У беларускай кінакрытыкі – клінічная смерць

Мне прапанавалі інтэрв’ю пра кінакрытыку. Я села за тэкст, утаропілася ў пытанні, запарыла гарбаткі, паслухала новыя песні Вайцюшкевіча, пабегала, схадзіла на пошту, схадзіла ў краму, паўзіралася ў акно, пагартала Facebook, пачытала спам, пажурылася над аслабелым плюшчом на балконе, абмеркавала ўсё надзённае, што толькі можна было абмеркаваць, але ўрэшце мне ўсё-ткі давядзецца сказаць: у беларускай кінакрытыкі – клінічная смерць.

Бекстейдж записи новогодней продукции телеканала «Белсат». На снимках – актёры и съемочная группа. Режиссёр – Артём Лобач
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Я, вядома, разумею: шмат для каго тое, што ў Беларусі была кінакрытыка, таксама адкрыццё. Нават частка культурніцкай сферы здзівіліся б: гледзячы хаця б на тое, што абмяркоўваць фільмы пра беларускія пратэсты беларускіх аўтараў на «Прадмове» запрасілі расейскага кінакрытыка. А калі мы сёлета абвясцілі пераможцаў прэміі кінапрэсы «Чырвоны верас», якую зладзілі з трыма калегамі, я, здаецца, здзівіла аднаго журналіста спалучэннем «генерацыя маладых кінакрытыкаў», бо аказваецца, у беларускай кінакрытыцы ёсць розныя пакаленні. У журы нашай прэміі, між іншым, увайшлі 18 чалавек.

Іншыя, наадварот, парыруюць, што гэта і так відавочна: растаў кінапрацэс, такі, які ён у нас быў, знікла і кінакрытыка. Я помню свой хіба апошні прэс-паказ у Беларусі: мы глядзелі «Кураж» Лёшы Палуяна на экране тэлевізара ў чыёйсьці кватэры, і па нас хадзіў кот яе гаспадара. Тады ўжо трэба было хавацца і канспіравацца. Вядома, тое, што пэўны беларускі фільм апрыёры не можа быць паказаны адкрыта і вы ўсёй грамадою не можаце прыйсці на яго ў кінатэатр, а потым распісацца рэцэнзіямі па мясцовых медыях, не проста званочак, а цэлая званіца, што са статусам паўнавартаснага кінакрытыка хутка можна развітацца.

Але мяне пытаюць, чаго сёння не стае беларускай кінакрытыцы, значыць, яе стан трэба ўкласці ў нейкія словы. Не стае новай Беларусі, натуральна.

Такім чынам, зыходзім з таго, што беларуская кінакрытыка была: са сваймі фармаваннямі і працэсамі; з нацыянальнаю секцыяй Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (FIPRESCI); з Гільдыяй кіназнаўцаў і кінакрытыкаў; з кінафэстамі, праграмы якіх ладзілі акурат знаўцы кіно; з пляцоўкамі, дзе можна было выпадкова перасячыся; са сваёй узнагародаю на кінафестывалі «Лістапад» – гэта чамусьці быў «Саламяны зубр»; з медыямі, дзе можна было знайсці свежую рэцэнзію; з прысвечаным кіно олдскульным часопісам «На экранах». Дзе гэта ўсё?

Нешта з пералічанага як бы засталося, нікуды не падзеліся і самі крытыкі. А кінакрытыкі больш няма. Часопіс «На экранах» па-ранейшаму выходзіць, праўда, мінулым разам – з наваспечаным «заслужаным артыстам» Русланам Чарнецкім на вокладцы. Кінакрытыкі ж складаюць праграму абноўленага, ідэалагічна выверанага кінафестывалю «Лістапад». На мінулым фэсце, які замест прыватнай кампаніі «АРТ Карпарэйшн» ладзіў ужо «Беларусьфільм», нават працавала журы кінапрэсы, але хто ўвайшоў у яго склад, на сайце фэсту чамусьці не напісалі.

Людзі трымаюць плакаты з фотаздымкамі Максіма Знака і Марыі Калеснікавай падчас паказу стужкі «Кураж» Аляксея Палуяна ў Варшаве, Польшча. 8 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

У «афіцыйным» сектары цяпер ужо раскіданага пазла кінакрытыка акурат сябе захавала, у параўнанні з недзяржаўным блокам, можа быць, нават больш паспяхова. Толькі ці магчымая прадзяржаўная кінакрытыка ў таталітарнай краіне? Ці гэта ўжо называецца неяк інакш, скажам, вузкім гледачом «Беларусьфільму»? Я б не давярала журы кінапрэсы на фестывалі, дзе золата бярэ фільм, сярод вытворцаў якога – арганізатар фестывалю (гэтак «Лістапад» мінулым разам узнагародзіў узбекскую стужку «Ілхак» як нічога ніякага). Я б не давярала тым, хто апрыёры не згадае стужак «Кураж» і «Калі кветкі не маўчаць».

Я неяк, працуючы ў «Звяздзе», напісала разгромную рэцэнзію на бязглузды фільм «Не гульня», зняты Нацыянальнаю кінастудыяй у супрацы з Міністэрствам абароны. І рэдакцыя пастанавіла яе не публікаваць: Міністэрства культуры з «Беларусьфільмам» можна было крытыкаваць, а Міністэрства абароны, значыць, непажадана. Альбо тэкст атрымаўся нізкай якасці – трэба мець на ўвазе ўсе варыянты. Тады я апублікавала рэцэнзію на «Свабодзе», для якой перыядычна пісала пра кіно. Бо якія-кольвек штучныя абмежаванні на тваю выбарку – пра што казаць, а пра што не – ставяць твой статус пад пытанне. Таму часопісу з Чарнецкім на вокладцы я б, напэўна, не разгортвала.

Што да неафіцыйнага сектару, то яго раскідала па розных краінах, усе займаюцца хто чым, у тым ліку справамі, звязанымі з кіно, але ніводнага слова, якое б іх аб’яднала, я прыдумаць не магу. Сама я ўжо не памятаю, калі мінулы раз пісала рэцэнзію, было гэта сёлета ці летась. Не магу ўявіць, што беларускаму чытачу я магу нешта параіць, апроч фільмаў, якія перагукаюцца з рэчаіснасцю, і стужак пра Нюрнбэрг, які асабіста чакаю. Я не магу стала пісаць пра беларускія фільмы – яны здараюцца рэдка, а ранейшыя пляцоўкі для кінакрытычных тэкстаў неактыўныя. Я не магу пісаць пра тое, што ідзе ў беларускім пракаце – пра тыя мульцікі і прахадныя стужкі пяцігадовай даўніны. Я, напэўна, магла б напісаць пра «Шэрага чалавека» пасля ягонай прэм’еры на «Netflix», але пісаць пра фільм проста таму, што ёсць такая лагічная магчымасць, карціны хіба не зменіць, а ў мяне шмат іншай працы.

Цяпер ужо не начытаешся рэцэнзіяў на Tut.by ці ў «Звяздзе», а «Беларусский журнал» увогуле больш не існуе. Ясна, што гэты нетрывалы пазл разам з нядужаю кінасфераю мусіў разваліцца пад ажно такім ветрам пераменаў. Нетрывалы, бо інакш не можа быць з безграшоваю сфераю: каб быць кінакрытыкам у Беларусі, трэба было абавязкова быць кімсьці яшчэ. І не толькі ў Беларусі. Згадваю, як перад уступнымі экзаменамі на кіназнаўства ў Інстытуце кіно і тэлебачання ў Санкт-Пецярбурзе будучая майстарка групы рацыянальна параіла не прыходзіць на іспыты.

Я спадзяюся, я ўсё яшчэ кінакрытык – паводле нейкай няўлоўнай інерцыі, але я, на жаль, больш не частка беларускага кінакрытычнага працэсу. Можа быць, гэта добра, бо інакш бы мне давялося неяк адгукацца на серыял «Акрэсціна» і стужку «Дамоклаў меч» Юрыя Ялхова з Вераю Паляковай у галоўнай ролі, а не. Не-не-не.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў