Адчапіцеся. Усе і ад усіх

Пішу гэта, а ў галаве адно слова – адчапіцеся. Усе і ад усіх. Колькі рэсурсу чалавечага марнуецца на разборкі, бессэнсоўныя сваркі, дыскрэдытацыю адно аднаго ды стаўлянне палак у колы воза, які і так са скрыпам ледзь цялёпкаецца ў кірунку светлай будучыні…

Удзельніца маршу на трэцюю гадавіну выбараў 2020-га
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У хуткім часе нам добра пастаўленым глыбокім голасам, што агучвае ў грамадскім транспарце чарговы пункт нашага захапляльнага падарожжа, абвесцяць: «Наступны прыпынак – Дно. Канцавы». Гатовыя выйсці там? Не? Дык адчапіцеся.

Беларусы, хто з’ехаў, адчапіцеся ад тых, хто застаўся. Не кожны мае магчымасць з’ехаць. Не кожны хоча з’язджаць. Камусьці не хапае кваліфікацыі, камусьці адвагі, камусьці банальна – грошай. Хтосьці не можа кінуць таго, што гадамі здабываў кроўю і потам. Хтосьці не можа кінуць тых, кім апякуецца, у тым ліку палітвязняў. А хтосьці не хоча з’язджаць са сваёй зямлі. «Я нарадзіўся тут, і я памру тут» – вось і ўсё.

Hавiны
«Мае думкі толькі тут, маё жыццё таксама тут». Алена Анісім растлумачыла, чаму не хоча з’язджаць з Беларусі
2023.06.14 17:41

Цяжка жыць у Беларусі ў цяперашніх умовах? Так, цяжка. Цяжка штосьці карыснае рабіць у такіх умовах, калі яшчэ свае б’юць нагамі? Яшчэ цяжэй. «У-у-у, вы плаціце падаткі – вы спансаруеце рэжым». – «У-у-у, вы купляеце беларускія тавары – вы спансаруеце рэжым».

А вы, шаноўныя з’ехалыя, не спансаруеце рэжыму, шпацыруючы па еўрапейскіх вуліцах у новенькіх шкарпэтках «Марк Фармэль», прывезеных сябрамі з Беларусі? А як там п’ецца півасік ад «Аліварыі» ў спякотны тбіліскі летні вечар на вуліцы Асатыяні? А ці не ванітуе вас ад журавінаў у цукры і бабруйскага зефіру? Падаткі за кватэры, што там засталіся ва ўласнасці, аплочаныя? Камуналка? Вы перасылаеце грошы родным у Беларусь? Ай-ай, даяце блізкім людзям грошы на спансараванне рэжыму.

Людзі намагаюцца працягваць жыць, знаходзяць у сабе моц і адвагу падпольна рабіць штосьці карыснае. Дык, можа, адчапіцеся ад іх?

Беларусы, якія засталіся, адчапіцеся ад тых, хто з’ехаў. Не кожны мог застацца. Кагосьці пазбавілі прафесіі, на кагосьці завялі крыміналку, камусьці пагражалі расправай, а хтосьці проста не захацеў жыць у атмасферы татальнага страху.

«У-у-у, павыязджалі – вы баязліўцы і здраднікі». Навошта заставацца там, дзе ты не можаш зрабіць столькі, колькі зробіш за мяжой? Толькі дзякуючы таму, што людзі павыязджалі, усё яшчэ ёсць незалежная прэса, пішуцца, друкуюцца і агучваюцца беларускія кніжкі, здымаюцца фільмы, паўстаюць спектаклі ды выходзяць музычныя альбомы. Як бы вам там жылося, каб сярод дасяжных кніг застаўся адзін Чаргінец, у тэліку і Ют’юбе – адурэлы Грыша, а ў плэйлісце – сёстры, прасцігоспадзі, Груздзевы ды Саладуха? А можа, памятаеце марафон салідарнасці з палітвязнямі? Амаль паўмільёна еўраў гэтыя з’ехалыя назбіралі. А можа, вы данаціце з Беларусі на грамадскія ініцыятывы?

Меркаванні
У цябе зноў двайняты, Беларусь!
2023.08.01 09:01

«У-у-у, файна разважаць пра жыццё, папіваючы ў Еўропе латэ». Дык вось не файна. Некаторыя, каб за мяжой зарабіць на гэтае латэ, працуюць на некалькіх працах з ранку да ночы. Некаторыя гадамі жывуць у гостэлах, змагаюцца з міграцыйнымі службамі, якім ледзь не аналізы мачы ды радаслоўную да дзясятага калена трэба прынесці, каб табе далі дазвол пажыць у Еўропах годзік-другі легальна. Людзі намагаюцца працягваць жыць у чужых краінах, знаходзяць у сабе моц рабіць штосьці карыснае і яшчэ дапамагаць іншым. Дык, можа, адчапіцеся ад іх?

Агрэсіўна расейскамоўныя беларусы, адчапіцеся ад беларускамоўных беларусаў. «А что это ты на белорусском разговариваешь?» Гэта ўвогуле што такое? Дзівіцца, а тым больш абурацца, што беларус, маючы сваю мову, на ёй размаўляе, можа толькі клінічны ідыёт ці імперац (што недалёка адно ад аднаго).

Калі людзі з беларускім пашпартам кажуць: «Я не понимаю по-белорусски, можно на русском?» – я задаюся пытаннем: «А што ты рабіў у школе 11 гадоў? Соплі пад партай размазваў? Як цябе адтуль увогуле выпусцілі?» У краіне на дадзены момант дзве дзяржаўныя мовы, і вы, даражэнькія «янепонималы», можаце размаўляць па-расейску, нават можаце лічыць расейскую роднай, але ж ведаць беларускую мусіце.

Калі лічыце, што не мусіце, то мая вам рада, то бок совет – отстаньте от беларусскоязычных беларусов и езжайте в Россию.

Агрэсіўна беларускамоўныя беларусы, адчапіцеся ад расейскамоўных беларусаў. Я цяпер не пра тых, каторыя кажуць «я не буду говорить на этом недоязыке», тут няма чаго размаўляць, гэта клініка і такімі мусяць займацца спецыялісты ад псіхіятрыі. Я пра тых, хто з вамі на адным баку. Няўжо незразумела, што кпіны ды папрокі ніякім чынам не спрыяюць таму, каб людзі да вас прыслухаліся, а тым больш матываваліся.

Аналітыка
Жыццё без планаў на будучыню і жаданне з’ехаць. Чым жыве і пра што думае моладзь Беларусі
2023.05.25 16:08

Менавіта тыя, хто так робіць, нясуць найбольшую шкоду беларускай мове. Пакажыце людзям, якая багатая і прыгожая беларуская мова, колькі выдатных твораў на ёй напісана, пакажыце, што гэта мова не агрэсіі, а любові. Падтрымайце кожнага, хто гатовы зрабіць хаця б маленькі крок ёй насустрач. Калі вы негатовыя да гэтага, то проста адчапіцеся ад людзей, знойдуцца тыя, хто і без вас дапаможа ім.

Гэта ўсё да чаго. Часам чытаеш навіны, назіраеш за срачамі ў гэтых вашых інтэрнэтах і задаешся пытаннем: а колькі гадоў я спаў?

Можа, мы ўжо перамаглі? Можа, Пуцін скапыціўся ў сваім бункеры ад чарговага ўколу ботэксу? Можа, шпіц пракусіў Лукашэнку артэрыю і яго знайшлі мёртвым у лужыне чырвона-зялёнай крыві? Дык не ж. Усё як было, а часам нават горш. Дык, можа, спачатку разам патушыць нашую хату, якая палае, а пасля ўжо будзем сварыцца, мірыцца, плявацца, цалавацца?

Ну, ці проста скажыце мне: «Адчапіся ад нас, нам і так добра» – і я пайду далей займацца сваёй справай.

P. S. Добрыя людзі, адчапіцеся ад сябе. «Я раблю не тое. Я раблю недастаткова». Вы робіце роўна столькі, колькі можаце зрабіць, і нават больш. І падумайце пра тое, што калі мы ў такіх жудасных умовах усё яшчэ робім столькі добрых справаў, то гэта колькі ж мы з вамі яшчэ наварочаем у добрыя часы.

Каментар
Ці паглыбіўся падзел на Беларусь і «Белоруссию»? Разважае сацыёлаг Коршунаў
2022.12.27 14:06

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў