У Варшаве загінуў 21-гадовы беларус: ён сарваўся з рыштавання


У Польшчы 5 верасня загінуў беларус, 21-гадовы Раман, які быў у вымушанай эміграцыі з 2022 года. Ён працаваў у Варшаве на будоўлі і падчас выканання работаў сарваўся з вышыні. Пазней стала вядома, што хлопец памёр у рэанімацыі, піша выданне «Most».

Загінулы беларус Раман, які падчас выканання работаў сарваўся з вышыні. Крыніца: _ramonaramona_ / Instagram

Сябры Рамана апавялі выданню, што хлопец працаваў на будоўлі і зваліўся з вышыні чацвёртага паверху. У цяжкім стане яго даставілі ў шпіталь, але ўратаваць не здолелі. Увечары 5 верасня маладзён памёр ад атрыманых траўмаў у рэанімацыі.

Раман родам з Горадні, але вымушана жыў у Варшаве. Ягоны брат Чарлі другі год абараняе Украіну ў якасці добраахвотніка.

Таксама сябры загінулага беларуса просяць дапамагчы ягонай сям’і зарганізаваць пахаванне.

У ліпені ў польскіх Татрах загінуў яшчэ адзін маладзён з Беларусі – Дзмітрый Краўцоў. Ён пайшоў у горы і не вярнуўся на месца пражывання. Пазней стала вядома, што ён загінуў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў