Ва Украіне бізнесоўцу Ігару Каламойскаму афіцыйна паведамілі пра тое, што яго падазраюць у некалькіх крымінальных злачынствах, інфармуе Telegram-канал СБУ. Да бізнесоўца прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі Генпракуратуры, Службы бяспекі Украіны і Бюро эканамічнай бяспекі.
Ігара Каламойскага западозрылі ў махлярстве і легалізацыі маёмасці, атрыманай злачынным шляхам. Паводле версіі праваахоўнікаў, у 2013–2020 гадах бізнесовец легалізаваў 500 млн грывень (згодна з цяперашнім курсам гэта блізу $13 млн), вывеўшы грошы за мяжу. Пры гэтым ён выкарыстоўваў інфраструктуру падкантрольных банкаўскіх установаў, сцвярджае СБУ.
Дасудовае расследаванне трывае пад кіраўніцтвам Генеральнай пракуратуры.
«BBC NEWS Україна» адзначае, што Каламойскі – адзін з самых уплывовых бізнесоўцаў краіны, валодае тэлеканалам «1+1», дзе да абрання прэзідэнтам працаваў Уладзімір Зяленскі. Прадпрымальнік асабіста падтрымоўваў ягонае вылучэнне на пасаду кіраўніка дзяржавы.
Гэта не першы вобшук у Каламойскага і не першая прэтэнзія праваахоўнікаў да яго. Раней бізнесоўца падазравалі ў махінацыях у кампаніях «Укртатнафта» і «Укрнафта».
Сяргей Крот belsat.eu