Чэйн-Стокс, бясплатны боршч і жалоба паводле інструкцыі. 70 гадоў таму памёр Сталін


Савецкі дыктатар Іосіф Джугашвілі (Сталін) памёр 70 гадоў таму, 5 сакавіка 1953 года. Усемагутны старшыня Савета Міністраў СССР, сакратар ЦК КПСС – чалавек, фактычна які стварыў Савецкі Саюз і нязменна кіраваў ім без малога 30 гадоў, правадыр і бацька народаў для адных і крывавы тыран для іншых – паміраў доўга і цяжка, пакуль паплечнікі назіралі за яго агоніяй і дзялілі ўладу. У чарговую гадавіну смерці Сталіна мы ўспомнілі, як на яе рэагавалі ў краіне і свеце, як яна была адлюстраваная ў фільмах і кнігах.

Бюст Іосіфа Сталіна на ягонай магіле ля Крамлёўскай сцяны. Масква, Расея, 5 сакавіка 2013 года.
Фота: Krasilnikov Stanislav / TASS

Агонія ў самоце

Усёмагутны 74-гадовы самаўладца паміраў некалькі дзён – з нейкай прычыны Іосіфа Сталіна не турбавалі на працягу ўсяго дня 1 сакавіка і ўбачылі, як ён ляжыць на падлозе ў лужыне мачы толькі ўвечары. Дапамогу ўсемагутнаму да той хвіліны нацлідэру аказалі не адразу, ягоныя паплечнікі прыехалі на дачу правадыра, ацанілі абстаноўку і пачалі збірацца ў Крамлі – дзяліць уладу, перыядычна прыязджаючы паглядзець на таго, каго апявалі і баяліся.

Класічная гісторыя sic transit gloria mundi: яшчэ ўчора гэты чалавек выношваў грандыёзныя планы новага вітка рэпрэсій і, па некаторых сведчаннях, новай вайны, а сёння памірае ў лужыне мачы. Стварыўшы вакол сябе атмасферу страху і вымарозіўшы бяспечную дыстанцыю, дыктатар раптам апынуўся зусім адзін. Асяроддзе кінула, лекары баяцца адказнасці як за бяздзейнасць, так і за дзеянні, сям’і ўсё роўна што няма – дачка аддалілася, сын-генерал п’е.

Толькі 4 сакавіка народу паведамілі пра хваробу правадыра: пасля навін а 7 раніцы змянілася сетка ранішніх радыёперадачаў – замест зарадкі і чытання перадавіц «Правды» гучала сумная класічная музыка. У 9:30 (па іншых дадзеных, у 6:30) Юрый Левітан зачытаў афіцыйнае паведамленне пра хваробу Сталіна. Яно не было праўдзівым – народу вырашылі сказаць, што інсульт адбыўся ў ноч на 2 сакавіка ў кватэры ў Маскве (гэта значыць у Крамлі), згадаўшы паралюш правага боку цела і страту мовы. 5 сакавіка прагучалі малавядомыя да тых часоў прозвішчы лекараў XIX стагоддзя Джона Чэйна і Уільяма Стокса.

Раніцай 6 сакавіка гораду і свету паведамілі, што Сталіна больш няма – менавіта да гэтага моманту паплечнікі дыктатара нарэшце падзялілі ўладу. Як вядома з дакладной цыдулкі міністра дзяржбяспекі Сямёна Ігнацьева, у краіне паралельна гучалі дзве супрацьлеглыя рэакцыім–мтрагічнае «На каго ж ты нас пакінуў!..» і захопленае «Нарэшце!» (за ім ішлі расследаванне і арышт).

На «свабодзе»

Успамінаючы тыя дні, Іосіф Бродскі апісваў сцэну аплаквання Сталіна: «Мне было 13, я вучыўся ў школе, і нас усіх сагналі ў актавую залу, загадалі стаць на калені, і сакратар партарганізацыі — мужчынападобная цётка з калодкай ордэнаў на грудзях — заламаўшы рукі, крыкнула нам са сцэны: «Плачце, дзеці, плачце! Сталін памёр!» – і сама першая залямантавала ўголас. Мы, рабіць няма чаго, зашмыгалі насамі, а потым і па-сапраўднаму зараўлі».

«Што да мяне, то (тады — да сораму, цяпер — да гонару) я не плакаў, хоць стаяў на каленях і шмыгаў носам, як усе. Хутчэй за ўсё таму, што незадоўга да гэтага я выявіў у падручніку нямецкай мовы, узятым у прыяцеля, што «правадыр» па-нямецку — фюрэр. Тэкст так і называўся: «Unser Führer Stalin». Фюрэра я аплакваць не мог», – пісаў паэт праз 20 гадоў пасля смерці Сталіна.

«Жыхарам Горадні выдалі жалобныя нарукаўныя павязкі і загадалі па чарзе ўставаць у «ганаровую варту» вакол помнікаў генералісімусу, узведзеных у розных частках горада. На тварах людзей не было, натуральна, радасных усмешак, але я не заўважаў і прыкметаў усенароднай смутку. Адслужвалі рытуал – толькі і ўсяго. Некаторыя, падобна да нас з бацькам, думалі пра сябе, што горш ужо не будзе», – успамінаў гісторык Барыс Клейн.

Шмат каму запомнілася музычнае афармленне развітання – мелодыі Барадзіна, Грыга, Глазунова і іншых, Бродскі ўспамінаў пра «Marche funebre» Шапэна і чагосьці з Бетховена, чалябінская журналістка Ірына Маргулес (тады школьніца, камсамолка сталінскага прызыву) пісала, што ў дзень пахавання гімн СССР па радыё гучаў без слоў.

Клімент Варашылаў, Вячаслаў Молатаў (Скрабін), Іосіф Сталін (Джугашвілі), Мікалай Яжоў на набярэжнай канала Масква–Волга.
Фота: State Museum of the Political History of Russia / Fine Art. Images / Forum

У лагерах

Іншым было ўспрыманне ў больш аддаленых кутках бязмежнай краіны, у створаных па волі нябожчыка лагерах сістэмы ГУЛАГ. Былы зняволены Хабараўскага ППЛ Аляксандр Жукаў успамінаў, як даведаўшыся пра смерць Сталіна, зняволеныя радаваліся ў надзеі на хуткае вызваленне і крычалі: «Ура! Памёр тыран! Свабода! Свабода!».

Іван Яўсееў, які ўтрымліваўся ў Тайшэтлагу за «дыскрэдытацыю Сталіна», паліткатаржанін царскіх часоў пісаў, што частка зняволеных верыла, што Сталін не ведаў пра рэпрэсіі:

«Даведаўшыся пра ягоную смерць, многія пралілі нямала слёз. Гэта мяне вельмі абурыла. Я не стрываў і сказаў: «Дурні, навошта плакаць, бо цяпер дадому паедзем». Гэтыя мае словы стукачы перадалі оперупаўнаважанаму (…) і ён адправіў мяне ў карцэр без ацяплення на 7 сутак».

У Варкуце на жаночай зоне ўспрыманне было дваякім, распавядала зняволеная Ніна Адолінская: яе саму «ахапіла пачуццё радасці, такой, што яна і не збіралася хаваць», данбаскія і растоўскія жанчыны «паказвалі гора», украінкі стрымана абмяркоўвалі падзею паміж сабой, а калі Ніна разам з латышкай Аўстрай Лапіньш працавала на экскаватары і начальнік запатрабаваў ўстаць і ўшанаваць памяць Сталіна хвілінай маўчання, Адолінская адмовілася, заявіўшы: «А я за гэта сяджу».

Каталіцкі святар П’етра Леоні, які сядзеў у Варкуце за місіянерскую дзейнасць, у напісаных пасля вызвалення і высылкі зСССР мемуарах сцвярджаў, што смерць Сталіна была ледзь не прадбачанай: «Мой дарагі сябар, айцец Юлій З., распавёў мне, які сон прысніўся яму пару дзён таму. Бачу грандыёзны клуб у форме пяціканцовай зоркі. Катлаван выкапаны, і ўся савецкая арыстакратыя сабралася на закладку першага каменя. Сталін залазіць на п’едэстал і толькі пачынае гаворку, як раптам падае на дно катлавану. Падбягаюць падняць, але той ужо не дыхае. Раздаецца крык: «Памёр! Памёр!». Далей пышнае пахаванне, Сталін у залатой або пазалочанай труне, народ адусюль, гром аркестраў». Так распавядаў айцец Юлий прыкладна 2 сакавіка, за два ці тры дні да таго, як маскоўскае радыё паведаміла аб цяжкай хваробе правадыра».

«Падчас пахавання прыйшлося і нам, па загадзе начальства, перапыніць працу на 5 хвілін маўчання. Усім хацелася весяліцца, а не плакаць, але мы ахвотна выканалі загад: тыран, пры жыцці не даваў спакою, хоць бы смерцю даў 5 хвілін адпачынку. Надзея прачнулася са смерцю Сталіна і ўмацавалася, калі, гледзячы на новых кіраўнікоў, мы заключылі, што памерці яму дапамаглі», – удакладняе айцец Леоні.

Рэакцыя духавенства

Праект «Газетные старости» указвае на стрыманае паведамленне Ватыкана: «Папа [Пій XII], апавешчаны пра смерць Сталіна, адслужыў у сваёй прыватнай капэле імшу за «Царкву маўчання» і за выратаванне душы «вялікага мёртвага цяпер ганіцеля Царквы».

Дэ-факта створаная Сталіным РПЦ адгукнулася інакш. Патрыярх Аляксій І перад паніхідай па Сталіну сказаў: «Скасавалася сіла вялікая, маральная, грамадская; сіла, у якой народ наш адчуваў ўласную сілу, якою ён кіраваўся ў сваіх стваральных працах і прадпрыемствах, якою ён суцяшаўся на працягу многіх гадоў. (…) Яго імя, як змагара міру ва ўсім свеце, і яго слаўныя дзеі будуць жыць у стагоддзях. Мы ж, сабраўшыся дзеля малітвы аб ім, не можам прайсці маўчаннем яго заўсёды добразычлівага, спагадлівага стаўлення да нашых царкоўных патрэб. (…) Памяць пра яго для нас незабыўная, і наша Руская Праваслаўная Царква, аплакваючы яго сыход ад нас, выпраўляе яго ў ягоны апошні шлях, «у шлях усяе зямлі», гарачай малітвай. (…) І нашаму любаснаму і незабыўнаму Іосіфу Вісарыёнавічу мы малітоўна, з глыбокай, гарачай любоўю абвяшчаем вечную памяць».

Падобным чынам адгукнуліся праваслаўныя іерархі з іншых краін, а таксама лютэране: «Евангелічная Царква Нямеччыны з сардэчнай любоўю падзяляе жалобу расейскага народу».

Пахаванне Сталіна. Фота wikipedia.org

Куды больш рэзкай была рэакцыя РПЦЗ (Рускай Праваслаўнай Царквы за мяжой, створанай іерархамі, якія эмігравалі ў гады Грамадзянскай вайны): «Смерць Сталіна – гэта смерць найвялікшага ў гісторыі ганіцеля веры Хрыстовай. Злачынствы Нерона, Дыяклетыяна, Юльяна Адступніка і іншых бязбожнікаў бляднеюць перад абліччам яго страшных дзеяў. Уся сатанінская злосць, здавалася, ўвасобілася ў гэтым чалавеку, які ў яшчэ большай ступені чым фарысеі заслугоўвае назвы сына д’ябла».

У свеце

Шырока вядомае фота шыльды рэстарана «1203», які запрашаў усіх на бясплатны боршч у гонар смерці Сталіна, а аб афіцыйным кульце асобы кіраўніка СССР ва Усходняй Нямеччыны вядома менш. Культ правадыра прыйшоў у ГДР яшчэ да яе афіцыйнага стварэння, адразу пасля заканчэння Другой сусветнай. Апафеозам пакланення ўсходніх немцаў перад савецкім кіраўніком стаў 1949 год –супалі яго афіцыйнае 70-годдзе і заснаванне ГДР. Да 1955 года дзень нараджэння Сталіна нават быў афіцыйным святам у ГДР.

Жалоба па «лепшаму сябру нямецкага народу» доўжылася з 6 па 11 сакавіка і была старанна прадумана і распісаная. Так, прадпісвалася арганізаваць паездкі дэлегацый з рэгіёнаў да савецкай амбасады ў Берліне, да месцаў дыслакацыі савецкіх войскаў для «выказвання спачування і дэманстрацыі згуртаванасці з Савецкім Саюзам». Калоны жалобных шэсцяў рэкамендавалі ўпрыгожыць чырвонымі сцягамі і сцягамі ГДР, выкарыстанне транспарантаў у жалобных працэсіях забаранілі, а шэсцем загадалі моўчкі праходзіць міма трыбун, аформленых, як правіла, вялікім партрэтам Сталіна са сцягамі СССР і ГДР абапал. Бюсты і партрэты правадыра выстаўляліся на працоўных месцах і плошчах. (Дарэчы, антыкамуністычнае паўстанне 17 чэрвеня 1953 года пачыналася ў ГДР у тым ліку з раздачы ўлётак на Сталін-алеі.)

Для Чэхаславакіі развітанне з савецкім кіраўніком скончылася трагікамічна – прэзідэнт краіны Клемент Готвальд прастудзіўся на пахаванні Сталіна і памёр па вяртанні ў Прагу.

Фасад будынка рэдакцыі французскай камуністычнай газеты L’humanite, задрапіраваны жалобнай чорнай тканінай і партрэтам Сталіна. 3 сакавіка 1953 г. Парыж, Францыя.
Фота: Keystone Pictures USA / Zuma Press

Урад Францыі распарадзіўся прыспусціць сцягі на будынках вайсковых устаноў і вайсковых судах. Старшыня Нацыянальнага сходу леварадыкал Эдуар Эрыё выступіў на пасяджэнні з прамовай, прысвечанай «ваеннаму генію Сталіна», дэпутаты выслухалі яе стоячы.

Брытанскія газеты паведамілі, што прэм’ер-міністр Ўінстан Чэрчыль не пасылаў тэлеграму ў Маскву, а ў Палаце абшчын ніхто не згадаў пра смерць Сталіна. Daily Sketch адзначыла, што «няма падстаў праліваць слёзы: свет задаволены, што пазбавіўся ад тырана». Але ў The Manchester Guardian з’явілася знакамітае сцвярджэнне «Сталін прыняў Расею з сахой, а пакінуў з ядзернымі рэактарамі», пазней прыпісанае Чэрчылю.

Іншай была рэакцыя ў Швецыі: кароль і ўрад выказалі афіцыйныя спачуванні, але радыё адразу пасля навіны з Масквы перадало выступ джазавага аркестра, а затым ставіла паведамленне пра смерць Сталіна паміж зводкай коштаў на яйкі і алей і прагнозам надвор’я.

У літаратуры і кінематографе

Акрамя нашумелай камедыі «Смерць Сталіна», у якой Мінкульт РФ адклікаў пракатнае пасведчанне, былі і іншыя фільмы, якія закранаюць тэму 5 сакавіка.

Кадр з фільму «Смерць Сталіна» (2017 год).
Фота: Image Capital Pictures / Film Stills

Драма Аляксея Германа «Хрусталёў, машыну!», азагалоўленая першай фразай послесталинской эпохі, пачынаецца ў першы дзень хваробы Сталіна і паказвае сцэны раптоўнага вызвалення генерала медыцынскай службы з наступным прыбыццём да смяротнага ложка «бацькі народаў».

Інакш паступіў Юнас Юнасан – у поўным чорнага гумару рамане «Сто гадоў і чамадан грошай у прыдачу» шведскі пісьменнік стварыў цэлую канспіралагічную версію смерці Сталіна. У ёй аказваецца вінаваты швед Алан Карлсан, каторы ўсё жыццё раз’язджае па свеце, міжволі вызначае гісторыю і п’е з першымі асобамі вядучых краін. Апынуўшыся ў ГУЛАГу, ён захацеў выпіць і задумаў ўцёкі. Для гэтага швед падпаліў кантэйнеры з коўдрамі і зброяй для КНДР – у выніку згарэў увесь Уладзівасток. Калі пра гэта паведамілі Сталіну, правадыру стала нядобра, а пазней яго хапіў удар. (Экранізацыя выйшла нашмат слабейшай за кнігу і запомнілася тым, што ў ёй таварыш Сталін, напіўшыся, грае на трубе.)

Нямала шуму нарабіў у Расеі спектакль паводле п’есы Артура Саламонава «Як мы хавалі Іосіфа Вісарыёнавіча». Яго нават здымалі з пастановак, але ў афішы Театра.doc спектакль пазначаны. А яшчэ яго ставяць у Грузіі.

Прывід ходзіць па Расеі, прывід сталінізму

У апошнія гады ў РФ усё часцей гучаць навіны аб перайменаванні ў гонар Сталіна вуліц і ўстаноўцы яму помнікаў, а ліберальная грамадскасць рытуальна абвяшчае ў Фэйсбуку тосты за Чэйна і за Стокса, працягваючы спадзявацца толькі на іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына ідзе міма бюста Сталіна ў музеі-панараме «Сталінградская бітва». Валгаград, Расея, 22 жніўня 2017 года.
Фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters

На вуліцах буйных гарадоў 5 сакавіка перыядычна з’яўляліся плакаты «Памёр той, памрэ і гэты», а да магілы Сталіна ля Крамлёўскай сцяны ўсё яшчэ прыходзяць камуністы з кветкамі і слязьмі.

Іосіф Джугашвілі працягвае падзяляць і панаваць і пасля смерці – эфектыўны менеджэр для адных і забойца мільёнаў для іншых, Бацька савецкай імперыі па-ранейшаму ў парадку і ў гэтым сэнсе жывейшы за некаторых жывых. Падобна персанажам фільма Тэнгіза Абуладзэ «Пакаяння», мы не перастаем хаваць і выкопваць труп Сталіна, вагаючыся паміж захапленнем і жахам. І не відаць гэтаму развітанню, якое зацягнулася, ні канца, ні краю.

Іван Аляксееў / АА, belsat.eu

Стужка навінаў