Пашыньян выказаўся пра выхад з АДКБ, раскрытыкаваў арганізацыю за бяздзеянне


Арменія чакае ад АДКБ «выразнай палітычнай ацэнкі сітуацыі», расказаў прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян 30 верасня ў інтэрв’ю «Арменпресс». Справа не ў тым, што Арменія можа выйсці з АДКБ, казаў ён, а ў тым, ці АДКБ сама сышла з Арменіі.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян. 27 траўня 2021 года.
Фота: primeminister.am

У ноч на 13 верасня Азербайджан абстраляў Арменію, патлумачыўшы гэта «дыверсіяй» з армянскага боку. Завязаліся баі. Арменія звярнулася да Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы і да Расеі па дапамогу (у АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, але не Азербайджан), але замест вайсковай дапамогі атрымала назіральную місію. Канфлікт прыпыніўся без удзелу АДКБ, Арменія засталася незадаволенай адсутнасцю дапамогі ад саюзнікаў.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян цяпер расказаў, што ў АДКБ «таксама фіксуюць, што пэўныя грамадскія настроі ў Арменіі вельмі хутка развіваюцца» – выказалі асцярогі, што Арменія выйдзе з АДКБ.

«Я ж сфармуляваў адваротнае, мая рэакцыя была такой, што ёсць асцярога, што АДКБ выйдзе з Арменіі», – сказаў Пашынян.

Пашыньян нагадаў, што менавіта ён цяпер старшынствуе ў АДКБ, і сказаў, што ад арганізацыі «чакае выразнай палітычнай ацэнкі сітуацыі». Раней саюзнікі запэўнівалі, што «мяжа Арменіі ёсць чырвонай лініяй для АДКБ», а калі яшчэ летась здарыўся памежны канфлікт з Азербайджанам, атрымалі «вельмі дзіўны адказ», што мяжа ж не дэмаркаваная і не дэлімітаваная.

Аналітыка
Канфліктныя Азербайджан – Арменія, Кыргызстан – Таджыкістан. Глядзім, ці закончыліся баі і дзе АДКБ
2022.09.22 07:11

Таму Пашыньян задаўся пытаннем: дзе ж праходзіць тая «чырвоная лінія АДКБ». Калі АДКБ скажа, што між Арменіяй і Азербаййджанам няма мяжы, дык у АДКБ няма зоны адказнасці, пазначанай межамі, лічыць ён:

«Калі няма мяжы, то няма і зоны адказнасці, калі няма зоны адказнасці, то няма і арганізацыі».

Ён настойвае, што мяжа ёсць і вядомая з каардынатаў, пазначаных у дамове ад 18 снежня 1991 года, ратыфікаванай Арменіяй і Азербайджанам. І паўтарае: пытанне не ў тым, ці Арменія выйдзе з АДКБ, а ў тым, «ці выйдзе АДКБ з Арменіі» альбо «ці зафіксуе АДКБ сваю зону адказнасці, сваю чырвоную лінію ў Арменіі.

Таксама ён чакае ад АДКБ «дарожную мапу ліквідацыі акту агрэсіі», бо гэты акт зафіксаваны.

Аналітыка
Нагорны Карабах: Міна запаволенага дзеяння паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.14 12:06

У склад АДКБ уваходзяць шэсць краінаў, з якіх у верасні не ваяваў адзін толькі Казахстан. Расея напала на Украіну, Беларусь выступіла ў гэтай вайне суагрэсарам, Арменія ваявала з Азербайджанам (які выйшаў з АДКБ у 1999 годзе), а Кыргызстан і Таджыкістан ваявалі між сабой.

«Міратворцы» АДКБ у студзені былі ў Казахстане. Вядома, што падчас пратэстаў яны ахоўвалі аб’екты інфраструктуры (напрыклад, аэрадромы і цеплаэлектрастанцыі), але ці бралі яны ўдзел у здушэнні пратэстаў, невядома. На просьбу кіраўніка Казахстану Касым-Жамарта Такаева, які ўтрымаў уладу, «міратворцаў» вывелі. Пасля Казахстану АДКБ у канфлікты не ўмешвалася.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў