштабнай атакі на Ізраіль з боку групоўкі «Хамас».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынскія баевікі спалілі бронемашыну, якая належыць ізраільскім сілам ля сектару Газа. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ashraf Amra / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

У паведамленні, якое з’явілася ў Telegram-канале МЗС Беларусі, адзначаецца, што пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве засаецца ў кантакце з кампетэнтнымі органамі Ізраілю і пастаянна адсочвае сітуацыю.

Акрамя таго, МЗС Беларусі выказала «сур’ёзную заклапочанасць у сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі, якое суправаджаецца чалавечымі ахвярамі», і заклікала бакі супрацьстаяння прыняць тэрміновыя захады для дээскалацыі напружанасці ў рэгіёне.

Таксама ведамства дае тэлефон беларускага пасольства для экстраннай сувязі: +972 50 521 48 19.

Нагадаем, сёння раніцай групоўка «Хамас» абвесціла пачатак аперацыі «Паводка Аль-Акса» супраць Ізраілю і атакавала краіну ад поўдня да цэнтру больш як 5 тысячамі ракет і снарадаў. На гэты момант паведамляецца пра параненых, забітых і ўзятых у закладнікі цывільных грамадзянах краіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў