ЗША і Еўразвяз пачалі абмяркоўваць з Украінай магчымасць мірных перамоваў з Расеяй


Прадстаўнікі ЗША і Еўразвязу пачалі абмяркоўваць з Украінай магчымыя мірныя перамовы з Расеяй з мэтай спынення вайны, паведамляе тэлеканал NBC News са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў, адзін з якіх дзейсны, а другі – былы.

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн у Вашынгтоне.
Фота: Telegram / V_Zelenskiy_official

Згодна з крыніцамі, пэўныя «далікатныя» перамовы ўжо адбыліся ў кастрычніку на сустрэчы Кантактнай групы па абароне Украіны, у якую ўваходзяць больш за 50 краін. Гаворка ішла пра тое, ад чаго Украіне, магчыма, давядзецца адмовіцца, каб дасягнуць дамоўленасці.

У сваю чаргу НАТО гатова прапанаваць Украіне некаторыя гарантыі бяспекі, якія ўтрымаюць Расею ад новага ўварвання на яе тэрыторыю.

Крыніцы тэлеканалу зазначылі, што абмеркаванні пачаліся на тле занепакоенасці ЗША і Францыі, што вайна зайшла ў тупік і што яны не змогуць і надалей прадстаўляць Украіне дапамогу. У адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, як сцвярджаюць чыноўнікі, таксама занепакоеныя, што ва Украіны сканчаюцца сілы, у той час як у Расеі яны «здаюцца бясконцымі».

Аналітыка
Вайна на знясіленне трывае. Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце ва Украіне
2023.10.26 19:38

Пры гэтым адміністрацыя Байдэна не бачыць ніякіх знакаў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін гатовы да перамоваў з Украінай. Паводле крыніцаў NBC News, заходнія чыноўнікі кажуць, што Пуцін спадзяецца «перасядзець Захад» альбо працягваць барацьбу, пакуль заходнія краіны не вырашаць спыніць вайсковую дапамогу Украіне ці пакуль гэтая дапамога не стане занадта дарагой.

Па словах чыноўнікаў, ва Украіны ёсць час да канца гэтага года альбо крыху больш, пасля чаго распачнуцца «тэрміновыя дыскусіі пра мірныя перамовы».

Публічна прадстаўнікі ЗША аспрэчваюць, што падштурхоўваюць Украіну да перамоваў і што такія абмеркаванні ўвогуле вядуцца.

«Любыя рашэнні пра перамовы застаюцца за Украінай. Мы засяроджаныя на тым, каб працягваць падтрымліваць Украіну, якая абараняе сваю свабоду і незалежнасць ад расейскай агрэсіі», – заяўляла раней прэс-сакратарка Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Эдрыен Уотсан.

Амерыканскі інстытут Gallup, які даследуе грамадскую думку, 9 кастрычніка апублікаваў вынікі апытання жыхароў Украіны, згодна з якімі 60% украінцаў хочуць, каб іхная краіна працягвала барацьбу да перамогі. У той жа час тых, хто хоча, каб Украіна пайшла на перамовы – 31%. Практычна ўсе ўкраінцы пагаджаюцца, што перамога ў вайне – гэта вяртанне ўсіх тэрыторыяў, якія Расея забрала пад свой кантроль з 2014 года.

Выданне «The Economist» 1 лістапада апублікавала інтэрв’ю галоўнакамандуючага ЗСУ Валера Залужнага, у якім ён шчыра прызнаецца, што сітуацыя на фронце зайшла ў тупік, а працяглая пазіцыйная вайна выгадная Расеі, а не Украіне.

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў