Эканамістка Лузгіна: Улады хочуць пазбавіцца ад ІП як віду дзейнасці


Стаўленне ўладаў Беларусі да індывідуальных прадпрымальнікаў многія гады заставалася насцярожаным, а пасля пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе яно прыкметна пагоршылася. Пра гэта ў калонцы для «Беларусь. Экспертиза» піша эканамістка Настасся Лузгіна.

Настасся Лузгіна. Дацэнтка, кандыдатка эканамічных навук, старшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Эканамістка нагадала, што ў Менску ІП не рэгіструюць з 2021 года «з тэхнічных прычынаў». З 2022 года ўводзяцца змены ў падаткаабкладанне, «якія наўрад ці можна назваць пазітыўнымі». Гэтак, спачатку была падвышаная стаўка, а затым і зусім адмененая спрошчаная сістэмы падаткаабкладання. У разы выраслі стаўкі адзінага падатку для ІП, а віды дзейнасці, якія яго могуць ужываць, – абмежаваныя.

Hавiны
Улады знішчалі іншадумства ў краіне і ў пошуку ворагаў спынілі свой позірк на прадпрымальніках
2022.11.04 18:39

З 2023 года была адмененая магчымасць пазбегчы падвойнага падаткаабкладання што да ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, падвысілі стаўку падаходнага падатку. А цяпер рыхтуюцца папраўкі ў заканадаўства, якія абмяжуюць спіс відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП.

«Унесеныя і запланаваныя папраўкі ў заканадаўства кажуць пра жаданне ўладаў пазбавіцца ад ІП як віду дзейнасці», – мяркуе Настасся Лузгіна.

Паводле яе, гэтыя змены падштурхоўваюць ІП на змяненне фармату працы, напрыклад, на адкрыццё юрыдычнай асобы. Але гэта зробіць адміністрацыйныя працэсы для іх больш складанымі і затратнымі. Некаторыя могуць перайсці ў разрад рамеснікаў, але і там ёсць шмат абмежаванняў у сферах дзейнасці.

Наступствы для ІП і эканомікі

Эканамістка адзначыла, што большасць людзей адкрываюць ІП у Беларусі таму, што не маюць ні дастатковых фінансаў, ні неабходных навыкаў і ведаў для стварэння юрыдычнай асобы. Часта пераход у разрад індывідуальных прадпрымальнікаў быў выкліканы немагчымасцю зарабляць на жыццё і ўтрыманне сям’і іншымі спосабамі.

«У большасці развітых краінаў для індывідуальных прадпрымальнікаў створаныя льготныя ўмовы дзейнасці і падаткаабкладання ў параўнанні з юрыдычнымі асобамі і наёмнымі работнікам. Такім чынам, краіны, разумеючы, што менавіта ІП больш за ўсё маюць патрэбу ў падтрыманні, стымулююць развіццё малога прадпрымальніцтва. Такі падыход разглядаецца развітымі краінамі як інвестыцыі ў будучыню, бо дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў стварае пажыўную глебу для далейшага развіцця бізнесу», – адзначыла Лузгіна.

Паводле яе, у Беларусі ўмовы дзейнасці ІП усё больш пагаршаюцца. І, мяркуе эканамістка, «у бягучых эканамічных умовах далёка не кожны ІП наважыцца на адкрыццё фірмы, а пераход у клас самазанятасці мае свае абмежаванні».

«З улікам досыць высокіх падатковых ставак, праблемаў з рэгістрацыяй і абмежаванага пераліку відаў дзейнасці клас ІП можа быць паступова знішчаны. Далейшае пагаршэнне бізнес-асяроддзя і скарачэнне дробнага бізнесу будзе дадатковым фактарам стрымвання эканамічнага росту і даходаў насельніцтва», – падкрэсліла Лузгіна.

У 2021 годзе ў Беларусі краіне было зарэгістравана больш як 273 тыс. ІП, якія прыцягнулі каля 75 тыс. наёмных работнікаў.

Hавiны
Беларускіх рамеснікаў папярэдзілі, што з 1 ліпеня яны абавязаныя плаціць новы падатак
2023.05.16 15:36

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў