«Джокер для Украіны і чорны лебедзь для Расеі». Байдэн ідзе на новы тэрмін: што гэта дае і каму?


Хоць да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША яшчэ паўтара года, выбарчая кампанія ў краіне ўжо ідзе напоўніцу. Пра сваё рашэнне балатавацца на новы тэрмін, нарэшце, заявіў і дзейны кіраўнік Злучаных Штатаў Джо Байдэн. Спрабуем разабрацца, наколькі яго вылучэнне на яшчэ чатыры гады выгаднае краінам Усходняй Еўропы, дзе з 2022 года трывае поўнамаштабная вайна. 

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША маюць адбыцца 5 лістапада 2024 года. Сярод прэтэндэнтаў на гэтую пасаду ёсць, напрыклад, папярэдні кіраўнік краіны Доналд Трамп. Дзейны прэзідэнт Джо Байдэн 25 красавіка таксама абвясціў пра сваё рашэнне балатавацца на новы тэрмін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Джо Байдэн выступае з прамовай у Баліне, Ірландыя. 14 красавіка 2023
Фота: Clodagh Kilcoyne / Reuters / Forum

«У кожнага пакалення бываюць моманты, калі ім даводзіцца адстойваць дэмакратыю, каб адстойваць свае асноўныя свабоды. Я веру, што гэта наш момант. Вось чаму я балатуюся на пераабранне на пасаду прэзідэнта ЗША. Далучайцеся да нас. Давайце завершым працу», – такі пост з’явіўся ў ягоным акаўнце ў Twitter.

81-гадовы прэзідэнт

Аднак шанцы на пераабранне ў прэзідэнта ЗША не надта вялікія. Палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў у каментары нашаму сайту адзначыў, што таму, у адрозненне ад папярэднікаў з Дэмакратычнай партыі – Біла Клінтана і Барака Абамы, «якія былі вельмі папулярнымі і з лёгкасцю выйгравалі другі тэрмін», будзе даволі цяжка пераабрацца. Рэйтынг у дзейнага прэзідэнта ЗША даволі нізкі – каля 39 %. У Трампа, напрыклад, ён за чатыры гады прэзідэнцтва ў сярэднім складаў 41 %.

«Гэта паказвае, што ён [Байдэн. – Заўвага рэд. Belsat.eu] дастаткова не папулярны прэзідэнт», – сказаў Цыганкоў.

Аглядальнік дадаў, што каля 40 % дэмакратаў незадоўга да заявы Байдэна пра вылучэнне казалі, што не хацелі б яго на новы тэрмін. Таксама важную ролю тут мае ўзрост дзейнага кіраўніка краіны, якому сёлета споўніцца 81 год.  Каля 45 % амерыканскіх выбарнікаў заяўляюць, што ўзрост уплывае на іхнае рашэнне галасаваць ці не за Байдэна.

Пры гэтым, мяркуе Цыганкоў, на карысць дзейнага прэзідэнту ЗША могуць пайсці эканамічныя поспехі, асабліва з улікам аднаўлення эканомікі ЗША пасля пандэміі каронавіруса.

Чаму менавіта цяпер?

Былы ўкраінскі дыпламат, юрыст-міжнароднік Вадзім Трухан у каментары «Белсату» ў сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што само абвяшчэння Байдэнам рашэння балатавацца на другі тэрмін было чаканым. Пытаннем было толькі, «у які прамежак часу ён гэта скажа».

«Тое, што ён сказаў цяпер, фактычна напярэдадні чарговага даўно анансаванага контрнаступу ЗСУ, кажа, што ён вырашыў, што цяпер пачалася адпраўная кропка. Перад выбарамі, а нават перад праймерыз ён паспрабуе зрабіць усё для таго, каб Украіна атрымала перамогу над Расейскаю Федэрацыяй», – мяркуе былы дыпламат.

Паводле суразмоўцы, у вонкавай палітыцы Байдэну «пахваліцца няма чым», асабліва з улікам «хаатычнага» выхаду з Афганістану. Таму перамога Украіны над Расеяй «фактычна адкрывае зялёнае святло да перамогі на выбарах прэзідэнта ЗША».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Джо Байдэн вітае гасцей на прыёме з нагоды Дня незалежнасці Грэцыі. 29 сакавіка 2023 года.
Фота: Yuri Gripas / Pool via CNP / Zuma Press / Forum

Трухан адзначыў, што рашэнне пра балатаванне Байдэна супала з рыхтаваннем праекту двухпартыйнай рэзалюцыі Кангрэсу ЗША, у якім акрэсліваецца, чым мае быць перамога для Украіны і для ЗША.

«Там выразна гаворыцца пра дзве рэчы. Першая: перамога – гэта аднаўленне тэрытарыяльнай цэласці Украіны ў міжнародна прызнаных межах. Гэта значыць, вяртанне Расеі на межы станам на 23 лютага мінулага года – не перамога. Другое, што нават больш важна: пасля перамогі павінна быць гарантаваная бяспека Украіны. Аптымальны варыянт гарантавання – гэта ўступленне Украіны ў NATO», – падкрэсліў былы дыпламат.

Аналітыка
Жанчына, усходнееўрапеец ці Борыс Джонсан? Хто можа стаць наступным кіраўніком NATO
2023.04.13 15:17

Таму, мяркуе суразмоўца, абвяшчэнне Байдэнам рашэння ісці на новы тэрмін разам з рыхтаваннем Кангрэсам згаданай рэзалюцыі – гэта «пэўны джокер для Украіны і чорны лебедзь для Расеі». Гэтым жа Трухан тлумачыць тое, чаму дасюль адміністрацыя Байдэна ўстрымлівалася ад надання Украіне самалётаў F-16, дальнабойных ракетаў, вялікіх аб’ёмаў браняванай тэхнікі, снарадаў і гэтак далей:

«Я думаю, што пакуль ішло вызначэнне, у Белым доме не было разумення, куды далей рухацца ў вайне Украіны з Расеяй. Разуменне адносна таго, што трэба захаваць Украіну, было, але разумення адносна таго, што Расея мае атрымаць паразу, – не. Цяпер пачынаецца іншая гістарычная эпоха. З 25 красавіка ЗША будуць рабіць значна больш для таго, каб не толькі Украіна выйграла, а каб Расея прайграла».

На думку былога дыпламата, Украіне вельмі важна скарыстацца «гэтым гістарычным шанцам» і пачаць контрнаступ, будучы гатоваю «на 1000 %, а не на 100 %». Каб, атрымаўшы дадатковыя абʼёмы амуніцыі і зброі ад саюзнікаў, не падвесці «амерыканскіх сяброў».

Трухан мяркуе, што Украіна мусіць перамагчы Расею «не толькі лакальна, але і стратэгічна». Каб прынамсі зрабіць расейскую армію не здольнаю весці якія-кольвек баявыя дзеянні, а як максімум – прымусіць яе да капітуляцыі і прывесці да зрынання рэжыму Уладзіміра Пуціна.

Трамп vs Байдэн 2.0

Найбольш верагодным супернікам Байдэна на выбарах 2024 года суразмоўцы лічаць папярэдняга кіраўніка ЗША – Трампа, калі ў яго не будзе праблемаў з законам. Пакуль жа, паводле Трухана, у ЗША адбываецца «не зусім зразумелая гульня» ў дачыненні судовага пераследу Трампа, якога вінавацяць у фінансавых махінацыях з выплатамі порнаакторцы. На думку юрыста-міжнародніка, гэта згуляла «ў плюс Трампу і прывяло да кансалідацыі ядравага электарату».

«Таму да снежня, калі адбудуцца наступныя слуханні ў судзе, Трамп будзе максімальна выкарыстоўваць гэтую сітуацыю і вінаваціць асабіста Байдэна і Дэмакратычную партыю ў палітычным пераследзе. Для Джо Байдэна гэта пэўны выклік», – мяркуе Трухан.

Тым не менш, паводле суразмоўца, Трамп – самы зручны супернік для Байдэна, бо «таксічны» для выбарцаў з Дэмакратычнай партыі і для вялікай часткі рэспубліканцаў. Трухан не выключае: абіраючы з двух ліхаў меншае, амерыканцы аддадуць перавагу Байдэну. Калі ж Трамп скончыць палітычную карʼеру, то Байдэну будзе цяжэй выйграць выбары ў больш маладых і менш скампраметаваных супернікаў.

Аднак, нягледзячы на пашыраныя характарыстыкі Трампа як расейскага агента, Цыганкоў адзначыў: пры ім Расея атрымлівала больш супраціву з боку ЗША, чымся, напрыклад, пры Абаму, пры якім адбывалася перазагрузка стасункаў паміж краінамі. Але, падкрэсліў аглядальнік, палітыка Трампа, як і ён сам, часта непаслядоўная і грунтуецца на асабістых інтарэсах. У тым ліку неадназначная яна і ў дачыненні Украіны.

«Таксама ён увасабляе ізаляцыянізм, кажа пра неўмяшанне ЗША ў міжнародныя справы», – нагадаў Цыганкоў.

У сваю чаргу пазіцыя Байдэна, паводле аглядальніка, «больш праўкраінская, дастаткова выразная і адназначная». Менавіта пры ім «адбываецца дапамога Украіне, назіраецца пэўная ўвага да беларускага пытання і пэўнае супрацьстаянне Расеі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Джо Байдэн падчас мітынгу ў Маямі напярэдадні прамежкавых выбараў. 6 лістапада 2022 года.
Фота: Marco Bello / Reuters / Forum

«Так што ўсе гэтыя фактары схіляюць жадаць пераабрання Байдэна з яго паслядоўнай і больш ідэйнаю пазіцыяй ды з ягоным жаданнем, каб ЗША былі пэўным лідарам, а не сыходзілі ў самаізаляцыю, тэндэнцыі чаго былі пры Трампу», – адзначыў Цыганкоў.

У любым разе, заключыў Трухан, важна не станавіцца ні на адзін бок у амерыканскіх выбарах і працаваць з тым, хто атрымае перамогу.

Дый, як адзначаў у каментары «Белсату» Пітэр Залмаеў, дырэктар Еўразійскай дэмакратычнай ініцыятывы (Нью-Ёрк – Кіеў), нават у выпадку свайго пераабрання Байдэн «будзе абмежаваны фінансавымі магчымасцямі». Калі рэспубліканцы не толькі ўтрымаюць за сабою ніжнюю палату, але і атрымаюць большасць у Сенаце, гэта будзе вельмі моцна ўплываць на магчымасці працягу або пашырэння падтрымання Украіны. Бо хоць прэзідэнт ЗША і мае прэрагатывы датычна міжнароднай палітыкі, але вылучае сродкі на яе Кангрэс.

Каментар
Эксперт Пітэр Залмаеў: У Байдэна вельмі добрыя шанцы на перамогу
2023.04.26 09:41

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў