Недатыкальная каста, што дзее паводле прынцыпу мафіі

Сёння ў Беларусі будуць адзначаць Дзень міліцыі. Я лічу, што для нашай краіны гэта прафесійна значнае свята, я б нават сказаў каставае. Паводле колькасці праваахоўнікаў на душу насельніцтва Беларусь пры Лукашэнку выйшла на першае месца ў свеце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Милиция Минска / Telegram

Сапраўдная паліцэйская дзяржава, а значыць, і свята дзяржаўнае. Вядома, на дзяржаўным тэлебачанні вам раскажуць, што паліцэйская дзяржава – гэта ў ЗША. Толькі вы не слухайце гэтай лухты. У Штатах праваахоўнікаў, у пераліку на душу насельніцтва, амаль у шэсць разоў меней, чым у Беларусі,

Але вернемся да нас. Сёння будуць рытуальныя прамовы, кветкі, юбілейныя ўзнагароды і граматы. Камусьці прысвояць чарговыя званні. А высокія міліцэйскія чыны чым бліжэй да даты, тым болей спяваюць пра імклівы рост даверу насельніцтва да айчынных праваахоўных органаў. Днямі лукашэнкаўскі міністр Кубракоў выказаўся, што калі грамадзяне да нас звяртаюцца, значыць, давяраюць, і калі расце колькасць зваротаў, то гэта значыць, што і давер расце. Чуеце кубракоўскую логіку? Больш зваротаў – гэта не злачыннасць і колькасць правапарушэнняў расце, а давер да Кубракова і ягонага ведамства! Глядзіце не паблытайце!

А яшчэ напярэдадні свята чыноўнікі кажуць, што ахвочых пайсці служыць у міліцыю так шмат, што мінімум палове адмаўляюць. Вось тут не сумняюся, бо калі аналізую бюджэты на кожны наступны год, то бачу, паводле якога прынцыпу іх фармуюць. Тым, хто ў пагонах, – максімум. А астатнім: бюджэтнікам, дактарам, настаўнікам, працаўнікам культуры – што застанецца. У паліцэйскіх дзяржавах заўсёды так – кар’ера ў органах ледзь не адзіны надзейны сацыяльны ліфт. А ў Беларусі гэта яшчэ і недатыкальная каста, што дзее паводле прынцыпу мафіі. Калі ты туды трапіў, то за табой заўсёды праўда. Можна выстраліць з пісталета ў падлетка, можна збіць жанчыну ці падушыць пратэстоўца, можна разграміць кватэру, можна электрашокам выбіваць паказанні – адказнасці будзе нуль. Ты чалец сямʼі і караць цябе можна, толькі калі былі закранутыя інтарэсы іншага чальца сямʼі – і толькі з дазволу шэфа мафіі.

Я падумаў: цікава, а як беларусы да гэтага ўсяго ставяцца, калі глядзець у лічбах. Дзяржаўныя лічбы малююць ідылію з даверам на ўзроўні 75 %. Незалежныя даследаванні, якім я веру значна болей, паказвалі на ўзроўні ад 33 да 40 %. І гэта, хачу заўважыць, да 2020 года. Цікава, колькі рэальна паказала б цяпер? Пасля ўсіх рэпрэсіяў, пасля ўсяго таго жаху, што яны рабілі і працягваюць рабіць? Але пытанне не толькі ў палітыцы і рэпрэсіях. Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў канчаткова развучыліся заўважаць свае памылкі.

Якраз на гэтым тыдні прачытаў гісторыю пра тое, што работніца органаў зрабіла памылку пры выдачы пашпарта падлетку, і калі ён з бацькамі і братам ляцеў на адпачынак, яго не выпусцілі з Беларусі. У выніку доўгачаканыя канікулы былі сарваныя. Сямʼя пайшла ў суд, каб спагнаць кошт падарожжа з міліцыі за тое, што яна дапусціла памылку. І ведаеце, што яны пачулі ў адказ на судзе? Трэба было ляцець без хлопца, або каб з ім застаўся адзін з бацькоў, а другі з бацькоў і брат хлопца маглі свабодна ляцець сабе і адпачываць – у іх жа ў пашпарце не было памылак! Як гэта – паляцець паловай сямʼі на канікулы, і ці будзе такі адпачынак шчаслівым? У МУС пра гэта не думаюць. Там не засталося нікога, хто можа задаць сабе такое пытанне. У выніку, на вялікае дзіва, суд часткова стаў на бок сямʼі. Міністэрству прыйдзецца выплаціць суму, эквівалентную коштам падарожжа, якое не адбылося. Але вось маральнай шкоды суд не прызнаў – пагадзіўся з аргументамі прадстаўнікоў міліцыі, што ніякай маральнай шкоды не было. Сапраўды, якая тут шкода? Ну, не паляцелі ў адпачынак, ну, нервы сабе папсавалі крышку, ну, па судах папацягаліся.

Усёдазволенасць, беспакаранасць, упэўненасць у тым, што «иногда не до законов», – усё гэта прыводзіць да таго, што супрацоўнікі міліцыі ператвараюцца з жывых людзей у бяздушныя камяні, якія не могуць памыляцца. Пры гэтым я дапускаю, што ў сістэме засталася нейкая нязначная колькасць людзей з гонарам, з сумленнем. Хоць я не маю ніводнага аргумента, каб патлумачыць для сябе, навошта яны там засталіся пасля 2020 года. А таму з майго боку ніякіх віншавальных словаў не будзе. Няма каго і няма з чым віншаваць.

Ведаеце, я быў у шмат якіх краінах, я бачыў месцы, дзе грамадзяне з павагай ставяцца да сваіх праваахоўнікаў, а тыя з павагай ставяцца да сваіх суграмадзянаў. Дзе гэтая праца сапраўды прэстыжная і выклікае давер. Я веру, што калісьці так будзе і ў нас, калісьці…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў