Латушка заявіў пра бюракратычныя і не толькі перашкоды ў накладанні персанальных санкцыяў


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка заявіў пра бюракратычныя перашкоды, што ўзнікаюць пры рыхтаванні новых персанальных санкцыяў з боку краінаў Захаду.

«Мы сутыкаемся часта і з бюракратычнымі перашкодамі, калі неафіцыйна нам кажуць пра ліміты на накладанне персанальных санкцыяў, бо гэта звязана з апрацоўваннем дакументаў, рыхтаваннем абгрунтавання: пад кожнае прозвішча, пад кожную кампанію павінна быць пакладзенае якаснае, факталагічнае прававое абгрунтаванне», – сказаў кіраўнік НАУ.

Паводле Латушкі, менавіта беларускія дэмакратычныя сілы выконваюць «за нашых еўрапейскіх партнёраў гэтую працу».

На сёння, без уліку санкцыяў асобных краінаў, персанальнымі санкцыямі ахопленыя каля 200 асобаў, звязаных з рэжымам у Беларусі. Але Латушка адзначыў «недастатковую матывацыю дзеяць у нашых партнёраў».

Пры гэтым прадстаўнікоў рэжыму перыядычна бачаць у краінах Еўразвязу. Гэтак, у канцы студзеня ў Польшчы заўважылі кіраўніка Беларускай федэрацыі футболу Уладзіміра Базанава, які ішоў па паркінгу супермаркету ў Белай Падляскай.

Базанаў вядомы сваім падтрыманнем Лукашэнкі ды ціскам на гульцоў і трэнераў беларускіх клубаў, якія выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў 2020 годзе. У лістападзе 2021-га Базанава затрымала паліцыя ў Чэхіі, калі той прыехаў на матч жаночых зборных гэтай краіны і Беларусі. Тады яго выслалі з Чэхіі ды анулявалі яму шэнгенскую візу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў