Вальфовіч заявіў, што мабілізацыі не будзе, але мабілізацыйныя захады ўжо робяцца


Па выніках нарады ў Лукашэнкі дзяржаўны сакратар Савету бяспекі распавёў, што мабілізацыі ў Беларусі не будзе, але мабілізацыйныя захады цяпер робяцца. Словы Вальфовіча прыводзіць прэсавая служба Міністэрства абароны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч наведвае памежную заставу. Берасце, Беларусь. 12 траўня 2022 года.
Фота: gpk.gov.by

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля нарады ў пытаннях ваеннай бяспекі распавёў, што сёння абстаноўка ў Беларусі, а таксама за межамі краіны даволі напружаная. Чыноўнік адзначыў, што Лукашэнка загадаў давесці інфармацыю пра гэтую абстаноўку да шырокай грамадскасці:

«Пастаўленая задача праінфармаваць насельніцтва Беларусі пра рэальную ваенна-палітычную абстаноўку. У буйных калектывах, на прадпрыемствах, у ведамствах. Каб народ Беларусі разумеў і ацэньваў гэтую абстаноўку, шанаваў тое, што сёння робіцца ў Беларусі для абароны нашага насельніцтва».

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі заявіў, што ў межах інфармавання будуць зняпраўджвацца фэйкі, бо лічыцца, што супраць Беларусі вакол вядуць інфармацыйную вайну.

Распавёў Вальфовіч і пра мабілізацыю, якой у Беларусі не будзе, але якая ўвесь час адбываецца:

«Ніякай мабілізацыі ў Беларусі не прадугледжваецца. А комплекс мабілізацыйных захадаў пачаўся не сёння і не ўчора, а ладзіцца цягам існавання Узброеных сілаў суверэннай Беларусі. Гэта нармальнае мабілізацыйнае рыхтаванне – комплекс зборавых захадаў, які дае магчымасць рыхтаваць вайскова навучаны рэзерв».

Паводле Вальфовіча, беларускія войскі будуць навучацца, таму дзеля гэтага ваеннаабавязаных будуць выклікаць на мабілізацыйныя зборы.

Раней Лукашэнка загадаў праверыць рэзервістаў «без гвалту і шуму» ды запэўніў, што гэта не дзеля таго, каб іх «кудысьці накіраваць кагосьці забіваць».

Hавiны
Лукашэнка даручыў праверыць усіх ваеннаабавязаных
2022.10.04 14:42

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў