Пастанову не ладзіць традыцыйных урачыстасцяў 3 ліпеня, у афіцыйны Дзень Незалежнасці, Лукашэнка пастараўся скампенсаваць шэрагам гучных заяваў пра нябачную тэрарыстычную актыўнасць і папярэджаныя замахі.
Па-за ўсякім сумневам: адмова ад правядзення «грандыёзнага» вайсковага параду, які павінен быў прадэманстраваць перамогу і стабільнасць сістэмы над унутранымі і вонкавымі ворагамі, мае вялікае значэнне.
Сваю няўпэўненасць, абмежаванасць у рэсурсах Лукашэнка паспрабаваў прыхаваць наяўнасцю нейкай «тэрарыстычнай пагрозы», на ліквідацыю якой былі накіраваныя ўсе намаганні сістэмы.
Агулам сэнс рытуалаў і выступаў Лукашэнкі 2 і 3 ліпеня меў традыцыйнае змест: ад перамогі ў вайне да далейшай агрэсіі адносна цяперашняй дзяржавы.
Разам з тым некаторыя моманты ў словах Лукашэнкі паказваюць спробу ўладаў намацаць падставы для фармавання новай ідэалагічнай сістэмы і палітычных арыентацыяў часткі грамадства.
Дзяржаўная мадэль у Беларусі ўжо зведала істотныя змены, Лукашэнка і ягонае асяроддзе спрабуюць дакончыць працэс стварэння «новай дзяржавы», якая б мела ўстойлівасць у доўгатэрміновай перспектыве. Інстытуцыйныя рамкі «новага парадку або дзяржавы» ўжо зададзеныя: гэта калектыўнае напаўваеннае кіраванне з абмежаванымі выбарчымі (квазідэмакратычнымі) працэдурамі. На гэтым этапе ўлады спрабуюць стварыць «духоўнае» абгрунтаванне для гэтай мадэлі: новая гісторыя, новая ідэалогія, новае грамадства. Усе тры элементы павінны быць накіраваныя на безумоўнае падтрыманне існага палітычнага ладу і «каштоўнасцяў» аўтарытарнай сістэмы, якая ёсць гарантам «свабоды і незалежнасці». Усё астатняе і ўсе астатнія – гэта ворагі. «Ужо, напэўна, няма заблуканых, падманутых у краіне, якія б не пераканаліся, што адбывалася ў рэчаіснасці ўчора і адбываецца сёння. Засталіся толькі ворагі, якія кажуць: не, гэта не так, гэта іншае. І вы павінны гэта разумець» (А. Лукашэнка). Гэта азначае, што ўлады будуць імкнуцца накіраваць увесь існы лаяльны сацыяльны рэсурс на знішчэнне любога іншадумства і праяваў альтэрнатыўных ідэяў. Падобныя ідэі, што ставяць пад сумнеў правільнасць цяперашняга палітычнага ладу, – прадукт калабарацыянізму «адкладзенага дзеяння».
У прасоўванні ідэйных асноваў «новай дзяржавы» кіроўная група зрабіла крок наперад, спрабуючы стварыць сваіх герояў-пакутнікаў, першым з якіх павінен быў стаць Рыгор Азаронак. Паводле Лукашэнкі, яго меліся забіць ці адрэзаць яму язык.
З аднаго боку, улады ствараюць «рэальнасць» вайны, глыбіннага супрацьстаяння, агрэсіі ды тэрарыстычных пагрозаў, каб з’яднаць пэўную частку соцыуму ды знайсці дадатковую грамадскую падтрымку і рэсурсы. З іншага боку, для зноў «утворанай» рэальнасці, «дзяржаўнага абнаўлення» і «аднаўлення» ва ўмовах «гібрыднай вайны» з грамадствам і Захадам неабходныя свае ахвяры ды героі. Найперш героі, якія гатовыя памерці і паміраюць за «свабоду і новую дзяржаву».
Героі гэтай сістэме патрэбныя, каб стварыць свой пантэон, якому можна пакланяцца, дзякуючы чаму на нейкі час можна цэментаваць публіку, якая прагне і моліцца на Лукашэнку.
Свой пантэон таксама неабходны, каб ідэалагічна затушаваць тых, хто загінуў у барацьбе з рэжымам у 2020–2021 гадах. Бо як жа так: яны паміраюць за свабоду і за свой сцяг, а сярод нас няма нікога, хто б цаною свайго жыцця абараняў «дзяржаву»?
Любая «гібрыдная вайна» мае поспех, калі яна падмацаваная рэальнымі драматычнымі падзеямі. «Герояў» нельга прыдумаць.
Рэжым у Беларусі, утрымліваючы краіну гвалтам, сутыкнуўся з праблемай ідэалагічнага дэфіцыту і сацыяльнага даверу. Прапагандысцкія выкрыкі, раскрытыя віртуальныя змовы, замахі – занадта віртуальныя, каб развязаць праблему доўгатэрміновага кіравання і палітычнай стабільнасці. Патрэбныя сапраўдныя героі, якія загінулі, абараняючы «новую дзяржаву» ад ворагаў.
Думаю, каб надаць устойлівасць новай ідэйнай і палітычнай парадыгме, улады могуць пайсці на арганізацыю рэальных забойстваў сваіх прыхільнікаў – дзеля ўзмацнення эфекту вайны.
Так ці інакш, афіцыйны Дзень Незалежнасці стаўся чарговым этапам у афармленні «новага парадку» рэжыму Лукашэнкі.
Павел Усаў/АА belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.