Чаму Польшча адмовілася назіраць за вучэннямі АДКБ у Беларусі. Адказ МЗС


Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня апавёў, што прадстаўнікоў Польшчы запрашалі назіраць за вучэннямі АДКБ «Баявое братэрства – 2023» на тэрыторыі Беларусі. У Міністэрстве замежных справаў Польшчы «Белсату» патлумачылі, што запросінаў не ўспрынялі сур’ёзна.

Цырымонія адкрыцця вучэння АДКБ «Баявое братэрства – 2023»
Цырымонія адкрыцця вучэння АДКБ «Баявое братэрства – 2023». Берасцейская крэпасць, Беларусь. 1 верасня 2023 года.
Фота: Аляксандр Палітаеў / «Ваяр»

Міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі за дзень да заявы Аляксандра Лукашэнкі казаў, што вучэнні ў Беларусі з удзелам расейскіх войскаў – «элемент псіхалагічнай вайны супраць Польшчы», а кіраўнікоў Расеі і Беларусі назваў дыктатарамі. Але прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі 1 верасня заявіў, што Польшча адмаўляецца назіраць за вучэннямі.

Пасля гэтага «Белсат» скіраваў Міністэрству замежных справаў Польшчы пытанне: ці прынялі запросіны на вучэнні, якія міністр назваў «элементам псіхалагічнай вайны»?

У ведамстве адказалі, што запросіны сапраўды прыходзілі, дыпламатычны корпус у Менску запрашалі назіраць за вучэннямі. Але гэтага не ўспрынялі сур’ёзна:

«На фоне ўсіх правакацыйных беларускіх дзеянняў супраць Польшчы, якія ўплываюць на істотнае пагаршэнне сітуацыі ў рэгіёне (ініцыяваны міграцыйны прэсінг, няспынныя вучэнні на палігонах паблізу нашых межаў, прысутнасць наймітаў Групы Вагнэра, непрыязныя выказванні Лукашэнкі, інфармацыя пра размяшчэнне ядравай зброі), такога тыпу запрашэнні трэба трактаваць як прапагандысцкія дзеянні. Яны не спрыяюць павышэнню ўзаемнага даверу ці рэальнай празрыстасці дзеянняў, што праводзяцца», – тлумачаць у МЗС Польшчы.

Вучэнні «Баявое братэрства – 2023» пачаліся 1 верасня і маюць трываць да 6-га. У іх бяруць удзел вайскоўцы дзяржаваў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы: Беларусі, Расеі, Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану (армяне не прыехалі – Арменія падумвае выходзіць з АДКБ). Гэта першыя вайсковыя манеўры краінаў АДКБ на беларускай тэрыторыі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, але і да таго ў Беларусі трывалі няспынныя вучэнні і прысутнічалі расейскія войскі, а з нядаўняга часу і баевікі Групы Вагнэра.

Польшча і краіны Балтыі дапускаюць поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю ў выпадку «крытычных інцыдэнтаў» – як страляніны, гэтак і нелегальнага пераходу мяжы вялікаю групаю мігрантаў. Ад Лукашэнкі Польшча, Літва і Латвія патрабуюць выслаць з Беларусі баевікоў Групы Вагнэра, а таксама адвесці ад межаў мігрантаў з трэціх краінаў.

Аналітыка
Вучэнні АДКБ у Беларусі: што трэба ведаць і ці варта хвалявацца?
2023.08.31 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў