«Абсалютна быдлячыя ўмовы». У Белгародскай вобласці ўзбунтаваліся 500 мабілізаваных расейцаў


Мабілізаваныя расейцы ўзбунтаваліся ў Белгародскай вобласці праз «абсалютна быдлячыя ўмовы» пражывання і кепскае стаўленне да іх афіцэраў. Пра гэта расейцы, мабілізаваныя на вайну з Украінай, расказалі на відэа, якое апублікавалі ў інтэрнэце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

На апублікаваных кадрах мужчыны ў вайсковай форме сцвярджаюць, што знаходзяцца ў Белгародскай вобласці. Іх каля 500 чалавек, але яны дагэтуль не прыпісаны ні да якай вайсковай часткі, хоць у «быдлячых умовах» пражылі ўжо тыдзень.

Адзін з мабілізаваных кажа, што выдадзеная ім зброя не прапісаная ў ваенных білетах, спісаная са складоў і нідзе не лічыцца. Сцвярджае, што стаўленне афіцэраў да іх таксама быдлячае.

«Мы нікому не патрэбныя. Падрыхтоўкі – нуль. І жаром толькі тое, што самі сабе купляем», – выказваюцца абураныя мужчыны на відэа.

Яны кажуць таксама, што многія з іх захварэлі за гэты тыдзень, большасць з іх не маюць касак і бронекамізэлек.

Уладзімір Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю ў Расеі 21 верасня. Паводле падлікаў арганізацыі Conflict Intelligence Team (CIT) пад заклік да мабілізацыі патрапілі ўжо 213 тысячаў чалавек у 53 рэгіёнах Расеі. Па словах міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, з пачатку мабілізацыі ў войска Расеі прыбылі больш за 200 тысяч чалавек.

Аналітыка
Колькі «тэрыторыі Расеі» Пуцін страціў, пакуль падпісваў паперы аб анексіі частак Украіны
2022.10.05 18:17

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў