Эксперт Пітэр Залмаеў: У Байдэна вельмі добрыя шанцы на перамогу


25 красавіка Джо Байдэн заявіў, што гатовы балатавацца на другі тэрмін у 2024 годзе. Што азначае ўключэнне Байдэна ў прэзідэнцкую гонку для Амерыкі, якія яго шанцы на тое, каб стаць прэзідэнтам у другі раз і як усё гэта паўплывае на падтрымку Украіны. Пра гэта мы спыталі дырэктара міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі  «Еўразійская дэмакратычная ініцыятыва» (Нью-Ёрк – Кіеў), украінскага тэлевядучага Пітэра Залмаева.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. 20 студзеня 2021 года.
Фота: whitehouse.gov

Калі не будзе «чорных лебедзяў»

У цэлым Пітэр Залмаеў ацэньвае шанцы Джо Байдэна на перамогу як вельмі высокія. У першую чаргу таму, што на баку рэспубліканцаў, на яго думку, на сённяшні дзень няма больш годнай альтэрнатывы, чым Дональд Трамп.

У той жа час вылучэнне кандыдатуры Трампа азначае, што яго падтрымка звядзецца да так званага «ядзернага касцяка», які галасуе за яго нягледзячы ні на што. Крымінальныя справы, якія вядуцца супраць Трампа, магчыма, мабілізуюць гэты касцяк, дапамагаюць з фандрайзінгам, але відавочна не пашыраюць агульны электарат. У першую чаргу, адзначае Пітэр Залмаеў, гаворка ідзе пра так званых незалежных выбарцаў, якія з кожным электаральным цыклам усё больш уплываюць на зыход любых выбараў. «Выбары апошніх 20 гадоў вырашаюцца літаральна жменькай выбаршчыкаў у жменьцы Штатаў», – адзначае ён. Таму калі кандыдатам ад рэспубліканцаў будзе Дональд Трамп, рэзюмуе наш суразмоўца, то ў Байдэна з’явяцца вельмі добрыя шанцы на перамогу.

«Часам сярод дэмакратаў можна нават пачуць вось такое жаданне: дай Бог, каб Дональд Трамп стаў кандыдатам ад рэспубліканцаў», – звяртае ўвагу Пітэр Залмаеў.

Хоць у сённяшніх умовах усё залежыць ад мноства фактараў: вынікаў вайны ва Украіне, ўкраінскага контрнаступу, здароўя самога Байдэна і іншых «чорных лебедзяў», якія могуць «прыляцець і падпсаваць перспектыву» для цяперашняга прэзідэнта, адзначае Залмаеў.

Канкурэнты ад дэмакратаў

Гаворачы яшчэ аб дхвюх кандыдатурах ад дэмакратаў – Марыяне Уільямсан і пляменніку Джона Кенэдзі Раберце Кенэдзі-малодшым, наш суразмоўца адзначыў, што не бачыць у іх сур’ёзных супернікаў для дзейнага амерыканскага прэзідэнта.

Марыяна Уільямсан, на яго погляд, гэта такі «карыкатурны персанаж, які апынуўся на рэдкасць харызматычным і красамоўным», аднак сур’ёзных шанцаў на перамогу ў яе няма. Другога кандыдата Пітэр Залмаеў назваў «цёмным конікам». Пры гэтым ён адзначыў, што Амерыка сёння адыходзіць ад мадэлі, звязанай з дынастыямі. Гэтым, напрыклад, можна растлумачыць непапулярнасць Джэба Буша, брата 43-га прэзідэнта ЗША Джорджа Уокера Буша. Таму на сённяшні дзень Пітэр Залмаеў скептычна ставіцца да любых альтэрнатываў Джо Байдэну, хоць адзначае, што хацеў бы бачыць годныя кандыдатуры.

Пра ўзрост Байдэна

Адказваючы на пытанне, ці няма ў амерыканскага грамадства прадузятасці, звязанай з узростам Джона Байдэна, наш суразмоўца адзначыў, што, нягледзячы на тое што амерыканцы апошнім часам імкнуцца быць максімальна паліткарэктнымі, эйджызм у дачыненні да Байдэна «квітнее». Прычым не толькі з боку рэспубліканцаў, але і ў асяроддзі дэмакратаў.

Тэма ўзросту цяперашняга прэзідэнта таксама пастаянна абыгрываецца ў палітычных камедыйных праграмах. І гэта пры тым, кажа Залмаеў, што за час свайго прэзідэнцтва Дональд Трамп паказваў нашмат больш «старэчых момантаў», чым Байдэн. Тым не менш менавіта цяперашняму прэзідэнту «не пашанцавала», што ў яго выпадку асабліва звяртаюць увагу на ўзрост.

Акрамя таго, ёсць і сярод дэмакратаў некаторая незадаволенасць з нагоды таго, што палітычныя лідэры партыі знаходзяцца ў вельмі сталым узросце. Асабліва відавочна гэта выказвае «маладая гвардыя, прагрэсівісты ў Кангрэсе». Выяўляецца гэта даволі асцярожна, але тым не менш, адзначае суразмоўца, такі факт ёсць.

А што, калі Байдэн прайграе?

Таксама мы пацікавіліся, якія змены чакаюць наш рэгіён у цэлым і Украіну ў прыватнасці ў выпадку пройгрышу Байдэна. І ці будуць нейкія змены ў палітыцы, калі ўсё ж цяперашняму прэзідэнту не ўдасца пераабрацца на другі тэрмін.

«У выпадку перамогі Трампа, зразумела, нічога добрага для Украіны не будзе. Я думаю, што літаральна адразу можна чакаць калі не поўнага згортвання, то сур’ёзнага ўразання праграмы падтрымкі Украіны. Мне здаецца, цягам месяца пасля абрання прэзідэнтам Трамп паедзе на сустрэчу з Пуціным. Пра гэта можна меркаваць з досведу чатырох гадоў ягонага прэзідэнцтва», – адзначыў наш суразмоўца.

У выпадку ж свайго пераабрання Байдэн «будзе абмежаваны фінансавымі магчымасцямі», сказаў Пітэр Залмаеў. І калі рэспубліканцы не толькі «ўтрымаюць за сабой» ніжнюю палату, але яшчэ і атрымаюць большасць у Сенаце, гэта будзе, зразумела, вельмі моцна ўплываць на магчымасці працягу або пашырэння падтрымкі Украіны.

На ўзроўні рыторыкі падтрымка застанецца, але вылучэнне дапамогі будзе пад пытаннем. Казаць пра палітыку Амерыкі, адзначыў наш суразмоўца, у адрыве ад таго разумення, «у чыіх руках» будуць знаходзіцца абедзве палаты, будзе няправільна. Паколькі на рытарычным узроўні прэзідэнт мае прэрагатывы датычна міжнароднай палітыкі, але выдзяляе сродкі, у тым ліку на міжнародную палітыку, усё ж такі Кангрэс, падсумаваў Пітэр Залмаеў.

Hавiны
Байдэн афіцыйна абвесціў, што будзе балатавацца на другі тэрмін
2023.04.25 14:29

Раман Шавель / АА belsat.eu

Стужка навінаў