Расейскія войскі ў Беларусі заварушыліся. Што яны ў нас робяць?


Толькі пачаліся супольныя з расейцамі авіяцыйныя вучэнні ў Беларусі, а ўжо загарэўся расейскі самалёт, здольны несці ракеты «Кінжал». Што расейскія войскі робяць у Беларусі? Асаблівая актыўнасць назіраецца на лунінецкім аэрадроме. Там у звышсакрэтных абставінах дарабляюць рамонт для ўтульнага побыту расейскіх вайскоўцаў. Варта адзначыць, што менавіта з гэтай пляцоўкі ў лютым паляцелі адныя з першых ракетаў у бок Украіны. Дык чаму, амаль год пасля, ізноў заварушыліся? І што ў гэты момант адбываецца на зямлі? Каментуюць падпалкоўнік Мікола Саламаха і Ян Матвееў.

Адное неба на дваіх. Ужо некалькі дзён беларускія і расейскія вайсковыя пілоты кружляюць у паветры, змагаюцца з нябачным ворагам. «Плячом да пляча», – кажа Андрэй Лук’яновіч, камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і СПА Беларусі.

Гэткі абмен досведам Лукашэнка з Пуціным абмяркоўвалі падчас візіту апошняга ў Менск. У прыватнасці, гаворка ішла пра тое, што расейцы навучаць беларусаў карыстацца самалётамі з ядравымі боепрыпасамі.

«Пакуль, мяркую, варта разглядаць як манеўр на адвабліванне, як арганізацыю нейкіх мерапрыемстваў або від вайсковай актыўнасці, магчыма, нейкага рыхтавання або падазрэння ў рыхтаванні чарговага нападу на Украіну. Толькі з гледзішча манеўраў на адвабліванне. Падтрыманне з беларускага боку расейскай дэзынфармацыі», – каментуе супольныя авіяцыйныя вучэнні Беларусі ды Расеі Каміль Клысіньскі, эксперт у справах Беларусі з варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

Вучэнні маюць выключна абарончы характар, пераконвае першы намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі Лукашэнкі Павел Муравейка і пры гэтым вінаваціць Украіну ў правакацыях.

Пад гэтыя вучэнні вычысцілі ўсе беларускія вайсковыя палігоны і аэрадромы Вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны. На лунінецкім аэрадроме, што ў Берасцейскай вобласці, гэта заходні кірунак краіны, нават адрамантавалі казармы, адмыслова для расейскіх вайскоўцаў. Пашырылі пад’езную дарогу. Дзеля чаго не пабаяліся знішчыць стогадовыя дрэвы. Усё ў звышсакрэтных абставінах – з мабільным тэлефонам уваход на аэрадром забаронены, паведамляла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Насамрэч, мадэрнізацыяй аэрадрому заняліся яшчэ ў мінулым студзені, пасля таго, як яго наведаў Лукашэнка. Праз месяц Расея ўварвалася ва Украіну. А лунінецкі аэрадром стаўся адным з першых пунктаў у Беларусі, адкуль у бок Украіны паляцелі знішчальнікі і ракеты.

Ва Украіне вучэнні як пагрозу не ўспрымаюць. Гэта звычайны працэс для ваенных часоў, зазначае спікер паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат. Пры гэтым, кажа ён, сітуацыю адсочваюць штохвіліны і ўзмацняюць мяжу.

«Калі да нас прыйдуць, значыць, ён – вораг для нас. Тут, па-першае, нашыя сем’і, нашыя дамы, агулам нашая зямля. Баявы, як кажуць, досвед ёсць у кожнага вайскоўца тут, і ўсе гатовыя стоадсоткава сустракаць ворага. Што я вам магу сказаць? Хай паспрабуе. Там пабачым», – кажа ўкраінскі вайсковец Багдан.

«Лукашэнка, канечне, трымае ў галаве думку пра тое, што ён дашле армію ваяваць туды або ў іншае месца – ва Украіну або нейкім чынам праз Расею, напрыклад. І зразумела, што ён хоча, каб армія была падрыхтаванай. Напэўна, з гэтым і звязаныя ўсе гэтыя працяглыя вучэнні. Ну і другая прычына – гэта працяг адваблівання ўкраінскіх сілаў. Трэба ж паказваць, што рызыка існуе. Каб украінцы думалі і разлічвалі на гэта, перастрахоўваліся, трымалі нейкія дадатковыя часткі на поўначы краіны», – мяркуе вайсковы эксперт Ян Матвееў.

Што характэрна, паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна» ў першы дзень вучэнняў ніводзін верталёт ці самалёт у неба не ўзняўся. Гэта можа сведчыць, што яны не настолькі важныя, як тое, што адбываецца ў гэты час на зямлі, чым насамрэч цяпер займаюцца ў Беларусі. А менавіта – рамонтам расейскай тэхнікі, што ўвесь час паступае ў Беларусь, і рыхтаваннем мабілізаваных. Толькі за два дні, 14–15 снежня, у Беларусь прыехала 91 адзінка тэхнікі і не менш чым 37 накіравалі назад. А гэта амаль палова.

На думку падпалкоўніка запасу ЗСУ Мікалая Саламахі, часткова тую тэхніку, што была ў Беларусі на захоўванні і ёсць уласнасцю Беларусі, ужо перадалі Расейскай Федэрацыі.

«То бок трывае вось гэты вось працэс замяшчэння неадрамантавай тэхнікі адрамантаванай тэхнікай, і выкарыстоўваюцца дзеля гэтага сілы Беларусі», – мяркуе адмыслоўца.

Што да мабілізаваных, якія пасля трэнавальнай базы ў Беларусі пачкамі адпраўляюцца на вайну, іхнае рыхтаванне прыехаў пракантраляваць асабіста камандуючы сухапутнымі войскамі Расеі Алег Салюкоў. На гэтую пасаду яго прызначылі напярэдадні, з карабля на баль, так бы мовіць.

Нядаўна прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў пра планы павелічэння колькасці арміі да паўтара мільёнаў асобаў – у тым ліку і праз павышэнне ўзроставых рамак прызыўнікоў: у боты ў Расеі будуць браць людзей ва ўзросце 21–30 гадоў. Баранавічы, Лунінец, Зябраўка – у трэнавальным лагеры «Беларусь» месца хопіць усім, а Лукашэнку хопіць цярплівасці. Бо чым больш, тым лепш. Не прыйдзецца даставаць з засекаў уласнага войска. Можна і далей рабіць выгляд поўнага занурэння і прымаць падарункі ў выглядзе зенітна-ракетных комплексаў «Тор-М2».

«Украінскія дроны могуць пралятаць над тэрыторыяй Беларусі і потым заходзіць ужо ў паветраную прастору Расеі. Магчыма, яны паглядзелі, падумалі, маўляў, давайце забяспечым, і вырашылі паставіць гэтыя батарэі, каб вось так збіваць украінскія дроны. Бо ўкраінцы нарабілі шмат шуму сваймі атакамі разнастайнымі. Таму, канечне, калі ёсць беспілотнік, што можа даляцець 700 кіламетраў, то нічога яму не перашкаджае ўзляцець, праляцець над Прыпяццю, над Гомлем,  вось з гэтага боку, і потым ужо павярнуць у бок Расеі», – каментуе вайсковы эксперт Ян Матвееў.

Уварванне з Беларусі малаімавернае, кажа амерыканская выведка. Такое ж меркаванне выказвае і аўтарытэтны Інстытут вывучэння вайны. Вучэнні жа маюць скончыцца 1 лютага, але расейскія войскі ў нашай дзяржаве застануцца і пасля іх.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў