Беларусь задумала правесці яшчэ больш вайсковых вучэнняў у верасні


На дадатак да раней анансаваных на пачатак верасня вучэнняў АДКБ «Баявое братэрства» ў канцы верасня ў Беларусі пройдуць комплексныя вучэнні Узброеных сілаў, паведаміў у X (колішнім Twitter) начальнік дэпартаменту міжнароднай супрацы Міністэрства абароны Беларусі Валерый Равенка.

Вучэнні ў Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Уладзімір Бліноў / «Ваяр»

Аб новых вучэннях невядома нічога акрамя напісанага Валерыем Равенкам – іншыя крыніцы іх не анансавалі. Акрамя таго, што такія вучэнні пройдуць у канцы верасня і будуць комплекснымі, Равенка напісаў толькі, што пра іх праінфармавалі дзяржавы Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) згодна з Венскім дакументам 2011 года.

Міністэрства абароны тым часам больш увагі надае вучэнням дзяржаваў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) пад назваю «Баявое братэрства». Яны маюць адбыцца 1–6 верасня на палігонах і тэрыторыях Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцяў. У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан, а вучэнні адбываюцца ў часе вайны ва Украіне, агрэсарам у якой выступіла Расея, а суагрэсарам – Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня пракаментаваў вучэнні АДКБ:

«Я, шчыра кажучы, нават у дэталі не ўнікаў гэтых вучэнняў. Але ў цяперашняй сітуацыі, каб не нагнятаць абстаноўкі і сітуацыі, там няма такога баявога складніку. Там будуць невялікія падраздзяленні некаторых краінаў АДКБ, якія будуць адпрацоўваць у асноўным штабныя пытанні, тактыку і стратэгію на будучыню. Таму ўсе яны ведаюць, мы ж іх загадзя папярэдзілі».

Ён дадаў, што Захаду не варта разглядаць гэтыя вучэнні як нейкі асаблівы сігнал, а сам Лукашэнка разам з Уладзімірам Пуціным, маўляў, нічога кепскага не задумаў і на Польшчу не збіраецца нападаць. Пра дадатковыя комплексныя вучэнні ягоных словаў не перадавалі.

Тым часам у Беларусі з 29 красавіка 2022 года няспынна ідуць іншыя вучэнні, супольныя з Расеяй. Фактычна такія вучэнні пачаліся незадоўга да расейскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну (у тым ліку з тэрыторыі Беларусі) і амаль не спыняліся. Іх штотыдзень працягваюць яшчэ на тыдзень, цяпер яны маюць ісці прынамсі да 27 жніўня.

Hавiны
Хтосьці спілаваў слупы з камерамі на літоўска-беларускай мяжы. Літва выставіла ноту пратэсту
2023.08.25 16:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў