«Праславім партыю і ўрад». Эканаміст назваў палітычнай агіткаю прагноз Нацбанку налета


Нацбанк зацвердзіў і абнародаваў Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2024 год. Рэгулятар абяцае «забяспечыць макраэканамічную стабільнасць» і «садзейнічаць устойліваму эканамічнаму развіццю краіны». Эканаміст Дзмітрый Крук заявіў «Белсату», што не знайшоў у дакуменце адказу на пытанне, як рэгулятар дасць рады са стабільнасцю, і назваў пастанову непрафесійнай агіткаю.

Нацыянальны банк Беларусі.
Фота: sb.by

Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі налета ўлучаюць прагноз інфляцыі, стаўку рэфінансавання (ад яе залежаць прыбыткі дэпазітаў і кошт крэдытаў), аб’ём золатавалютных рэзерваў, рост грашовай масы і іншыя паказнікі.

У снежні 2024-га плануецца 6% інфляцыі год да года, і дзеля гэтага Нацбанк абяцае працягваць кантроль за грашовай прапановаю. Рэгулятар чакае, што сярэдняя шырокая грашовая маса павялічыцца за год на 11–15%. Пры гэтым у верасні сёлета год да года яна вырасла амаль на 28%.

Курс беларускага рубля застанецца рынкавым, аднак Нацбанк не выключае валютныя інтэрвенцыі, каб не было рэзкіх ваганняў. Калі здаваць валюты будуць болей, чымся купляць, рэгулятар плануе яе набываць і адкладваць у золатавалютныя рэзервы. Яны ў снежні налета мусяць быць не менш за $6 млрд (паводле звестак на 1 кастрычніка, было $7,9 млрд).

У крэдытаванні Нацбанк спыняцца не хоча і плануе павялічваць раздачу грошай прадпрыемствам і грамадзянам:

«Для задавальнення спажывецкага попыту з боку насельніцтва, а таксама падтрымання айчынных таваравытворцаў банкі працягнуць пашырэнне спажывецкага крэдытавання. Агульны аб’ём крэдытавання банкамі юрыдычных і фізічных асобаў у нацыянальнай і замежнай валюце ў 2024 годзе складзе 145–150 млрд рублёў, у тым ліку спажывецкага крэдытавання – 10,5–11 млрд рублёў».

Hавiны
Рост ВУП на 3,8 %, а інфляцыя – менш як 6 %. Улады агучылі планы і жаданні на 2024 год
2023.10.02 20:14

Чакаецца, што стаўка рэфінансавання амаль не зменіцца: цяпер – 9%, будзе 9–9,5%. Таму і прыбытак дэпазітаў застанецца ранейшым, і крэдыты не падаражэюць:

«Адсоткавая стаўка новых крэдытаў банкаў юрыдычным і фізічным асобам у нацыянальнай валюце прагназуецца на ўзроўні 8,5–9,5%, новых крэдытаў юрыдычным асобам у нацыянальнай валюце – на ўзроўні 8–9%».

Стаўка дэпазітаў тэрмінам больш за год, як плануецца, складзе 10–11%. Нацбанк збіраецца ствараць умовы, каб такіх доўгатэрміновых укладаў, якія нельга заўчасна забраць з банкаў, станавілася болей. Паводле прагнозу, іхны аб’ём павялічыцца на 20–24%, а доля сярод усіх дэпазітаў будзе не менш за 80%.

Агляд
Белстат: паскараецца рост ВУП і рэальных прыбыткаў беларусаў
2023.10.17 20:11

Зацверджаны Нацбанкам дакумент сведчыць пра тое, што рэгулятар хоча захаваць празмерна мяккую манетарную палітыку, а гэта пагражае ўсплёскам інфляцыі, канстатаваў у каментары «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук:

«Я не знайшоў адказу на пытанне, як Нацбанк збіраецца мінімізаваць існуючыя пагрозы. Маюцца спробы кожнаму зацікаўленаму боку даць нейкія маячкі, якія б яму спадабаліся. Агульнае ўражанне ад гэтага дакументу – шмат прыгожых словаў. Вада вадою».

Найперш эксперт звярнуў увагу на планы захаваць крэдытныя стаўкі і працягваць заліваць эканоміку грашыма. «Стаўкі застануцца нізкімі, і пры гэтым яны кажуць, што будзе захоўвацца цэнавая стабільнасць. Але гэта паказнікі, што ніяк паміж сабою не спалучаюцца», – адзначыў Крук.

Агляд
Рэформы непазбежныя: што рабіць з беларускай эканомікай пасля Лукашэнкі
2023.10.22 17:45

Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што эканамічныя ўлады спадзяюцца даць рады з дапамогаю ручнога кіравання, штучнага рэгулявання цэнаў.

«Калі будуць захоўваць цяперашнюю палітыку, у тым ліку стаўку рэфінансавання, рызыкі развароту інфляцыі і пераходу яе ў двухзначны дыяпазон вельмі высокія. Маецца такая эканамічная прымаўка: калі вы глядзіце ў вочы двухзначнай інфляцыі, гэта значыць, што барацьбу з інфляцыяй вы ўжо ў значнай ступені прагулялі. Для нас гэтая небяспека ўжо актуальная, і значная частка будучай інфляцыі ўжо фактычна існуе ў эканоміцы, проста яна пакуль не заўважная», – заявіў аналітык.

Паводле яго, Нацбанк разлічвае, што зноў пашчасціць і атрымаецца сумясціць несумяшчальнае: і мяккая грашова-крэдытная палітыка захаваецца, і інфляцыя не стрэльне.

«У такім ура-патрыятычным стылі дакумент напісаны – гэта проста паніжае планку прафесіяналізму, якая да пэўнай пары была ўласцівая для дакументаў Нацбанку. Гэта ўжо дакумент у стылі “праславім партыю і ўрад”», – падсумаваў Дзмітрый Крук.

Агляд
«Назапашванне інфляцыйнага навеса». Эканамісты папярэдзілі пра пагрозу рэзкага росту цэнаў у Беларусі
2023.09.27 16:51

СК belsat.eu

Стужка навінаў