Консулка Беларусі ў Мюнхене Наталля Хвастова звольнілася на знак пратэсту супраць вайны


Консулка Беларусі ў Мюнхене Наталля Хвастова звольнілася на знак пратэсту супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў службовай запісцы на імя міністра замежных справаў РБ Уладзіміра Макея, якую апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусы зарубежья».

«У сувязі з тым, што праца ўсіх дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь больш не грунтуецца на прынцыпах арт. 6 закону «Аб дзяржаўнай службе» (…), а таксама ў сваёй вонкавай палітыцы Рэспубліка Беларусь больш не кіруецца прынцыпам роўнасці дзяржаваў, не ўжывання сілы і пагрозаў сілы, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы, замацаваных арт. 18 Канстытуцыі (…),

больш за тое, дзяржава спыніла захоўванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі, і суверэнітэт краіны знаходзіцца пад пагрозай, мяркую неабходным, на знак пратэсту, скласці з сябе паўнамоцтвы консула Генеральнага консульства РБ у Мюнхене», – гаворыцца ў заяве Наталлі Хвастовай.

У самым нізе запіскі прыпісала ад рукі: «Людзьмі звацца».

Паведамляецца, што Наталля Хвастова цяпер у бяспецы.

ЗК belsat.eu

 

Стужка навінаў