Палітзняволеныя Марфа Рабкова і Наста Лойка сустрэлі дзень нараджэння за кратамі


«Белсат» штодня расказвае пра рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі. Сёння беларускую грамадскасць скаланула навіна пра затрыманне музыкаў з гурта «Nizkiz», але, на жаль, наша хроніка за дзень абмяжоўваецца не толькі адной навіной.

Марфа Рабкова і Наста Лойка адзначаюць дзень нараджэння 6 студзеня. Калаж з фота: Марфа Рабкова / Прыватны архіў / Наста Лойка / Белсат

Сёння, 6 студзеня, свой чарговы дзень нараджэння за кратамі сустракаюць дзве вядомыя палітвязынкі – каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і праваабаронца «Human Constanta» Наста Лойка.

Марфа Рабкова была затрыманая ў верасні 2020 года і асуджаная паводле шэрагу артыкулаў да 15 гадоў зняволення (пасля апеляцыі тэрмін быў скарочаны да 14 гадоў і 9 месяцаў). Наста Лойка была затрыманая ў кастрычніку 2022 года і абвінавачаная па артыкуле арт. 130 Крымінальнага кодэкса «Распальванне варожасці ці варажнечы». Ёй прысудзілі 7 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Зараз абедзьве жанчыны адбываюць пакаранне ў калоніі №4.

Сёння стала вядома аб тым, што 5 студзеня ў Маскоўскім судзе Берасця адбыўся суд над урачом-уролагам Алегам Зыкуном за нібыта распаўсюд персанальных дадзеных супрацоўнікаў МУС. Мужчыну абвінавацілі паводле ч.3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках»). Прысуд пакуль невядомы. Мужчыну можа пагражаць да 5 гадоў зняволення.

Праваабаронцы прааналізавалі статыстыку пакаранняў беларусаў за 2023 год паводле арт. 19.11 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць») і склалі адмысловую карту пераследу паводле гэтага артыкулу цягам мінулага года. Паводле іхных падлікаў, у 2023-м па гэтым артыкуле было рэпрэсавана мінімум 2791 чалавек, і гэтая лічба не канчатковая.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў