Ігара Каламойскага ўсё задавольвала, пакуль ён не апынуўся на лаве падсудных


2 верасня Служба бяспекі Украіны арыштавала аднаго з самых заможных людзей ва Украіне – Ігара Каламойскага. Менавіта гэтага алігарха звязвалі з прыходам Уладзіміра Зяленскага да прэзідэнцкай улады ў 2020 годзе. Але нешта пайшло не так у стасунках украінскага прэзідэнта і аднаго з найбольш буйных бізнесоўцаў краіны. За што Каламойскі апынуўся на лаве падсудных і ці прынясе Зяленскі яго «ў ахвяру»?  

Ігар Каламойскі.
Фота: file.liga.net

Нафта-, авія- і медыямагнат

Нарадзінец Днепрапятроўску, Ігар Каламойскі пачынаў свой бізнес у 1980-я. Быў заснавальнікам кампаніі «Сентоза», якая займалася перапродажам аргтэхнікі, а пасля распаду СССР – тавараў народнага спажывання, нафты і ферасплаваў.

У 1992 годзе разам з партнёрамі Каламойскі арганізаваў «ПриватБанк», які паступова ператварыўся ў сапраўдную імперыю з назвай «Приват». У яе ўваходзілі актывы каля сотні буйных прадпрыемстваў, сярод якіх «Укрнафта», «Укртатнафта», Адэскі прыпартовы аміячны завод, Нікапольскі, а таксама Запарожскі і Стаханаўскі заводы ферасплаваў і шмат якія іншыя.

Каламойскаму належалі актывы авіякампаніяў «AeroSvit», «Дніпроавіа», «Донбасаэро» і «Роза вітрів», на базе якіх была створана Украінская авіяцыйная група, якая з часам пачала кантраляваць 48,5 % рынку авіяпералётаў па Украіне.

Яшчэ адной важнай складовай часткай актываў Каламойскага быў медыябізнес – яму належаў медыяхолдынг «1+1», у які ўваходзілі некалькі тэлеканалаў, а таксама навінавыя рэсурсы «ТСН.ua», інфармацыйнае агенцтва «УНІАН» і шэраг інтэрнэт-праектаў («Главред», «Телекритика») і інш. Але ў 2021 годзе Ігар Каламойскі пакінуў назіральную раду каналу «1+1» і пачаў працэдуру пераафармлення ліцэнзіі.

Што датычыць «ПриватБанку», то гэта быў адзін з найбуйнейшых банкаў ва Украіне, які меў больш за 22 мільёны кліентаў у шматлікіх краінах свету. Доля Каламойскага ў ім, паводле прызнання самога алігарха, складала 44 %.

У 2016 годзе «ПриватБанк» быў yацыяналізаваны, таксама былі арыштаваныя актывы і частка маёмасці былых кіраўнікоў банку: Ігара Каламойскага і Генадзя Багалюбава. У 2019-м кіеўскі суд прызнаў нацыяналізацыю банку незаконнай. Але праз год Вярхоўная Рада прыняла адмысловы закон (яго яшчэ называлі «антыкаламойскім»), згодна з якім выключалася магчымасць таго, што Каламойскі зможа вярнуць сабе кантроль над «ПриватБанкам». Цікава, што на тым пасяджэнні Вярхоўнай Рады прысутнічаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які прасіў дэпутатаў падтрымаць закон. У лютым 2023 года Вярхоўны Суд Украіны канчаткова прызнаў нацыяналізацыю банку законнай.

Што да капіталу Каламойскага, то ў розны час ён ацэньваўся ад 3 да 6 мільярдаў долараў. У лютым 2022-га даходы Каламойскага складалі каля 1,8 млрд долараў. Але цягам 9 месяцаў украінска-расейскай вайны яны скараціліся амаль на мільярд: Каламойскі згубіў частку сваіх актываў, а таксама статус мільярдэра, і ўжо ў лістападзе 2022-га «Forbes» ацаніў ягоныя актывы на 850 мільёнаў.

Палітычны трэк і дзяржаўная пасада

У 2014 годзе Ігар Каламойскі быў прызначаны на пасаду губернатара Днепрапятроўскай вобласці. Гэта быў год, калі на ўсходзе Украіны пачалася вайна пры непасрэдным умяшанні Расеі. Каламойскі стаў адной з ключавых асобаў, якая арганізавала супраціў агрэсіі Расейскай Федэрацыі. Штомесячна ён траціў каля 10 мільёнаў долараў свайго капіталу на заробкі 3000 салдатаў, якія ўваходзілі ў батальёны добраахвотнікаў («Штурм», «Дняпро-1»), а таксама забяспечваў іх харчаваннем, палівам, амуніцыяй і іншым. Так, салдаты падраздзялення «Дняпро-1», якое забяспечваў Каламойскі, былі значна лепш укамплектаваныя, чым рэгулярная ўкраінская армія, што адзначалі нават праціўнікі.

Тым не менш канфлікт з тагачасным прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам з-за актываў кампаніі «Укрнафта» прывёў да таго, што ў сакавіку 2015 года кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб адстаўцы Ігара Каламойскага з пасады губернатара. Пакідаючы пасаду, Каламойскі зрабіў заяву аб тым, што ўвогуле сыходзіць з палітыкі.

Пасля гэтага Каламойскі на некаторы час пасяліўся за мяжой і жыў пераважна ў Швейцарыі і Ізраілі.

Сувязі з Зяленскім

Ва Украіну Каламойскі вярнуўся ў траўні 2020 года, незадоўга да прыняцця прысягі Уладзімірам Зяленскім на прэзідэнцкай пасадзе. Пры гэтым алігарх адзначыў, што «пастанавіў бліжэйшыя пяць гадоў пражыць ва Украіне», маючы на ўвазе кадэнцыю прэзідэнта Зяленскага. Ён падкрэсліў, што спадзяецца «на вяршэнства права ў краіне».

Яшчэ ад самага пачатку перадвыбарчай кампаніі многія лічылі Зяленскага «крэатурай» ці «марыянеткай»  Каламойскага. На гэта нібыта ўказвала даўняя гісторыя іхных узаемаадносінаў, а таксама вельмі істотнае падтрыманне, якое холдынг Каламойскага «1+1» надаваў будучаму прэзідэнту падчас агітацыйнай кампаніі. У прыватнасці, серыял «Слуга народу», у якім Уладзімір Зяленскі сыграў настаўніка Галабародзьку, трансляваўся менавіта на канале «1+1».

Васіль Галабародзька. Герой серыялу «Слуга народу», галоўную ролю ў якім сыграў Уладзімір Зяленскі.
Фота: «Квартал 95»

Асаблівы акцэнт падчас прэзідэнцкіх выбараў 2019 года на сувязях паміж алігархам і тады яшчэ кандыдатам на прэзідэнцтва Уладзімірам Зяленскім рабіў дзейны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Зяленскі ўсяляк адмаўляў якую б то ні было залежнасць ад Каламойскага. Але ў той жа час пасля таго, як Зяленскі стаў прэзідэнтам, Ігару Каламойскаму ўдалося ўмацаваць свае пазіцыі ва ўладзе: так, кіраўніком Офісу прэзідэнта быў абраны адвакат Каламойскага, пасля пазачарговых выбараў у Вярхоўную Раду некалькі дзясяткаў чалавек, звязаных з бізнесоўцам, атрымалі дэпутацкія мандаты.

З’явілася ў Каламойскага надзея і на пазітыўнае рашэнне ў дчыненні «ПриватБанку», што адначасова патрабавала б вялікіх кампенсацыйных выплатаў алігарху. Як сцвярджалі заходнія эксперты, гэта прывяло б да моцнага ўдару па фінансавай сістэме Украіны, і пераадолець гэтую праблему без дапамогі Міжнароднага валютнага фонду было б немагчыма.

На пэўным этапе пачаліся размовы аб тым, што Захад патрабаваў ад Украіны прыняцця закону, згодна з якім Каламойскі не змог бы вярнуць сабе «ПриватБанк» або атрымаць фінансавыя кампенсацыі.

І такі закон быў прыняты ў 2019 годзе, нягледзячы на актыўнае супраціўленне дэпутатаў, звязаных з Ігарам Каламойскім (яны падалі больш за 16 тысячаў паправак у гэты закон, спрабуючы такім чынам заблакаваць яго). У выніку ўладам Кіева ўсё ж удалося «праціснуць» закон і на некалькі крокаў адысці ад прорвы дэфолту, які пагражаў краіне.

Наступ на алігархаў. Каламойскі не супраць

У пачатку лета 2021 года Уладзімір Зяленскі ініцыяваў прыняцце закону, згодна з якім засіллю алігархаў у эканамічнай сістэме Украіны павінен быў настаць канец. Паводле закону, ва Украіне мусіў быць створаны спецыяльны рэестр алігархаў, якім будзе забаронена удзельнічаць у прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, а таксама займацца фінансаваннем палітычных партыяў.

Ігар Каламойскі тады заявіў, што быў маральна гатовы трапіць у гэты рэестр. Ён адзначыў, што па вялікім рахунку ўжо прывык, што яго называюць алігархам, а таксама сказаў, што гатовы да тых абмежаванняў, якія гэтым законам усталёўваюцца.

Сустрэча Уладзіміра Зяленскага, які ўжо быў на пасадзе прэзідэнта Украіны, і Ігара Каламойскага ў верасні 2019 года.
Фота: «Украинская правда»

Крыху пазней, за некалькі тыдняў да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, Ігар Каламойскі выказваўся пра свае адносіны з Зяленскім і адзначыў, што падтрымоўвае закон пра алігархаў:

«Як мне патлумачылі адвакаты, мне гэта выгадна, мяне гэта задавольвае. Гэта добры закон».

Больш за тое, у тым жа інтэрв’ю алігарх падкрэсліў, што «сімпатызуе Зяленскаму»: «Мяне ўсё, у прынцыпе, задавольвае. Я не магу сказаць, што на 100 % шчаслівы, але бачу вельмі вялікія станоўчыя зрухі. Прычым канкрэтныя, якія ты адчуваеш кожную секунду».

Пагаршэнне стасункаў

Але прайшло зусім няшмат часу, і ў адносінах паміж Зяленскім і Каламойскім штосьці відавочна надламілася. Адной з прычын пагаршэння стасункаў Каламойскага з Офісам на Банкаўскай магла стаць пасіўнасць алігарха пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну: ён нібыта стаіўся і не рабіў ніякіх публічных заяваў, хаця і заставаўся ва Украіне. Прычым цалкам магчыма, што выязджаць з краіны Каламойскі не збіраўся ў сувязі з тым, што Федэральнае бюро расследаванняў ЗША пачало супраць яго справу аб адмыванні грошай. Гэта значыць, што ў выпадку ад’езду з тэрыторыі Украіны яму мог пагражаць арышт.

Вядома, што фінансава дапамагаць дзяржаве Каламойскі пачаў толькі ўлетку 2022 года, хаця ўлады з пачатку вайны чакалі дапамогі ад буйнога бізнесу.

Паводле звестак адной з крыніц Forbes.ua у Офісе прэзідэнта Украіны, стасункі паміж Каламойскім і Зяленскім цяпер можна назваць як «крытычныя».

Невядома, ці падліло алею ў агонь ў адносінах паміж імі пазбаўленне Каламойскага ўкраінскага грамадзянства, пра што актыўна вяліся размовы ў ліпені 2022 года. Падставай для гэтага магло стаць тое, што бізнесовец мае таксама грамадзянства Кіпру і Ізраілю. Хоць, трэба сказаць, да гэтай пары няма дакладных звестак аб тым, што Каламойскі ўрэшце пазбавіўся ўкраінскага пашпарта. Тым не менш ва Украіне звязваюць такі крок з тым, што, па-першае, Зяленскі такім чынам «спрабуе пазбавіцца таксічнага саюзніка, а па-другое, хоча прадэманстраваць, што Украіна можа развітвацца з людзьмі, якія падазраюцца ў ЗША ў карупцыі», адзначыў кіраўнік Камітэту выбарцаў Украіны Аляксей Кошаль.

Рэч у тым, што Злучаныя Штаты ўвялі супраць Каламойскага і ягонага бізнес-партнёра Багалюбава санкцыі, абвінавачваючы іх у выкарыстанні скрадзеных сродкаў «ПриватБанку» на набыццё нерухомасці ў некалькіх штатах.

Арышт. Што далей?

І вось гісторыя пачала набіраць абароты. 2 верасня прадстаўнікі СБУ прыйшлі ў дом Ігара Каламойскага з ператрусам. Бізнесоўцу ўручылі дакумент, згодна з якім яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Украіны: «Махлярства» і «Легалізацыя (адмыванне) маёмасці, атрыманай злачынным шляхам». Магчымае пакаранне па абодвух артыкулах – да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Да бізнесоўца Ігара Каламойскага прыйшлі з ператрусам. 2 верасня 2023 года.
Фота: BBC NEWS Україна / Telegram

У паведамленні СБУ гаворыцца, што «цягам 2013–2020 гадоў Ігар Каламойскі легалізаваў больш за паўмільярда грыўняў шляхам іх вываду за мяжу, выкарыстоўваючы пры гэтым інфраструктуру падкантрольных банкаўскіх установаў».

Згодна з пастановай Шаўчэнкаўскага суда Кіева, які на просьбу бізнесоўца прайшоў у закрытым рэжыме, Ігара Каламойскага арыштавалі да 31 кастрычніка з магчымасцю ўнясення задатку памерам 509 мільёнаў грыўняў (каля 14 мільёнаў долараў). У той жа час адвакаты бізнесоўца заявілі, што не будуць уносіць задатак, а будуць абскарджваць рашэнне суда.

Трэба сказаць, што гэта не першы ператрус у Каламойскага, праведзеныя ў 2023 годзе. У лютым СБУ ужо прыходзіла да бізнесоўца ў справе аб махінацыях ва «Укрнафце» і «Укртатнафце» (нацыяналізаваных у 2022 годзе ў сувязі з тым, што яны атрымалі статус вайсковай маёмасці і перайшлі да Міністэрства абароны Украіны). Тады было заяўлена, што падчас праверкі былі выяўленыя схемы прыўлашчвання больша за 40 мільярдаў грыўняў менеджарамі гэтых кампаніяў.

Уладзімір Зяленскі адрэагаваў у сваім тэлеграм-канале на арышт Каламойскага, адзначыўшы: «Больш не будзе шматгадовага бізнесу «як звычайна» для тых, хто рабаваў Украіну».

Ці значыць гэта, што Зяленскі канчаткова спрабуе разарваць адносіны з чалавекам, які дапамог прыйсці яму да ўлады, пакуль сказаць цяжка. Магчыма, гэта стане бачна, калі пасля разгляду справы Ігару Каламойскаму будзе вынесены канчатковы прысуд.

Аб’ектыў
Алігарха Каламойскага падазраюць у махлярстве
2023.09.02 22:47

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў