Міністэрства фінансаў шукае грошы ўнутры краіны


Дзяржаўныя эканамісты цыруюць бюджэтную дзірку. І разлічваць давядзецца збольшага на ўнутраныя рэсурсы. Атрымаць сродкі з-за мяжы складана. А гэта азначае, што Міністэрства фінансаў мусіць павялічыць нагрузку на беларускія банкі. Такі крок цягне за сабой лавіну. Бо, як кажуць эксперты, можа паскорыць інфляцыю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ліміт унутранай пазыкі на наступны год павялічаны на 20 % у параўнанні сёлетнімі паказнікамі. У грашовым вымярэнні Міністэрству фінансаў неабходна знайсці 23 мільярды 100 мільёнаў беларускіх рублёў.

«Прырост унутранай пазыкі на наступны год чакаецца такім значным і вялікім, бо гэта звязана, тут няма ніякага сакрэту, звязана з тым, што складанасці існуюць з прыцягненнем знешніх крэдытаў, займаў», – кажа экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Ліміт вонкавай дзяржаўнай пазыкі на наступны год меншы за сёлетні на 6 % і складзе 19 мільярдаў долараў. Галоўным падтрыманнем для беларускай эканомікі выступае Расея. Паводле тэлеграм-каналу «Вашыя грошы», усходняя суседка забяспечвае адну дзясятую частку нашага рэспубліканскага бюджэту:

«Але, здаецца, у Расеі нешта пачалі падазраваць. І вось ужо чуваць абураныя галасы расейскіх трымальнікаў еўрааблігацыяў, якія не могуць дамагчыся належных выплатаў ад беларускага Мінфіну. Але ж чыноўнікі рапартавалі аб дзейсным механізме выплатаў, ці ўсё ж не?»

Беларускае Міністэрства фінансаў, кіруючыся «здаровым сэнсам і партнёрскімі адносінамі», лічыць, што лепш пакінуць сродкі ў краіне да выпрацоўвання новага механізму вяртання запазычанасцяў, піша тэлеграм-канал «Вашыя грошы». У верасні, паводле Нацыянальнага банку, валавая вонкавая запазычанасць Беларусі складала 36 мільярдаў 800 мільёнаў долараў.

Нацыянальны банк Беларусі.
Фота: sb.by

«Мінфін, мяркуючы з дынамікі патоку доўгу на будучы год, не спадзяецца на чаргу з новых замежных крэдытораў. Затое вельмі спадзяецца на ўнутраны пазыковы рынак. Таму беларускім банкам варта падрыхтавацца. Часцей за ўсё менавіта яны выступаюць у ролі добраахвотна-прымусовых крэдытораў скарбу», – піша Telegram-канал «Вашы грошы».

Дзеля напаўнення бюджэту банкі выпускаюць аблігацыі як у нацыянальнай, так і ў замежнай валюце.

«Дзяржава можа прафінансаваць сваю запазычанасць, калі ў бюджэце няма грошай, і проста ўключыць друкавальны станок і прафінансаваць, вядома. Але гэта вядзе да перакосаў у эканамічным развіцці, у эканоміцы і часцей за ўсё – да інфляцыі», – тлумачыць экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Да канца года, паведамляе Еўразійскі банк развіцця, інфляцыя мусіць паскорыцца. Маўляў, на гэта паўплывала павелічэнне базавай стаўкі і ў сваю чаргу – рэальны рост заробкаў на фоне агульных аб’ёмаў крэдытавання і падвышэння коштаў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»