Улады Беларусі плануюць пазычаць грошы, каб пакрыць дэфіцыт бюджэту ў 2024 годзе


Міністэрства фінансаў Беларусі ў 2024 годзе плануе пазычаць на ўнутраным і вонкавым рынках для фінансавання бюджэту. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання апавёў кіраўнік ведамства Юрый Селівёрстаў, піша Reform.by.

Юрый Селіверстаў.
Фота: БелТА

На 2024 год дэфіцыт бюджэту плануецца памерам Br 4,75 млрд, або каля 1,9 % ВУП. Юрый Селівёрстаў адзначыў, што «тыя аб’ёмы, якія мы атрымлівалі ад перапрацоўвання нафты, ад калію, з розных прычынаў сталі не такімі вялікімі, як былі». А аднаўленне прытоку фінансаў ідзе «не так хутка, як хацелася б». Таму «той абʼём даходаў, які часова ад экспарту выпаў», улады збіраюцца пакрыць за кошт пазыкі на ўнутраным і вонкавым рынках.

«Унутраны рынак, паводле нашых ацэнак, [можа даць. – Заўвага рэд. belsat.eu] да 700 мільёнаў эквіваленце ў замежнай валюце, у доларах. Чаму так? Адкуль гэтыя лічбы возьмуцца? Ну, мы ж і раней пазычалі. Гэта значыць, у нас абʼёмы пагашэння на наступны год па ўнутраным рынку нават перавышаюць гэты абʼём, які мы хочам прыцягнуць. Таму мы абавязкі свае выканаем», – сказаў міністр.

Звязанае фінансаванне месціць расейскі крэдыт на імпартазамяшчальныя праекты памерам RUB 105 млрд, і беларускія прадпрыемствы яшчэ не выкарысталі ўсёй гэтай сумы:

«Засталося яшчэ шмат насамрэч. Але я б не сказаў, што тут праблема нават выбаркі, бо алгарытм гэтай працы такі, што яны крэдытуюцца ў нас у беларускім банку, скіроўваюць гэтыя сродкі на набыццё абсталявання. І потым нашы калегі з Расейскай Федэрацыі аднаўляюць нам гэты абʼём фактычна на льготных умовах. Выбаркі грошай праз вось такія міжбюджэтныя трансферты з Расейскай Федэрацыі ідуць з адкладзеным эфектам. Таму тут трэба нейкі час яшчэ, каб ацаніць, колькі гэта будзе», – сказаў Селіверстаў.

Таксама міністр заявіў, што ў 2024 годзе Беларусь атрымае Br 1,3 млрд ад РФ у межах кампенсацыі падатковага манеўру.

Расплаціцца пакуль не ўдаецца

Што датычыць механізму выплаты пазык у выглядзе еўрабондаў, то ён, як плануецца, можа запрацаваць да канца года. Раней урад Беларусі з прычыны санкцыяў пастанавіў выплочваць еўрабонды ў беларускіх рублях на рахункі ў «Беларусбанку». У выніку з праблемамі ў атрыманні сродкаў сутыкнуліся нават расейскія інвестары, якія нават звярнуліся да ўладаў РФ з просьбаю перагледзець падыходы да міждзяржаўнага крэдытавання Беларусі, а таксама закрыць для яе доступ да расейскага рынку капіталу.

«Мы думаем, што яна [схема выплаты еўрабондаў. – Заўвага рэд. belsat.eu] да канца года павінна запрацаваць. Але тут ёсць, скажам, асобныя асаблівасці таго, што неабходна нам пабудаваць гэты механізм з двух бакоў. Як вы разумееце, выпуск гэтых еўрааблігацыяў у нас быў не адзін. І гэтыя плацяжы былі сёлета, будуць у наступныя гады, а наўрад нашыя, скажам так, заходнія партнёры адменяць свае санкцыі і ўсё вернецца, як было. Таму мы з імі выбудоўваем такую, скажам, доўгатэрміновую працу, каб мы працавалі праз Цэнтральны дэпазітарый Расейскай Федэрацыі», – адзначыў міністр.

Паводле чыноўніка, калі ўсе падрыхтоўчыя дзеянні будуць завершаныя, «ужо гэтыя ўзаемаразлікі пойдуць актыўна».

Аб’ектыў
Міністэрства фінансаў шукае грошы ўнутры краіны
2023.10.30 20:41

Ліміт нутраной пазыкі налета павялічылі на 20 % у параўнанні з сёлетнімі паказнікамі. У грашовым вымярэнні Міністэрству фінансаў неабходна знайсці Br 23,1 млрд.

«Прырост унутранай пазыкі на наступны год чакаецца такім значным і вялікім, бо гэта звязана, тут няма ніякага сакрэту, звязана з тым, што складанасці існуюць з прыцягненнем вонкавых крэдытаў, займаў», – кажа экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Ліміт вонкавай дзяржаўнай пазыкі налета год меншы за сёлетні на 6 % і складзе $ 19 млрд. Галоўным падтрыманнем для беларускай эканомікі выступае Расея. Паводле тэлеграм-каналу «Вашы грошы», усходняя суседка забяспечвае адну дзясятую частку нашага бюджэту.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў