Якую дапамогу малому і сярэдняму бізнесу прапануюць у Беларусі


Міністэрства эканомікі Беларусі стварыла мапу падтрымання малога і сярэдняга бізнесу. На ёй відаць, што гэтай дапамогі не знайсці ў Барысаве ці Лідзе, па ўсёй дарозе з Лагойску да Браслава. А што за падтрыманне будзе, калі яго ўсё ж знайсці?

На мапе Міністэрства эканомікі пазначаныя 117 «суб’ектаў інфраструктуры падтрымання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва», з іх 24 – у Менску. Да такіх суб’ектаў адносяць тэхнапаркі і бізнес-інкубатары, кансалтынгавыя кампаніі, цэнтры падвышэння кваліфікацыі, нават Клецкі сельскагаспадарчы ліцэй і Моладзевы цэнтр у Жодзіне. Але відаць, што без такіх «суб’ектаў» застаюцца шмат якія раёны і некаторыя буйныя гарады, асабліва на поўначы краіны.

Ды нават калі тую дапамогу знайсці, грошай проста так не дадуць. На сайце не згадваюць пра магчымасць атрымання якіх-небудзь грантаў на бізнес-праекты, а прапануюць толькі ільготныя крэдыты пад як мінімум палову стаўкі рэфінансавання, гарантыі пад частку ільготнага крэдыту, лізінг (не бясплатны) маёмасці.

Фінансавую дапамогу абяцаюць на будаўніцтва, набыццё і рамонт нерухомасці, набыццё прыладаў і транспартавых сродкаў, закуп матэрыялаў і камплектавальных. Але ёсць шмат умоваў: фінансавае падтрымаюць прадпрыемствам з не больш як 100 працаўнікамі і з пэўнымі (не акрэсленымі на сайце) аб’ёмамі выручкі, з дзяржаўнаю доляю не больш за 49 %, без запазычанасцяў і стратаў. Не дадуць яе малым банкам і крэдытным арганізацыям, страхавым кампаніям і ламбардам.

Галоўная ўмова, пазначаная ў прэзентацыі клічнікамі і чырвоным колерам, – гэта «стварэнне новых працоўных месцаў» (НОВЫХ – вялікімі літарамі). Тым, хто не збіраецца ствараць новых працоўных месцаў, ільготных крэдытаў не дадуць, хоць Беларусь працягвае страчваць працаўнікоў, колькасць вакансіяў б’е рэкорды.

Закінуты будынак чыгуначнікаў у Жабінцы, які прапануюць у бясплатную арэнду ў межах падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва
Закінуты будынак чыгуначнікаў у Жабінцы, які прапануюць у бясплатную арэнду ў межах падтрымання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Фота: Nca.by

Акрамя фінансавай дапамогі, абяцаюць таксама падтрымаць маёмасна: маецца на ўвазе продаж або платная арэнда непатрэбных дзяржаве пабудоваў. На сайце Дзяржаўнага камітэту маёмасці відаць, што бясплатна можна арандаваць як занядбаныя пабудовы (напрыклад, закінуты кароўнік у Магілёўскім раёне), так і больш-менш прыстойныя будынкі (напрыклад, трохпавярховую камяніцу паліклінікі на поўначы Магілёва). За грошы ж можна зняць нават офіс у цэнтры Менску, толькі сумы не называюць, будзе аўкцыён.

Прапануюць таксама падтрыманне праз арэнду тэхнікі і абсталявання, кансультацыйныя і метадычныя паслугі, маркетынгавыя даследаванні. Але падрабязнасцяў, што менавіта дадуць, не пішуць: пра гэта трэба пытаць у бліжэйшых «суб’ектах інфраструктуры». На сайце прыведзеныя толькі фізічныя адрасы і тэлефоны гэтых «суб’ектаў», не апублікаваныя нават адрасы электроннай пошты.

Адметна, што сайт распрацаваны ў межах праекту падтрымання эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні, які фінансавалі Еўразвяз і Праграма развіцця Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

Улады Беларусі тым часам спрабуюць пазбавіцца ад індывідуальных прадпрымальнікаў, а ў Менску на падтрыманне малога і сярэдняга бізнесу даюць аж цэлых 120 тысячаў рублёў.

Гісторыі
Інвестары сышлі, расейскія вайскоўцы прыйшлі. Як і чым жыве невялікі раённы цэнтр на Берасцейшчыне
2023.07.10 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў