Мінабароны Беларусі: польскі бок адмаўляецца назіраць за вучэннямі АДКБ


Прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі заявіў, што польскія вайскоўцы не выказалі жадання назіраць за вучэннямі «Баявое братэрства – 2023», якія адбываюцца ў Беларусі з 1 да 6 верасня.

Вучэнні АДКБ «Баявое братэрства – 2023».
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Аб гэтым заявіў начальнік дэпартаменту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Валерый Равенка.

«Папярэдне прадстаўнікі Польшчы адмаўляюцца назіраць за вучэннямі «Баявое братэрства – 2023». Раней яны не запрашалі назіральнікаў Беларусі на свае вучэнні «Драгун-2021» і «Анаконда-2023», – напісаў прадстаўнік Мінабароны ў сацыяльнай сетцы «Х».

29 жніўня дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што вучэнні АДКБ «Баявое братэрства – 2023» планавыя і носяць «адкрыты характар». Ён адзначыў, што на іх былі запрошаныя міжнародныя назіральнікі, вайсковыя аташэ, дыпламатычны корпус, а таксама палякі і літоўцы. Пры гэтым Вальфовіч падкрэсліў, што не ведае, ці возьмуць апошнія ў іх удзел. Таксама пра запрашэнне польскага боку казалі Аляксандр Лукашэнка і міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Усяго ў вучэннях «Баявое братэрства – 2023» задзейнічана больш за 2500 вайскоўцаў і звыш 500 адзінак узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі.

Пры гэтым міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі назваў гэтыя вучэнні «элементам псіхалагічнай вайны».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў