Летась беларускія фермеры зарабілі столькі, як ніколі раней, але сёлета могуць атрымаць толькі страты


Мінулы год выдаўся для беларускіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі даволі паспяховым. Ува ўсім свеце рэзка выраслі цэны на харчы. Вырас і попыт на прадукты харчавання. Беларускія фермеры ў размове з «Белсатам» кажуць, што яшчэ ніколі не зараблялі столькі грошай, колькі па выніках леташняга сезону. Але калі размова з імі заходзіць пра перспектывы, то скрушліва разводзяць рукамі і не даюць аптымістычных прагнозаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Няпэўнасць на рынку ў выніку расейскай агрэсіі ва Украіне даволі моцна адбілася на беларускіх фермерах. Сельгасвытворцы даволі шчыльна завязаныя адразу ж на ўсход і захад. Перадусім акурат у ЕЗ яны набываюць тэхналогіі, дэталі да машынаў, неабходныя прэпараты і насенне. А вось Расея выступае спажыўцом прадукцыі. Таму, безумоўна, для беларускіх фермераў надзвычай балючым ёсць ваганне курсаў валютаў.

«Я ўжо, шчыра кажучы, прызвычаіўся да такіх моцных хістанняў і абвалаў. За час сваёй дзейнасці мне давялося перажыць тры разы абвалы валютаў. Вядома, у такіх варунках даволі складана нешта планаваць, на нешта спадзявацца ў доўгатэрміновай перспектыве. Таму мы ў Беларусі жывем практычна адным сезонам са спадзяваннем, што нешта атрымаецца», – кажа фермер, які займаецца жывёлагадоўляй.

Беларускі прадпрымальнік адзначае, што ў Польшчы фермеры зусім іначай існуюць і функцыянуюць. Бізнесоўцы могуць складаць бізнес-планы адразу ж на 5–7 гадоў. Могуць атрымаць танныя крэдыты, якія выкарыстоўваюць у тым ліку як бягучыя абаротныя сродкі. А ў Беларусі такіх магчымасцяў няма.

Праўда, мінулы год і пачатак гэтага сталі для вытворцаў мяса даволі спрыяльнымі. Летась цэны на харчы імкліва пайшлі ўгару. Кошт мяса склаў для вытворцаў гістарычны рэкорд і працягваў расці. Нават нягледзячы на расейскую агрэсію ва Украіне, рынак мяса стабілізаваўся даволі хутка.

«У сакавіку сёлета праз падзенне курсаў расейскага рубля беларуская прадукцыя стала каштаваць проста капейкі. Яшчэ ў лютым за кілаграм ялавічыны на расейскім рынку можна было атрымаць каля 4 долараў ЗША. У сакавіку кошт абваліўся ажно да 2,5 долараў. Пры такім кошце беларускія фермеры аўтаматычна нясуць страты. Выгады няма. Таму на рынку некаторы час панавала цішыня. Цяпер цэны вярнуліся. Але казаць, што яны стабілізаваліся, не выпадае», – кажа фермер.

Hавiны
Былы дарадца міністра: Сельская гаспадарка ў Беларусі – гэта галіна, у якой няма эканомікі
2021.07.22 07:00

Паводле гаспадара, бліжэйшы час вытворцы мяса могуць спадзявацца на тое, што атрымаюць добры прыбытак ад сваёй працы. Але да канца года можа адбыцца чарговы абвал расейскай валюты. Прынамсі, такія чаканні маюць беларусы. Таму шмат хто цяпер спяшаецца пазбавіцца ад вялікага пагалоўя і зарабіць, пакуль ёсць магчымасць.

Вытворцы малака пакуль прыпынілі інвеставанне ў развіццё сваіх гаспадарак. Прынамсі яшчэ да траўня шмат хто выпусціў жывёлу на поле, нягледзячы на тое што трава не паспела вырасці.

«Цэны ў краіне растуць бесперапынна. Дзяржаўныя прадпрыемствы і фермеры павышаюць цэны на камбікорм, на зерне. Растуць цэны на паліва. Ужо цяпер літр самага таннага малака ў краме каштуе 1,76 рублёў. Пры гэтым перапрацоўчы завод не павысіў закупных цэнаў на малако. Я атрымліваю ад 70 да 90 капеек за літр. Цяпер з улікам выдаткаў на тое, каб атрымаць гэты літр малака, то мой заробак зменшыўся шматкроць», – кажа іншы фермер.

Са словаў гаспадара, ёсць спадзяванне, што перапрацоўчыя заводы падымуць закупачныя цэны на малако ў хуткім часе. Бо ў адваротным выпадку, кажа прадпрымальнік, восенню ўзнікне неабходнасць пазбаўляцца ад часткі жывёлы, бо яе ўтрыманне стане нерэнтабельным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Зусім іначай пачуваюцца фермеры, якія займаюцца гароднінаю. Для шмат якіх буйных гаспадароў сезон толькі закончыўся. Са складоў яны прадалі леташні ўраджай і распачынаюць новы сезон.

«Летась быў даволі добры ўраджай капусты, морквы, бульбы. Я ў асноўным арыентуюся на вырошчванне капусты і сабраў восенню летась каля 1000 тонаў гэтай гародніны. І ўпершыню за апошнія 18 гадоў я атрымаў проста шалёны заробак. Аптавікі набывалі капусту за 1,6 рублёў за кілаграм. Ніколі раней мне не ўдавалася столькі зарабіць у сельскай гаспадарцы», – кажа буйны фермер.

І сапраўды, цэны на гародніну па выніках ковіднага 2021 года прадэманстравалі рэкордавыя паказнікі не толькі ў Беларусі, але і ўва ўсім свеце. Праўда, на сёлета фермеры не даюць аптымістычнага прагнозу, бо вайна ва Украіне істотна ўплывае на курсы валютаў. А прадпрымальнікі залежаць ад насення, арганічных угнаенняў і прадукцыі хімічнай вытворчасці.

Гісторыі
«Нічога жывога не засталося». Украінскія аграрыі з акупаваных раёнаў пачынаюць усё з нуля
2022.04.15 14:25

Без асаблівых узрушэнняў запрацаваў агурковы рынак у Альшанах. Аптавікі гатовыя заплаціць за першы ўраджай агуркоў 1 долар ЗША за кілаграм. Для вяскоўцаў гэта добрая магчымасць атрымаць прыбытак на самым пачатку сезону. Пазней цэны пачнуць зніжацца, але ў гэты ж час будзе павялічвацца колькасць гародніны. Таму за кошт росту абʼёму вяскоўцы атрымліваюць грошы, за якія потым жывуць да новага сезону.

Агуркі на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Я думаю, што беларускім вытворцам трэба глядзець на сітуацыю і разлічваць такім чынам, каб не страціць на курсах валютаў. Гэта галоўнае. Мы памятаем сітуацыю, калі адбылася раптоўная дэвальвацыя і беларускі рубель моцна патаннеў. Таксама можа адбыцца такая ж сітуацыя і сёлета. Але трэба памятаць, што сёння Расея – краіна, супраць якой увялі санкцыі, а ў такіх варунках беларускія вытворцы, якія працуюць на сваіх рэсурсах і кампанентах, а прадаюць у Расею, маюць шанец нават пашырыць сваё прадпрыемства. Тым больш у такіх гарадах, як Масква, Санкт-Пецярбург рынкі застануцца, людзі з грашыма там надалей жывуць. Так што можна будзе зарабіць», – прагназуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў