Мінінфарм заблакаваў сайты экалагічнага аб’яднання «Экадом» і іншых грамадскіх арганізацыяў


Пра абмежаванне доступу на тэрыторыі Беларусі да сайту арганізацыі «Экадом» атрымаў паведамленне ад Міністэрства інфармацыі, падпісанае 3 лістапада першым намеснікам міністра інфармацыі Андрэем Кунцэвічам.

Прадстаўнікі экалагічнай арганізацыі «Экадом» Сяргей Магонаў і Марына Дубіна. Жэнева, Швейцарыя. 21 кастрычніка 2021 года.
Фота: ecohome-ngo.by

Грамадскае аб’яднанне «Экадом» Вярхоўны Суд Беларусі зліквідаваў 31 жніўня сёлета.

Краіны-ўдзельніцы Оргускай канвенцыі 21 кастрычніка прызналі гэтую ліквідацыю парушэннем канвенцыі і вынікам пераследу НДА ды прынялі пастанову наконт Беларусі. Паводле пастановы, калі не будуць зробленыя крокі для аднаўлення рэгістрацыі «Экадому» да 1 снежня 2021 года, то Беларусь згубіць правы і прывілеі паводле канвенцыі. Прыпыненне Беларусі ў правах у Оргускай канвенцыі ўступіць у моц 1 лютага 2022 года.

Пастанова аб абмежаванні доступу да сайту «Экадому».
Фота: «Экадом»/Facebook
Інтэрв’ю
Яраслаў Бекіш: Удар «Зялёнага лебедзя» для Беларусі будзе мацнейшы за санкцыі
2021.11.03 10:00

Оргуская канвенцыя – канвенцыя Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, што датычаць навакольнага асяроддзя.

«Экадом» – грамадскае аб’яднанне, заснаванае ў 1996 годзе для прасоўвання сяброўскага для экалогіі ладу жыцця ды ідэяў устойлівага развіцця. Гэта адна з найстарэйшых некамерцыйных экалагічных арганізацыяў у Беларусі.

На момант ліквідацыі сябрамі арганізацыі былі 82 чалавекі па ўсёй Беларусі. Кірункі дзейнасці «Экадому» ахоплівалі розныя сферы – ад экалагічнай адукацыі да абароны правоў людзей на спрыяльнае наваколле. Адной з ініцыятываў «Экадому» была Беларуская антыядравая кампанія супраць будоўлі АЭС у Астраўцы.

Таксама 4 лістапада былі заблакаваныя сайты іншых зліквідаваных уладамі грамадскіх арганізацыяў:

  • Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» – zbsb.org;
  • аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва» – perspektyva.org;
  • Беларускі ПЭН-цэнтр – penbelarus.org;
  • Саюз беларускіх пісьменнікаў – lit-bel.org;
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў – baj.by;
  • Беларускі камітэт ІКОМОС – icomos-belarus.by.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў