Параўналі самыя вялікія хабары ў Расеі і Беларусі


Днямі з’явілася інфармацыя пра самы буйны з вядомых хабараў, які калі-небудзь перадавалі ў Расеі. Начальнік следчага аддзелу СКР па Цвярскім раёне Масквы Марат Тамбіеў атрымаў ад падследных хакераў з «Infraud Organization» хабар у біткойнах, адпаведны амаль $ 24 млн. Крыптавалюту яму пералічылі за тое, што не быў накладзены арышт на актывы пры расследаванні крымінальнай справы. Гэты хабар ёсць своеасаблівым антырэкордам з усіх вядомых, якія калі-небудзь перадаваліся супрацоўнікам праваахоўных органаў РФ.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Альянс расследавальнікаў Беларусі прааналізаваў матэрыялы, якія сталіся даступнымі дзякуючы дапамозе кіберпартызанаў, пра аднаразовыя і сістэмныя хабары, што перадаваліся ў 2020–2021 гадах чыноўнікам, сілавікам ды іншым службовым асобам Беларусі.

На падставе такой інфармацыі АРБ робіць несуцяшальныя высновы. Насаджанае беларускімі прапагандыстамі меркаванне пра адсутнасць карупцыі ў Беларусі – усяго толькі ілюзія. Пасля 2020 года карупцыя ў краіне дасягнула неймаверных маштабаў.

Дынаміка паказвае, што вельмі хутка ў гэтым пытанні будзе поўная «інтэграцыя». І гэта толькі тыя эпізоды, пра якія стала вядома. Улічваючы, што карупцыйныя злачынствы высокалатэнтныя, мы бачым толькі верхавіну айсберга. Таксама варта ўлічыць, што пасля 2020 года «праваахоўнікі» засяродзілі свае намаганні на барацьбе з беларусамі.

Дакумент перадалі рэдакцыі

З унутраных дакументаў МУС, якія сталіся даступнымі, пра стан карупцыі ў 2020–2021 гадах, вядомыя самыя буйныя сумы аднаразовых хабараў, якія планавалася перадаваць:

  • $ 10 млн найвышэйшым чыноўнікам РБ;
  • $ 200 тыс. суддзям Вярхоўнага Суда;
  • самы буйны аднаразовы хабар, які перадалі, – $ 48 тыс., яго атрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Міронаў;
  • сума сярэднестатыстычнага хабару працаўніку АБЭЗ – $ 5000, прычым «прымаюць, не адыходзячы ад касы», то бок на службе і ў форме;
  • «пракурорскім» належыцца па $ 50 тыс.;
  • інспектарам падатковай – ад $ 1000 да $ 3000, але гэтыя сумы маюць быць рэгулярнымі;
  • самыя дробныя сумы хабараў дактарам і выкладчыкам (што нядзіўна, улічваючы стан медыцыны і адукацыі ў краіне) – ад 20 да 40 рублёў за фіктыўныя бальнічныя лісткі і здачу экзаменаў у каледжы.

Даволі часта сустракаюцца шматэпізодныя выпадкі, напрыклад, генеральны дырэктар «Пінсксаўгасбуду» Сяргей Бычыло, прыкрываючыся дэпутацкім мандатам, рэгулярна патрабаваў і атрымліваў хабар, сума якога вар’яваліся ў дыяпазоне $ 15 тыс. – 25 тыс., а разам перавышае $ 65 тыс.

Такса для хабару райвыканкамаўскім чыноўнікам вагаецца ад Br 3000 да 32 тыс., для Менскага гарвыканкаму – 50 тыс., але ўжо долараў.

Здзіўляе, што пры такіх маштабах карупцыі чыноўнікаў адпраўляюць пад хатні арышт або зусім не выкарыстоўваюць ніякай меры стрымання, іх нават пакідаюць працаваць на ранейшых пасадах, як, напрыклад, першую намесніцу начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Верхнядзвінскага райвыканкаму Аксану Касцюк, якая ў 2020–2021 гадах атрымала хабараў ад бізнесоўцаў на Br 3770.

Дэталёвая інфармацыя выкладзена ў дадатку.

АРБ удзячная кіберпартызанам за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

Больш расследаванняў АРБ – тут або ў тэлеграм-канале.

Стужка навінаў