Другі за лета і восьмы за тры гады. Ці ёсць расейскі след у вайсковым перавароце ў Габоне?


У дзень народзінаў Аляксандра Лукашэнкі ў Афрыцы адбыўся чарговы пераварот – другі за гэтае лета, які паказаў, што дыктатары, імкнучыся застацца ва ўладзе, не заўсёды могуць абапірацца нават на сваіх, здавалася б, верных сілавікоў. У прычынах і магчымых наступствах перавароту ў цэнтральнаафрыканскім Габоне разбіраліся карэспандэнты «Белсату».

Габонцы выйшлі на вуліцы Лібрэвілю з нацыянальнымі сцягамі пасля таго, як вайскоўцы абвясцілі ў тэлебачанні пра «канец цяперашняму рэжыму» прэзідэнта Алі Банго. Лібрэвіль, Габон. 30 жніўня 2023 года.
Фота: AFP / East News

Габон – дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы, памерам параўнальная з Беларуссю. Яе плошча – 267 тысячаў квадратных кіламетраў, што толькі на 60 тысячаў больш за Беларусь. Праўда, паводле колькасці насельніцтва Беларусь нават пасля ўсёй масавай эміграцыі, што пачалася ў 2020 годзе, прыблізна ў чатыры разы большая.

Габон параўнальны з Беларуссю і паводле такога паказніку, як ВУП на душу насельніцтва. Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду за 2023 год, на аднаго габонца прыходзіцца $ 19 197, а на аднаго беларуса – $ 23 447. Гэта адпаведна 84-е і 72-е месцы ў сусветным рэйтынгу.

Каментар
Афрыка патрэбна Расеі для абыходу санкцый і ўзбагачэння
2023.07.27 08:00

Паводле ВУП на душу насельніцтва Габон – адная з найбольш развітых краінаў Афрыкі, адстаючы толькі ад Сэйшэльскіх Астравоў, Маўрыкію, Лівіі і Батсваны. Таксама краіна – у афрыканскім топе паводле індэксу чалавечага развіцця. Аднак большасць жыхароў Габону працуе ў аграрным сектары, а асноўную частку ВУП прыносіць здабыча карысных выкапняў: нафты, газу, марганцу і ўрану. Каля траціны габонцаў жыве за рысаю галечы, а 40% маладзёнаў у веку ад 15 да 24 гадоў не маюць працы.

У рэйтынгу свабоды ад «Freedom House» Габон апярэджвае Беларусь, але не нашмат. Калі нашая краіна набрала толькі 8 балаў са 100 магчымых, то Габон – ажно 20. Але абедзве дзяржавы прызнаныя праваабаронцамі несвабоднымі.

Больш як палова жыхароў краіны вызнае каталіцтва, яшчэ чвэрць – іншыя хрысціянскія канфесіі, а кожны дзясяты габонец – мусульманін.

Краіна спадчыннага прэзідэнцтва

Габон атрымаў сваю незалежнасць ад Францыі ў 1958 годзе. А ў 1967-м прэзідэнтам краіны стаўся Альбэр-Бэрнар Банго, які, прыняўшы іслам, змяніў сваё імя на Амар. Ва ўладзе ён заставаўся да самай смерці ў 2009 годзе. Утрымліваць пасаду яму дапамагала Францыя, чыя вайсковая база месцілася ў краіне і якой Габон актыўна пастаўляў уран.

Пасля смерці Амара Банго прэзідэнцкую пасаду, не без дапамогі адміністратыўнага рэсурсу, заняў ягоны сын Алі. Да таго ён абіраўся ў парламент і амаль два гады быў міністрам замежных справаў. Менавіта яго і скінулі ў 2023 годзе. Агулам жа сям’я Банго кіравала Габонам амаль 56 гадоў.

Спалены парламент і спроба перавароту

Алі Банго не карыстаўся вялікаю папулярнасцю ў Габоне, што ўжо неаднаразова вылівалася ў спробы адхіліць яго ад улады. Першы сур’ёзны крызіс здарыўся ў 2016 годзе, калі Алі спрабаваў пераабрацца на другі тэрмін. Тады ён афіцыйна перамог свайго канкурэнта з адрывам толькі 1,6 % галасоў. Але апазіцыя заявіла пра масавыя фальсіфікацыі, а міжнародныя назіральнікі – пра «недастатковую празрыстасць» выбараў. Сумненні выклікала і тое, што ў роднай правінцыі Банго яўка на выбары склала ажно 99,8 %, у той час як па ўсёй краіне галасавалі толькі 59,5 % габонцаў. У выніку пачаліся пратэсты, падчас якіх мітынгоўцы падпалілі будынак парламенту, а міністр юстыцыі на знак пратэсту падаў у адстаўку. У сутыкненнях з паліцыяй былі і забітыя. Тым не менш Банго здолеў застацца на пасадзе.

Сапсаваны агітацыйны білборд зрынутага прэзідэнта Габону Алі Банго ў Лібрэвілю, Габон. 31 жніўня 2023 года.
Фота: AFP / East News

З чарговымі выпрабаваннямі палітык сутыкнуўся ў пачатку 2019 года. У кастрычніку 2018-га ў яго здарыўся інсульт, на некалькі месяцаў Банго знік з публічнай прасторы. Скарыстаўшыся гэтым, 7 студзеня 2019 года група вайскоўцаў захапіла радыёстанцыю ў сталіцы краіны Лібрэвілю і заклікала жыхароў краіны «аднавіць дэмакратыю». Але і гэтым разам Алі Банго здолеў здушыць пратэсты, а лідарам змоўнікаў пазней прысудзілі па 15 гадоў зняволення.

І вось 26 жніўня 2023 года ў Габоне адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары. Галасаванне прайшло пры адсутнасці міжнародных назіральнікаў, каменданцкай гадзіне і блакаванні інтэрнэту. Супернік Банго заявіў пра парушэнні ды абвясціў сваю перамогу, заклікаўшы дзейнага кіраўніка краіны забяспечыць мірны транзіт улады.

Ад’ютант на чале перавароту

Аднак ЦВК заявіла, што Банго перамог з вынікам 64,3 % галасоў. Неўзабаве пасля гэтага вайскоўцы праз тэлебачанне абвясцілі пра скасаванне вынікаў і роспуск ураду, парламенту, ЦВК і Канстытуцыйнага Суда. Таксама абвесцілі ўвядзенне каменданцкай гадзіны, закрыццё дзяржаўных межаў. Але доступ да заблакаванага падчас выбараў інтэрнэту быў адноўлены.

«У імя габонскага народу <…> мы пастанавілі абараніць мір, паклаўшы канец цяперашняму рэжыму», – заявілі вайскоўцы, сярод якіх былі чальцы прэзідэнцкай гвардыі, жаўнеры рэгулярнага войска і паліцыянты.

Паводле іх, «безадказнае, непрадказальнае кіраванне» Банго «разбурае згуртаванасць грамадства і можа ўвесці краіну ў хаос».

Сілавікі захапілі кантроль над галоўнымі ўрадавымі будынкамі, каналамі сувязі і стратэгічнымі пунктамі ў сталіцы. У горадзе былі чуваць стрэлы. Неўзабаве стала вядома, што прэзідэнт Банго са старэйшым сынам застаецца пад хатнім арыштам. Таксама былі арыштаваныя кіраўнік адміністрацыі і прэс-сакратар прэзідэнта ды іншыя пасадоўцы. Іх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, растраце, карупцыі, фальшаванні подпісу прэзідэнта і гандлі наркотыкамі. Тым не менш Банго паспеў заклікаць у сацыяльных сетках сваіх прыхільнікаў «падвысіць голас» і «ўзняць шум».

Узначаліў вайсковую хунту генерал Брыс Алігі, які з красавіка 2020 года камандаваў Габонскаю рэспубліканскаю гвардыяй і быў ад’ютантам кіраўніка краіны. Паводле яго, Банго адхілілі праз незадаволенасць, што расла ў краіне пасля ягонага інсульту ў 2018 годзе, рашэння балатавацца на трэці тэрмін, ігнаравання Канстытуцыі і таго, як праходзілі выбары. У самога былога прэзідэнта ўдома знайшлі торбы, поўныя мясцовых і заходніх грошай.

«Пас пераваротаў» пашыраецца

Вайсковы пераварот у Габоне стаўся другім за лета ў Афрыцы ды восьмым з 2020 года ў «пасе пераваротаў». Вайсковыя перавароты адбыліся ў Малі ў 2020 і 2021 гадах, у Гвінеі, Чадзе і Судане ў 2021-м, два перавароты адбыліся ў Буркіна-Фасо ў 2022-м, а ў 2023-м вайскоўцы прыйшлі да ўлады ў Нігеры. Таксама за гэты час спробы пераваротаў былі ўчыненыя ў Нігеры і Судане ў 2021 годзе, у Гвінеі-Бісаў і Гамбіі ў 2022-м, у Судане і Сьера-Леонэ ў 2023-м.

Агулам з 1990 года 78 % з 27 дзяржаўных пераваротаў у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары адбыліся ў былых французскіх калоніях. Гэта ўзняло пытанне, ці не дэстабілізуе Афрыку менавіта французскі ўплыў. Таксама, напрыклад, вайсковыя хунты ў Малі, Буркіна-Фасо і Нігеры патрабуюць вываду французскіх войскаў са сваёй тэрыторыі.

Агляд
«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам
2023.07.27 17:49

Пры Алі Банго стасункі Габону з Францыяй пагоршыліся, бо там ладзілі антыкарупцыйнае расследаванне, што наўпрост закранала маёмасць прэзідэнцкай сям’і. Ён нават пагражаў пазбавіць французскую мову афіцыйнага статусу. Тым не менш Габон працягваў падтрымліваць вельмі шчыльныя кантакты з Францыяй, якая заставалася галоўным гандлёвым партнёрам Габону. У сакавіку 2023 года краіну наведваў Эманюэль Макрон. І цяпер прадстаўнік французскага ўраду заклікаў хунту «паважаць вынікі выбараў, калі яны вядомыя».

«Навіна пра дзяржаўны пераварот у Габоне станецца чарговым ударам па Францыі», – мяркуюць аўтары выдання «Politico».

У Еўразвязе асцерагаюцца, што падзеі ў Габоне павялічаць нестабільнасць у рэгіёне. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль заявіў, што міністры абароны краінаў ЕЗ абмяркуюць сітуацыю ў Габоне, каб «добра абдумаць тое, што адбываецца, а таксама тое, як можна палепшыць сваю палітыку адносна гэтых краінаў».

Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер сказаў, што Злучаныя Штаты Амерыкі «рашуча выступаюць супраць вайсковых захопаў або неканстытуцыйнай перадачы ўлады», і заклікаў лідараў дзяржаўнага перавароту «захаваць цывільнае кіраванне».

У выніку пераваротаў у Афрыцы за апошнія гады часта да ўлады прыходзілі прарасейскія сілы. Але пакуль у Габоне не відаць прыкметаў уплыву РФ. Сярод прыхільнікаў хунты не заўважылі расейскай сімволікі, а самыя вайскоўцы таксама не выступалі супраць Захаду.

Пры гэтым Габон уваходзіць у лік краінаў, што праяўлялі цікавасць да сяброўства ў BRICS, якую Расея і Кітай разглядаюць як сродак супрацьстаяння Захаду. У 2022 годзе Лібрэвіль асудзіў у ААН расейскае ўварванне ва Украіну, але пасля ўстрымліваўся ад галасавання з асуджэннем расейскай агрэсіі ці нават галасаваў супраць. У Крамлі заявілі, што заклапочаныя сітуацыяй у Габоне, а Пекін заклікаў хунту гарантаваць бяспеку зрынутаму прэзідэнту.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

«Улічваючы, што сямейка спадчынных прэзідэнтаў у Габоне кіруе больш за 55 гадоў, туземная шляхта, напэўна, мае ўласныя прычыны перапыніць гэтую дынастыю, і шукаць там чыюсьці руку дакладна няма сэнсу. Іншае пытанне – на каго вайскоўцы пастановяць абапірацца. Да французаў, амерыканцаў ці будуць спрабаваць рэалізоўваць суверэнную дэмакратыю», – адзначае расейскі аглядальнік Анатолій Несміян.

Пра тое, што вайсковы пераварот у Габоне «прынцыпова адрозніваецца ад сітуацыі ў Нігеры, Малі ці Буркіна-Фасо», дзе да ўлады прыйшлі прарасейскія сілы, піша і беларускі палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман.

«У Габоне мы назіраем павучальную (у тым ліку і для Беларусі ды Расеі) гісторыю магчымага канца доўгага кіравання аднаго клану, а таксама далікатнасць канструкцыі «сын-пераемнік», – мяркуе ён.

Ва ўнутранай палітыцы бачаць прычыны росту колькасці пераваротаў у Афрыцы і даследнікі Алюмба Эзэнўа (Olumba E. Ezenwa) і Ідрыс Мугамэд (Idris Mohammed).

«Пакуль некаторыя афрыканскія краіны ды іх кіраўніцтва працягваюць пакутаваць ад карупцыі, падаўжэння тэрмінаў перабывання ва ўладзе, маніпуляцыяў на выбарах, неакаланіяльнага ўплыву і разрабавання нацыянальнага скарбу, перавароты будуць заставацца сталаю праблемаю», – пішуць яны на старонках «The Conversation».

А гэта ў сваю чаргу, паводле іх, будзе стымуляваць прыток у Афрыку замежных наймітаў, у тым ліку расейскіх. Якія пры гэтым самыя не прынясуць у краіны «трывалага міру», гарантаваць які можа толькі ўлічванне кіраўнікамі народных інтарэсаў.

Аналітыка
Вялікая вайна Шрэдынгера ў Афрыцы. Хто за каго будзе ў Нігеры, і якімі будуць наступствы
2023.08.23 18:07

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў