Прэм’ер Арменіі прызнаў стратэгічнаю памылкаю залежнасць краіны ад Расеі


У інтэрв’ю італьянскаму выданню «La Repubblica», апублікаваным 3 верасня, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян наракаў, што бяспека краіны аказалася завязанаю на Расею, а той самой спатрэбіліся зброя і боепрыпасы.

Нікол Пашыньян і Уладзімір Пуцін
Нікол Пашыньян і Уладзімір Пуцін. Масква, Расея. 7 красавіка 2021 года.
Фота: Kremlin.ru

Нікол Пашыньян крытыкаваў расейскіх «міратворцаў» у Нагорным Карабаху – тэрыторыі Азербайджану, на якой этнічныя армяне абвясцілі Рэспубліку Арцах (Нагорна-Карабахскую Рэспубліку). Яны, адзначыў прэм’ер Арменіі, нават не кантралююць лачынскага калідору між Нагорным Карабахам і Арменіяй, хоць былі абавязаныя. Або не хочуць, або не могуць, казаў ён.

Паводле Пашыньяна, архітэктура бяспекі Арменіі была «на 99,99 %» звязаная з Расеяй, у тым ліку ў зброі і боепрыпасах, але цяпер, калі Расея «сама мае патрэбу ў зброі і боепрыпасах», яна «нават калі б захацела, не змагла б забяспечыць патрэбаў Арменіі ў сферы бяспекі».

«На гэтым прыкладзе відаць, што залежнасць ад аднаго партнёра ў пытаннях бяспекі ёсць стратэгічнаю памылкаю», – адзначыў Пашыньян.

Палітык таксама выказаў здагадку, што Крэмль не лічыць палітыкі Арменіі «дастаткова прарасейскай» і наагул «сыходзіць» з паўднёвакаўказскага рэгіёну з невядомых яму прычынаў. Таму, казаў Пашыньян, Арменія спрабуе дыверсіфікаваць сваю палітыку ў галіне бяспекі, бо «можа паўтарыцца той жа сцэнар, што аднойчы мы проста прачнёмся і ўбачым, што Расеі тут няма».

Аналітыка
«Тактыка салямі». Арменія прапанавала Азербайджану мір, але ёсць шмат нюансаў
2023.04.20 11:20

Нагорны Карабах па выніках вайсковага канфлікту з Азербайджанам у 1991–1994 гадах фактычна перайшоў пад кантроль Арменіі, але не быў прызнаны ніводнаю краінай (апроч прарасейскіх часткова прызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў складзе Грузіі ды непрызнанага Прыднястроўя ў складзе Малдовы).

Наступ Азербайджану ў 2020 годзе прывёў да тэрытарыяльных стратаў Рэспублікай Арцах і ўводам туды расейскіх «міратворцаў», у 2022-м Азербайджан пачаў транспартава-энергетычную блакаду рэгіёну – Арменія ў выніку стала дапускаць прызнанне Нагорнага Карабаху часткай Азербайджану і разважаць пра выхад з АДКБ.

Аналітыка
У Баку і Ерэване адкрыта кажуць, што галоўная прычына вайны ў Нагорным Карабаху – палітыка Крамля
2023.07.24 17:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў