Польшча праверыць, ці не мелі беларусы, падазраваныя ў арганізацыі падпалаў, візаў PBH


Камісія па расследаванні візавага скандалу ў Польшчы будзе правяраць, ці маглі беларусы і іншыя замежнікі, якіх затрымалі па падазрэнні ў падрыхтоўцы дыверсіяў, уехаць у краіну па візах праграмы Poland Business Harbour, піша польскі партал Business Insider.

Польская віза ў пашпарце
Польская віза ў пашпарце.
Фота: Белсат

Па ініцыятыве дэпутаткі Сейму Аляксандры Лео камісія накіруе запыт у Міністэрства юстыцыі і Генеральную пракуратуру з просьбай прадставіць інфармацыю пра падазраваных у падрыхтоўцы дыверсіяў у Польшчы. У прыватнасці, камісію цікавіць, ці былі ў затрыманых іншаземцаў візы PBH.

Два беларусы былі затрыманыя 28 траўня ў Прушкуве пад Варшавай. У той жа дзень у варшаўскім мікрараёне Гоцлаў арыштавалі аўтамабіль Renault на беларускіх нумарах. У ім знайшлі пустыя каністры, кабелі, наяўныя грошы ў розных валютах, прадметы, якія нагадваюць батарэі, лом, некалькі тэлефонаў.

Hавiны
Тэрміны – да пажыццёвага зняволення: двух беларусаў у Польшчы падазраюць у дыверсіях
2024.05.29 20:13

Уласнік аўтамабіля – адзін з затрыманых. Паводле BELPOL, гэта мянчук 1987 года нараджэння, баец ММА Сцяпан К. Раней ён быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Другі затрыманы – ураджэнец Баранавічаў Андрэй Б., які з 2010 года служыў міліцыянерам патрульна-паставой службы і быў звольнены 7 ліпеня 2014 года ў сувязі з парушэннямі ўмоваў кантракту. Пазней ваяваў ва Украіне на баку ЗСУ.

Нацыянальная пракуратура Польшчы сцвярджае, што затрыманыя мужчыны ўваходзілі ў арганізаваную злачынную групу, якая мела ад расейскіх спецслужбаў заданне падрыхтаваць дыверсіі. У прыватнасці, іх падазраюць у падпале гандлёвага цэнтру на вуліцы Марывільскай, магутны пажар у якім адбыўся ў нядзелю 12 траўня.

21 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што праваахоўныя органы арыштавалі дзевяць чалавек, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы дыверсіяў і актаў сабатажу на заданне расейскіх спецслужбаў. Маюцца на ўвазе наёмныя выканаўцы – часам гэта людзі з крымінальнага свету. Сярод іх ёсць грамадзяне Польшчы, Беларусі і Украіны.

Прэм’ер распавёў, што ў Вроцлаве была перадухіленая спроба падпалу прадпрыемства для вытворчасці фарбаў, побач з якім месціцца хімічны завод. Ён адзначыў, што выпадкі дыверсіяў таксама фіксаваліся ў Літве – напрыклад, падпал складу Ikea.

Туск падкрэсліў, што цяпер вядзецца не толькі расследаванне, але і ладзіцца «маштабная акцыя ліквідацыі падобнага роду пагрозаў». Гэта таксама азначае арышт любых іншых патэнцыйных злачынцаў, дадаў ён.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў