Лёс паплечнікаў Кастуся Каліноўскага: героі, здраднікі, вынаходнік і святы


2 лютага споўнілася 185 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, нашага нацыянальнага героя і лідара паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве. Кіраваць разгалінаванай паўстанцкай арганізацыяй без належнай падтрымкі было б немагчыма.  Хто яны, паплечнікі Кастуся Каліноўскага і як склаўся іх далейшы лёс?

Валер Урублеўскі

Ураджэнец Жалудка стаў адным з найбольш слынных паўстанцкіх камандзіраў часоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Валер Урублеўскі скончыў Пецярбургскі лясны інстытут, дзе яго любімымі заняткамі сталі тапаграфія, фехтаванне і стральба. Пасля навучання ўзначаліў лясную школу ў Саколцы. Менавіта сюды ў сакавіку 1861 года прыязджае Кастусь Каліноўскі разам з паплечнікам (усяго разам 10 чалавек), каб заснаваць таемнае таварыства, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Гарадзенская рэвалюцыйная арганізацыя».

Валер Урублеўскі быў адным з аўтараў «Мужыцкай праўды», якая пачала распаўсюджвацца па Беларусі ўлетку 1862 года, а з пачаткам паўстання ён атрымаў ад Каліноўскага мандат вайсковага начальніка Гарадзенскага ваяводства. Але пасля «белага перавароту» вымушаны быў падначаліцца прызначанаму на гэтую пасаду палкоўніку Ануфрыю Духінскаму, якога характарызавалі як «поўную няздатнасць».

Падчас маршаў партызанскіх атрадаў Урублеўскі вылучаўся дасканалым веданнем цяжкапраходных шляхоў Белавежскай пушчы і  асабістай адвагай, як, напрыклад, у пераможнай бітве ва ўрочышчы Вялікі Кут на Ружаншчыне.

Цяжка параненым яго вывезлі за мяжу. У Парыжы Валер Урублеўскі ўладкаваўся ў тыпаграфію, падпрацоўваў ліхтаршчыкам. У 1871 годзе ён, як і 600 іншых удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, што жылі ў Парыжы, далучыўся да рэвалюцыі французаў – «Парыжскай камуны». Урублеўскі атрымаў званне генерала і ўзначаліў адну з трох рэвалюцыйных арміяў. Але «камунары» пацярпелі паразу і Валер вымушаны быў зноў эміграваць, на гэты раз у Лондан, дзе сябраваў з сям’ёй Карла Маркса.

У Францыю вярнуўся пасля амністыі ў 1885 годзе, а Фрыдрых Энгельс нават дапамог яму з атрыманнем ад французскага ўраду пенсіі, як колішняму генералу Парыжскай камуны. Памёр Валер Урублеўскі на 72-м гаду жыцця ў поўнай адзіноце, але ў апошні шлях яго суправаджалі тысячы парыжскіх рабочых.

Валер Урублеўскі (1836-1908). Крыніца: wikipedia

Фелікс Ражанскі

Кастусь Каліноўскі неаднаразова бываў у Вялікай Бераставіцы ў гасцях у свайго сябрука Фелікса Ражанскага, разам з якім закладаў «Гарадзенскую рэвалюцыйную арганізацыю» і хадзіў па беларускіх вёсках, вывучаў жыццё сялян.

Фелікс Ражанскі у сваю чаргу шмат часу правёў у Якушоўцы, якой валодалі Каліноўскія. Акрамя ўдзелу ў напісанні «Мужыцкай праўды» ён увайшоў у нашую гісторыю як аўтар беларускіх паўстанцкіх песень «Ах ты, мая чарнабрыва!» і «Гэй-га, разам, хлопцы…», якія шырока разышліся па Беларусі ў 1863-1864 гадах.

У час паўстання Фелікс Ражанскі быў афіцэрам Ваўкавыскага і Бельскага паўстанцкіх атрадаў, узяў удзел у 11 баях, пасля паразы выехаў у Галіцыю, дзе і памёр пасля 1903 года здолеўшы зарабіць неблагі капітал у якасці землеўладальніка.

Мужыцкая праўда, № 4. Крыніца: Літоўскі нацыянальны гістарычны архіў

Ігнат Казлоўскі

Ён быў спачатку вікарыем касцёла ў Ялоўцы, у якім хрысцілі Кастуся Каліноўскага, а затым стаў ксяндзом у Вялікай Бераставіцы. Менавіта Ігнат Казлоўскі падчас таемнага ўстаноўчага сходу Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі прымаў прысягу ад яе сяброў. Калі жандары ўжо мелі загад арыштаваць Каліноўскага, то ў лістападзе 1862 года яны даведаліся пра наведванне ім свайго сябры ў Вялікай Бераставіцы, пры гэтым Казлоўскі тлумачыў, «што не Вікенцій, а Канстанцін Каліноўскі» – менавіта такое яго сапраўднае імя. Параза паўстання і смерць яго сябры цяжка адбілася на Ігнаце Казлоўскім. Ён адмовіўся ад сану, перайшоў на праваслаўе і працаваў настаўнікам у мужчынскай гімназіі ў Вусць-Мядзведзку.

Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай. Крыніца: Свіслацкія аркушы

Станіслаў Сангін

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Сангін быў амаль на 20 гадоў старэйшы за Кастуся Каліноўскага, ён быў адным з найбліжэйшых яго сяброў. Як і брат Кастуся Віктар Каліноўскі, Сангін цікавіўся гісторыяй, уваходзіў у Віленскую археалагічную камісію і нават збіраў прадметы старажытнасці для музею ў Вільні, заснаванага ў 1855 годзе Яўстахам Тышкевічам.

Станіслаў Сангін належыў да бліжняга кола Кастуся Каліноўскаа, прымаў удзел у заснаванні Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, выданні «Мужыцкай праўды». Ён працаваў акцызным чыноўнікам, жыў у Горадні на вуліцы Маставой каля кляштара, дзе неаднойчы спыняўся Каліноўскі пад імем Чарноцкага.

З пачаткам паўстання ў Каралеўстве Польскім менавіта Сангін выехаў у атрад Рамана Рагінскага, які 27 студзеня перайшоў на тэрыторыю Гарадзенскай губерні, каб яшчэ да абвяшчэння 1 лютага маніфеста аб пачатку паўстання ў Беларусі і Літве наладзіць з ім сувязі.

Сангін разам з гарадзенскімі добраахвотнікамі прымаў удзел у бітве пад Сямяцічамі 6-7 лютага 1863-1864 гадоў, параза ў якой не дазволіла адразу ж пашырыць паўстанне на Беларусь. Спроба гэта зрабіць падчас 750 км рэйда па Палессі на чале з Раманам Рагінскім, у якім удзельнічаў і Сангін, няхай і прывяла да захопу Пружанаў, але паказала, што тутэйшы народ да паўстання яшчэ негатовы.

Сангін выступіў супраць далейшага працягу паходу і за паварочванне назад у бок Сямяцічаў, што прывяло да канфлікту з Рагінскім. У выніку атрад падзяліўся на дзве часткі. 15 лютага Станіслаў Сангін на чале свайго атраду натрапіў на расейскі Пскоўскі полк і быў разбіты. Сам 45-гадовы Станіслаў Сангін загінуў у гэтым баі, што адбыўся каля вёскі Рэчыца (сёння – Камянецкі раён Брэсцкай вобласці).

Транспарт параненых паўстанцаў. Крыніца: росшукі

Цітус Далеўскі

Цітус паходзіў са знакамітай сям’і Далеўскіх, прадстаўнікі якой былі вядомымі “змагарамі”. Хлопец быў наймалодшым з дзесяці дзяцей Дамінікі і Дамініка Далеўскіх, два старэйшыя сыны якіх яшчэ ў 1840-я гады за ўдзел у таемных таварыствах у Вільні былі сасланыя ў Сібір.

Калі Францішак і Аляксандр павярнуліся з Сібіры, то ад колішняга радыкалізму ў іх і след прастыў. Яны ўгаворвалі малодшага брата не псаваць сабе жыццё пошукам справядлівасці, але ён не мог гэтага выканацьь, асабліва пабачыўшы, як сканаў ад сухотаў пасля жудасных руднікоў яго брат Аляксандр напярэдадні паўстання (Кастусь Каліноўскі таксама страціў брата Віктара тады ж).

Яшчэ адно, што яднала ЦІтуса Далеўскага і Кастуся Каліноўскага – абодва нават мелі нарачоных з адной сям’і Ямантаў (Алены і Марыі).

Цітус Далеўскі вучыўся ў Віленскай гімназіі ў адным класе з Францішкам Багушэвічам, будучым беларускім класікам, таксама ўдзельнікам паўстання. Вучыўся ў Маскве ва ўніверсітэце, але пасля адной з вандровак у Пецярбург пасябраваў з Кастусём Каліноўскім. І гэтае сяброўства было сапраўды да самай смерці.

У час паўстання Цітус выконваў найбольш небяспечныя заданні, якія даручаў яму Кастусь Каліноўскі. Лідар паўстання ў Беларусі і Літве даверыў свайму сябру друк паўстанцкіх маніфестаў, пастановаў, баявых лісткоў, накіроўваў яго для пераправы грошай і зброі для патрэбаў паўстанцкіх атрадаў у найбольш цяжкія раёны.

Урэшце, 20 снежня царскія ўлады выйшлі на шлях Цітуса Далеўскага і Кастуся Каліноўскага, дзякуючы даносу правакатара Юзафа Кушалеўскага. Але ў апошні момант Кастуся папярэдзілі, а Цітуса – не паспелі. У сваім заключным лісце да нарачонай Алены Ямант Цітус пісаў: «Любіў сваю Радзіму і цяпер мне радасна аддаць за яе жыццё. Пакідаю маю сям’ю на апеку майго народу, бо з нас, братоў, ніхто не застанецца жывым».

30 снежня 1863 года Цітуса Далеўскага расстралялі на Лукішскім пляцы ў Вільні.

Цітус Далеўскі. Крыніца: wikipedia

Ігнат Здановіч

Ігнат Здановіч быў вундэркіндам, якому быў наканаваны лёс вялікага навукоўца ў вобласці матэматыкі. Ён пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім у Пецярбурзе падчас навучання ва ўніверсітэце. Бацька Ігната, даволі вядомы на той час гісторык Аляксандр Здановіч даведаўшыся пра гэтае сяброўства, адгаворваў сына ад усялякіх кантактаў з «гэтым рэвалюцыянерам». Але не дапамагло.

У 1863 годзе Ігнат Здановіч спачатку стаў паўстанцкім касірам, а пазней узначаліў таемную арганізацыю ў горадзе Вільня, якой кіраваў пакуль 26 верасня ў 4 гадзіны ночы не быў арыштаваны ў бацькоўскім доме. Пры ім напачатку нічога не знайшлі, але калі жандармы ўжо выводзілі Ігнася (так яго называлі родныя) на вуліцу, адзін з паліцэйскіх звярнуў увагу на акенца дому, якое выходзіла на Віленку, і якога ў толькі што агледжаным пакоі ён не прыгадаў. У выніку быў выяўлены таемны пакойчык, дзе Здановіч хаваў паўстанцкія паперы.

Здановіча прыгаварылі да расстрэлу, замененага па загаду Міхаіла Мураўёва на павешанне. 2 студзеня 1864 года 22-гадовага Ігната Здановіча адправілі на пакаранне. Яго ў апошні шлях суправаджаў і яго сябра Кастусь Каліноўскі. Гэта ўспамінаў адзін з вязняў турмы ў Вільні Якуб Гейштар: «Не можам спаць ад самае раніцы, а тут адчыняецца брама і ўваходзіць наш добры настаўнік Здановіч! Ён з адзіным сынам прыйшоў развітацца. Пасля прыйшлі афіцэры, ксёндз і неразлучны Моўша, давераны цырульнік Вяткіна. Двор, пасыпаны ялінкай… грамады людзей тоўпяцца перад брамай, а прама перад турмой – заўсёды прысутны пры выкананні Каліноўскі!»

Цяпер Ігнат здановіч, як і Цітус Далеўскі спачываюць побач з Кастусём Каліноўскім на могілках Росы ў Вільні.

Ігнат Здановіч з сём’ёй Крыніца: Каліноўскі – мой герой

 Міхал Аскерка

Карэнны мінчук, паходзіў са старажытнага роду Аскеркаў. Ён скончыў Слуцкую гімназію, а затым медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэту, дзе моцна пасябраваў спачатку з Віктарам, а затым і Кастусём Каліноўскімі.

Працаваў хатнім лекарам, што дазваляла яму легальна вандраваць па тэрыторыі Беларусі. Гэта ён актыўна выкарыстоўваў для актывізацыі паўстання ў Магілёўскай губерні, камісарам якой ён быў прызначаны Кастусём Каліноўскім. Менавіта ён пазнаёміў Кастуся з Вітольдам Парфіяновічам, які ў выніку выдаў месцазнаходжанне Каліноўскага ў Вільні.

Але сам Аскерка, калі яго арыштавалі пры спробе выехаць за мяжу па падробленым пашпарце ў лістападзе 1863 года адмовіўся даваць паказанні. І таму царскія ўлады пайшлі на хітрасць: яны паведамілі сябрам Аскеркі, што той быццам бы памёр у зняволенні. І тады некалькі паўстанцаў, расчуленыя такой падзеяй, далі паказанні, у якіх выкрылі і пра дзейнасць Міхала.

Урэшце, 10 мая 1864 28-гадовага Міхала Аскерку па загаду Міхаіла Мураўёва тэрмінова расстралялі ў Магілёве, за турэмным замкам на вучэбным пляцы. Увечары ў той жа дзень ад імя імператара Аляксандра ІІ прыйшло памілаванне, але было ўжо позна.

Міхаіл Аскерка. Крыніца: https://pruzana.wordpress.com/

Уладзіслаў Малахоўскі

Уладзіслаў Малахоўскі паходзіў з Кобрыншчыны, якая дала паўстанню найбольш слыннага яго дыктатара – Рамуальда Траўгута, павешанага ў Варшаве 5 жніўня 1864 года.

Як і Кастусь Каліноўскі, Уладзіслаў скончыў Свіслацкую гімназію, пасля чаго навучаўся ў Пецярбургскім інстытуце інжынераў шляхоў зносін. Тут ён і пасябраваў з Кастусём, а ў чэрвені 1863 года ў якасці кіраўніка паліцыі ў Вільні рыхтаваў разам з ім забойства шэрагу тых, хто актыўна падтрымоўваў Расейскую імперыю, і нават самога генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Але акцыя правалілася, Малахоўскі вымушаны быў пакінуць Вільню і з’ехаць за мяжу.

Камера Варнэрке (Малахоўскага). 1875 год. Крыніца: Kwartalnik Historii Nauki i Techniki. №11, 1966

Тут ён змяніў імя на Леон Варнэрке і перабраўся ў Англію, дзе ўвайшоў у гісторыю шэрагам вынаходніцтваў у фотатэхніцы. Адно з іх – скручаная касета для фотаапарата, якая лічыцца прататыпам «Кодака».

Памёр Уладзіслаў Малахоўскі ва ўзросце 63 гадоў у 1900 годзе ў Жэневе, афіцыйная прычына – самагубства.

Уладзіслаў Малахоўскі. Крыніца: Kwartalnik Historii Nauki i Techniki. №11, 196

Баляслаў Длускі

У 1838 годзе Баляслаў Длускі, маючы ўсяго 12 гадоў, трапіў за краты за ўдзел у таемным таварыстве віленскіх гімназістаў. Па дасягненні 14 гадоў яго разам з братам Пшэмыславам накіравалі ў карную роту ў Арэнбург.

Баляслава адправілі душыць паўстанне Шаміля на Каўказе, дзе дзякуючы адвазе ён змог не толькі выжыць, але і атрымаў чын падафіцэра, а ў 1854 годзе стаў афіцэрам у чыне капітана. 16 гадоў ён змагаўся на Каўказе, пасля чаго змог у 1856 годзе пакінуць войска і пачаць навучанне ў Акадэміі мастацтва ў Пецярбурзе.

У паўночнай сталіцы Расейскай імперыі Длускі знаёміцца з братамі Каліноўскімі. З Кастусём ён працягвае падтрымоўваць блізкія стасункі і пасля павяртання на Ковеншчыну.

Менавіта Длускаму, які ўзяў мянушку «Ябланоўскі», Кастусь Каліноўскі даручыў пасаду вайсковага начальніка Ковенскага ваяводства. Длускі арганізаваў атрад і дзейнічаў сумесна з атрадам ксяндза Антона Мацкевіча. Паспяховыя дзеянні па ўздыме літоўскіх і беларускіх сялян з боку Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў прывялі да перавароту з боку «белых» на чале з Якубам Гейштарам. Длускі быў адхілены ад кіраўніцтва Ковеншчынай і выехаў у Прусію, каб падрыхтаваць забеспячэнне атрада Зыгмунта Серакоўскага. А затым напачатку мая вярнуўся і сам на Жамойць, ды арганізаваў атрад у 400 чалавек Ён паспяхова дзейнічаў, супрацьстаяў значна большым сілам расейскіх войскаў. Але пасля таго, як «белыя» ў чарговы раз паказалі, што не зацікаўленыя ў пашырэнні паўстання, Баляслаў Длускі расчараваўся ў руху і перайшоў прускую мяжу.

Пасля вяртання ўлады Каліноўскім ён наладзіў сувязь з Длускім, якому загадаў набыць зброю для паўстанцаў у Літве і Беларусі. Але перашкодай на гэтым шляху стаў Людвік Мераслаўскі.

Урэшце, у лютым 1864 года Рамуальд Траўгут даручыў Длускаму кіраўніцтва корпусу ў Літве, які пачаў стварацца. Але паўстанне хутка было задушана і Людвік выехаў у Парыж, дзе ўладкаваўся на працу ў шпіталь. У 1873 годзе ён пасяліўся ў ваколіцах Кракава і стаў працаваць бібліятэкарам, займаючыся сваім любімым маляваннем.

Баляслаў Длускі памёр у 1905 годзе, а яго родныя прадалі дакументы, якія ён захоўваў пасля паўстання, царскім уладам.

Баляслаў Длускі. Крыніца: Stanisław Zieliński, Obrazki z powstania 1863 r., Warszawa 1935

Юзаф Каліноўскі

Яго ядналі з Кастусём не толькі далёкія кроўныя сувязі, але і тое, што абодва рана страцілі маці і выхоўваліся бацькам і мачыхай. Юзаф быў сынам дырэктара шляхетнага інстытута ў Вільні, але абраў кар’еру вайскоўца, скончыў Мікалаеўскую Інжынерную Акадэмію ў Пецярбурзе і з’яўляўся капітанам царскай арміі.

З пачаткам паўстання 1863-1864 гадоў Варшава накіравала яго ўзначальваць аддзел вайны ў «белым» Выканаўчым аддзеле Літвы. Але пасля перахопу ўлады Кастусём Каліноўскім Юзаф далучыўся да яго.

22 сакавіка 1864 года Юзаф знаходзіўся ў бацькоўскай кватэры ў Вільні па вуліцы Дамініканскай і назіраў, як Кастусь Каліноўскі выходзіць у свой апошні шлях – да шыбеніцы на Лукішскай плошчы ў Вільні. У гэты момант малады афіцэр стаў на калені і звярнуўся да Багародзіцы, каб тая «ўзяла пад сваю апеку душу Канстанціна».

Юзаф Каліноўскі. Крыніца: wikipedia

Юзафа схапілі праз пару дзён і асудзілі на смерць, але дзякуючы заступніцтву сям’і пакаранне замянілі на 10 гадоў катаргі. У далейшым Юзаф Каліноўскі далучыўся да ордэна кармелітаў і прыняў манаскае імя Рафал. У 1991 годзе быў кананізаваны каталіцкім касцёлам.

Барыс Булат  belsat.eu

Стужка навінаў