Трамп застаўся адзіным кандыдатам ад рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША


Адзіная суперніца папярэдняга прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа за намінацыю ад Рэспубліканскай партыі на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года Нікі Гэйлі 6 сакавіка паведаміла, што выходзіць з гонкі, піша «Reuters».

Нікі Гэйлі
Былая губернатарка Паўднёвай Караліны Нікі Гэйлі. Лас-Вэгас, Невада. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Gage Skidmore / Flickr, CC BY-SA 2.0

«Прыйшоў час спыніць маю кампанію, – заявіла Нікі Гэйлі. – Я ні аб чым не шкадую».

Яна дадала, што цяпер час Доналда Трампа заваяваць галасы выбарнікаў Рэспубліканскай партыі і тых, хто партыю не падтрымлівае. Яна выказала надзею, што Трампу гэта ўдасца.

Пры тым яна выступіла супраць амерыканскага ізаляцыянізму і за падтрымку Украіны ў вайне супраць Расеі, што разыходзіцца з заклікамі Трампа. Паводле Гэйлі, «калі мы будзем адступаць далей, будзе больш вайны, не менш».

Гісторыі
Хто такая Нікі Гэйлі, якая кінула выклік Трампу?
2024.02.07 10:07

У выбарчай сістэме ЗША найбольш шанцаў на перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах маюць кандыдаты ад дзвюх найбуйнейшых партыяў: Рэспубліканскай і Дэмакратычнай. Апошні раз, калі кандыдат ад іншай партыі займаў хаця б другое месца, быў у 1912 годзе.

Партыі вырашаюць, хто будзе іхным кандыдатам у прэзідэнты, праз выбары дэлегатаў на фінальнае галасаванне – так званыя праймерыз (у асобных штатах кокусы). Тэарэтычна, для перамогі ў праймерыз Гэйлі магла яшчэ набраць дастаткова галасоў, але дынаміка галасаванняў была відавочна не на ейную карысць.

Гэйлі здолела заручыцца ў праймерыз падтрымкай 43 дэлегатаў, якія мусілі б галасаваць за намінанта ад партыі (перамагла толькі ў штаце Вэрмонт і ў сталічнай акрузе Калумбія). Трамп на момант ейнага выхаду з гонкі меў 273 дэлегатаў (перамог у 24 штатах). Іншыя кандыдаты выйшлі з гонкі раней – большасць не атрымала ніводнага дэлегата, губернатар Флорыды Рон ДэСэнтыс атрымаў 9.

Праймерыз Дэмакратычнай партыі яшчэ трываюць, але найбольш імаверны іх пераможца – дзейны прэзідэнт Джо Байдэн, які ўжо мае 1497 дэлегатаў, тады як бліжэйшы канкурэнт Джэйсан Палмэр мае толькі 3.

Байдэн і Трамп ужо былі галоўнымі кандыдатамі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Тады Байдэн перамог, трымаўшы галасы 306 так званых электараў (тых, каму звычайныя выбарнікі даручылі выбіраць прэзідэнта), Трамп атрымаў тады 232 галасы.

У ЗША выбары прэзідэнта не наўпроставыя, перамагчы можа не той кандыдат, які набраў больш ускосных галасоў выбарнікаў, а той, за каго прагаласавала больш электараў – менавіта так Трамп перамог у 2016-м з 304 электарамі і толькі 46,1 % галасоў выбарнікаў (супраць 227 і 48,2 % у Гілары Клінтан).

Хто б не перамог цяпер, Трамп ці Байдэн, ён будзе найстарэйшым прэзідэнтам ЗША ў гісторыі: Трампу будзе 78 гадоў, Байдэну – 81 (папярэдні і дзейны рэкорды ўзросту ўсталявалі яны ж). Большасць амерыканскіх выбарнікаў лічыць, што Байдэн занадта стары, каб быць прэзідэнтам, адносна Трампа так кажа даволі значная, але не большая частка апытаных. У апытаннях «Байдэн ці Трамп» разрыў між кандыдатамі звычайна ў межах статыстычнай хібнасці, хаця ў апошніх апытаннях часцей Трамп мае невялікую перавагу.

Вярхоўны суд ЗША 4 сакавіка аднагалосна прыняў бок Доналда Трампа, дазволіўшы былому прэзідэнту балатавацца зноў, нягледзячы на рашэнне суд штату Каларада, які раней забараніў Трампу ўдзел у выбарах на падставе таго, што палітык правакаваў паўстанне, распаўсюджваў непраўдзівую інфармацыю і заклікаў сваіх прыхільнікаў здзейсніць марш на Капітолій.

Аналітыка
«Джокер для Украіны і чорны лебедзь для Расеі». Байдэн ідзе на новы тэрмін: што гэта дае і каму?
2023.04.28 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў