Ці паглыбіўся падзел на Беларусь і «Белоруссию»? Разважае сацыёлаг Коршунаў


Галоўны падзел не між асобамі розных поглядаў, а між рэжымам і большасцю, дзяржаўная ж мяжа не падзяляе беларусаў у галоўных пытаннях.

Палітолаг Валер Карбалевіч у нядаўняй калонцы на сайце радыё «Свабода» заявіў, што паралельна пачалі існаваць дзве Беларусі: лукашэнкаўская Беларусь і беларусы ў эміграцыі – гэта дзве розныя цывілізацыі. З Беларусі з’ехала творчая эліта ды інтэлектуалы, а лукашэнкаўская Беларусь у культурніцкім плане хутка ператворыцца ў расейскую правінцыю.

З ім завочна паспрачаўся старэйшы даследнік Цэнтру новых ідэй, сацыёлаг Генадзь Коршунаў. У Facebook ён патлумачыў, што лукашэнкаўская «Белоруссия» і астатняя Беларусь падзеленыя не межамі, а ў Беларусі не пануе «Белоруссия». Папрасілі Коршунава падрабязней расказаць пра сацыялагічны падзел.

Хто жыве ў «Белоруссии»?

Коршунаў кажа, што падзел на Беларусь і «Белоруссию» трэба разглядаць інакш: не як падзел на прыхільнікаў і праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Савецкая «Белоруссия» – гэта перш за ўсё рэжым, а не яго прыхільнікі. Гэтых прыхільнікаў, калі вынесці за дужкі сілавікоў, не так шмат. Ідэйных асобаў, якія не бачаць сябе за межамі дзейнага рэжыму, савецкай «Белоруссии», – 10–15 % насельніцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне дня Перамогі ля стэлы «Менск – горад-герой».
Фота: Белсат

Астатнія, хто за дзейную ўладу, – гэта тыя, хто не бачыць іншых варыянтаў і не разумее, як можна жыць іначай, таму, хутчэй, падтрымліваюць рэжым (такіх мо 10 %), а таксама тыя, каму абыякава і проста не хочацца зменаў (іх таксама можа быць 10 %).

«Што ўсю гэтую групу яднае, дык гэта тое, што яны пасіўныя, не здольныя на значную сацыяльную актыўнасць, – адзначае Коршунаў. – Гэта вельмі добра відаць паводле колькасці праўладных актывістаў. Фактычна мы ведаем усіх іх па імёнах. Гэта пяць, сем, дзесяць прапагандыстаў, штатных аналітыкаў так званых, і з пяток, нават меней, актывістаў на месцах. Усё! Таму я кажу, што савецкая «Белоруссия» – гэта галоўным чынам рэжым, не людзі».

Хто тады Беларусь?

Гэта больш як палова грамадства, перакананы Коршунаў, гэта людзі, якія хочуць зменаў, якія ўмеюць карыстацца выгодамі лічбавай эпохі, самастойна выбудоўваць сваю адукацыю і працу, «якія хочуць зарабляць, а не атрымоўваць», самастойна пастанаўляць, дзе адпачываць і якія святы адзначаць.

«Гэта тыя, хто ствараў беларускую рэвалюцыю 2020 года, і тыя, хто будзе рабіць рэформы пасля сыходу Лукашэнкі. Вось гэта Беларусь», – запэўнівае сацыёлаг.

Але падтрыманне Лукашэнкі ж расце ад таго, што беларускае войска не ўступіла ў вайну ва Украіне?

Коршунаў не пагаджаецца з такою фармулёўкай. Ён называе зразумелым тое, што ў часткі беларусаў расце задавальненне ад таго, што яны бачаць і што ім транслюе прапаганда. Беларусь хоць і суагрэсарка ў вайне ва Украіне, але беларускія войскі не пайшлі ва Украіну. Да таго ж, у Беларусі няма мабілізацыі, як у Расеі, хоць ваенкаматы і збіраюць звесткі. Ну і Аляксандр Лукашэнка пайшоў на папулісцкі крок з абмежаваннем росту цэнаў.

«Я б казаў, што людзей, хутчэй, задавальняе такі стан рэчаў. Падтрыманне Лукашэнкі – я не думаю, што яно значна ўзрасло. Хутчэй, гэта задавальненне тым, што робіцца», – мяркуе Коршунаў.

Эксперт дапускае, што ў нейкай невялікай частцы насельніцтва будзе расці захапленне Лукашэнкам за тое, як ён «лавіюе», каб і дагадзіць Пуціну, і не ўвесці беларускіх войскаў ва Украіну. Пытанне – наколькі гэта заслуга Лукашэнкі, але з асабістых размоваў Коршунаў чуе, што частка беларусаў гэта цэніць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады глядзяць, як Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года.
Фота: Міністэрства абароны / mil.by

Ці ёсць ментальная мяжа між тымі, хто ў Беларусі, і тымі, хто з’ехаў?

Даследаванне з адказам на гэтае пытанне якраз нядаўна правёў Цэнтр новых ідэй супольна з ініцыятываю «Народнае апытанне». Пакуль апублікавалі толькі высновы, а ўсё даследаванне плануюць прэзентаваць 17 студзеня. Правяралі ўзаемнае стаўленне між тымі, хто з’ехаў і застаўся.

Між тымі, хто падтрымліваў пратэсты і застаўся ў Беларусі, і тымі, хто з’ехаў, разрыву няма. Хутчэй, наадварот, кажа Коршунаў: ёсць узаемная павага і ўзаемнае паразуменне, асабліва ў галоўных пытаннях. Аднак складваецца сітуацыя, калі беларусы замежжа недаацэньваюць значнасці сваіх справаў для тых, хто застаўся. А тыя, хто ў Беларусі, больш вераць у дыяспару, бачаць яе голасам беларускага народу.

Падзел па дзяржаўнай мяжы патэнцыйна магчымы ў будучыні, дадае суразмоўца, але цяпер сацыёлагі яго не назіраюць. Коршунаў тлумачыць гэта:

  • каштоўнаснай еднасцю;
  • агульным досведам 2020 года;
  • падзяленнем разумення значнасці таго яднання;
  • лёгкасцю стасункаў у лічбавым свеце між тымі, хто з’ехаў і застаўся.

Больш як 90 % апытаных амаль штодня стасуюцца з роднымі і аднадумцамі за мяжою, паказала нядаўняе апытанне.

«Адчуванне той Беларусі, якая нарадзілася ў 2020 годзе, яднае тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся», – рэзюмуе Коршунаў.

Падрабязней пра тое, як прыйшлі да такой высновы, сацыёлагі раскажуць пазней. Пакуль жа эксперт раіць пачытаць нядаўна апублікаванае даследаванне (PDF) пра калектыўную траўму беларусаў у 2020 годзе.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў