Як праходзілі выбары новага рэктара ЕГУ? Крытычна каментуе былы выкладчык Андрэй Лаўрухін


Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт 3 лютага абвясціў аб выбары новага рэктара: з 17 кандыдатаў выбралі прафесара Кшыштафа Рыбіньскага. Выбары адбываліся непразрыста. Ці добры іх вынік? І што новаму рэктару варта змяніць у ЕГУ?

Прафесар Кшыштаф Рыбіньскі – новы рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.
Фота: vistula.edu.pl

ЕГУ быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе як прыватны ўніверсітэт з 8 факультэтамі і 13 спецыяльнасцямі. У 2004 годзе беларускія ўлады анулявалі яго ліцэнзію – ЕГУ вымушана спыніў дзейнасць у Беларусі, але ў 2005 годзе аднавіў працу ў Літве з дапамогай літоўскага ўраду, Еўрапейскай камісіі, Паўночнай рады, асобных краінаў Еўропы і міжнародных фондаў. З 2006 года ўніверсітэт мае статус прыватнага літоўскага, але па-ранейшаму дэкларуе, што працуе дзеля студэнтаў найперш з Беларусі і толькі потым – з іншых краінаў рэгіёну. Ад стварэння ў 1992 годзе ЕГУ скончылі звыш 3750 чалавек.

У прэс-рэлізе пра новага рэктара ЕГУ, які заступіць на пасаду 3 красавіка, даюць такую біяграфію Кшыштафа Рыбіньскага:

«Выдатны даследчык, які атрымаў ступень доктара эканамічных навук у Варшаўскім універсітэце, а таксама дасведчаны адміністратар у акадэмічнай галіне з больш чым 20-гадовым досведам кіравання. У прыватнасці, на працягу трох гадоў прафесар узначальваў Універсітэт Нархоз у Алматы (Казахстан), а пяць гадоў з’яўляўся рэктарам Універсітэту Вістула ў Варшаве (Польшча)».

Таксама ЕГУ называе Рыбіньскага дасведчаным дасведчаным выкладчыкам курсаў для студэнтаў як ступені бакалаўра, так і магістра, згадвае пра ягонае аўтарства больш як 90 навуковых артыкулаў у эканоміцы, сотняў газетных артыкулаў і некалькіх кнігаў. У апошнія гады яго даследаванні, як піша ЕГУ былі скіраваныя на пытанні выкарыстання штучнага інтэлекту ў эканоміцы, менеджменце і вышэйшай адукацыі. Рыбіньскі мае таксама досвед працы ў дзяржаўнай палітыцы і прыватным сектары, у тым ліку ў якасці намесніка кіраўніка Нацыянальнага банку Польшчы (2004-2008), партнёра ў аўдытарскай кампаніі «Ernst & Young», галоўнага эканаміста ў «ING Barings» і іншых банках. Вольна валодае ангельскай, расейскай і польскай мовамі (аб беларускай мове ў прэс-рэлізе не пішуць).

ЕГУ. Вільнюс, Літва.
Фота: ru.ehu.lt

Гэтыя выбары і сітуацыю ва ўніверсітэце «Белсату» пракаментаваў эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацыяў, былы выкладчык ЕГУ Андрэй Лаўрухін.

Рыбіньскі – годны чалавек на такую пасаду?

Лаўрухін прызнаецца, што раней не ведаў пра прафесара Рыбіньскага. Але цяпер паглядзеў на тое, што вядома пра яго, і прыйшоў да высновы, што «цалкам годная асоба з вялікім досведам у акадэмічнай, эканамічнай і практычнай дзейнасці». Лаўрухін адзначае, што не ведае, ці варта ганарыцца працай рэктара казахскага Наргасу, але сам факт досведу працы рэктарам кажа на карысць выбару Рыбіньскага.

Але пытанне ў тым, што гэта ўжо трэці запар рэктар, які не з’яўляецца грамадзянінам Беларусі і нават Літвы, падкрэслівае Лаўрухін. Калі лічыць Ёргена Ёргенсэна, які быў выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ ў 2016-17 гадах, то нават чацвёртым запар.

«Узнікае пытанне: няўжо няма ніводнага годнага беларуса ці беларускі? У мяне ўзнікае ўражанне, што ЕГУ ператвараецца ў гэткі каланіяльны праект, – заўважае Лаўрухін. – Наколькі я разумею логіку донараў, яны выбіраюць людзей, якія як быццам бы могуць быць больш нейтральнымі, аўтарытэтнымі для беларусаў. Гэта цалкам каланіяльная логіка: вы не можаце самі сабой кіраваць, заўжды сварыцеся, таму вам трэба знайсці больш разумнага чалавека, які можа вамі кіраваць».

На мінулых выбарах кандыдаткай была Алена Карасцелева, акадэмічны досвед у якой быў не горшым за досвед Рыбіньскага, а то і больш паспяховы, дадае Лаўрухін.

Ці нармальна, што выбары былі такімі закрытымі?

Пра працэс выбараў было вядома зусім няшмат. Невядома нават, хто быў сярод 17 кандыдатаў. «Наша ніва» нават называла іх «сакрэтнымі». Мо так і трэба?

Лаўрухін адказвае: гэта залежыць ад таго, які імідж сабе хоча ЕГУ. Калі ЕГУ хоча імідж прыватнага бізнесу і закрытай установы, дык гэта нармальна. Але ЕГУ – цалкам грамадскі і публічны праект, які падтрымліваюць са сродкаў грамадзянаў Еўразвязу, нягледзячы на фармальны статус прыватнага ўніверсітэту, кажа ён. Сам ЕГУ ідэнтыфікуе сябе як грамадская і некамерцыйная арганізацыя. Таямніцы вакол выбараў супярэчаць гэтаму.

«Часткова можна зразумець гэта: каб не сеяць зноў шум у медыях… – дапускае Лаўрухін. – Але тое, як прайшлі гэтыя выбары, умацоўвае імідж ЕГУ як закрытай чорнай скрыні, у якой знікаюць не толькі грошы, але і ўсе працэдуры».

Лаўрухін расказвае, што ў ЕГУ бачыў сярод супрацоўнікаў «жах» вакол тэмы выбараў: проста збягалі ад яго, а таксама выкладчыка і экс-прадстаўніка Сенату ЕГУ Паўла Церашковіча, якога звольнілі з ЕГУ ў 2014 годзе.

Страйк студэнтаў ЕГУ. Вільня, Літва. 1 кастрычніка 2019 года.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

Што новы рэктар мог бы змяніць у ЕГУ?

Лаўрухін кажа, што ЕГУ ўжо больш за 15 гадоў прадукуе канфлікты і скандалы, а беларусаў больш раз’ядноўвае, чым аб’ядноўвае. Што ў такім разе мог бы змяніць прафесар Рыбіньскі? Эксперт адказвае: «Калі каротка, усё».

«Самае галоўнае – гэта давер да гэтай арганізацыі, – тлумачыць Лаўрухін. – Атмасферу трэба змяніць, атмасферу даверу да яго. Самі выбары расчароўваюць і, хутчэй за ўсё, кажуць нам, што інстытуцыя надалей будзе рухацца па каляіне».

Ён прапануе такія крокі:

  • зрабіць выбары больш празрыстымі;
  • абвяшчаць конкурсы на пасады выкладчыкаў;
  • знаходзіць зваротную сувязь між студэнтамі, адміністрацыяй і выкладчыкамі;
  • зрабіць Сенат і органы самакіравання «не імітацыйнымі», каб у самакіраванні напраўду бралі ўдзел студэнты і выкладчыкі;
  • дамагчыся даверу да ЕГУ ад грамадскай супольнасці, зрабіць яго пляцоўкай для супрацы, а не фактарам канфліктаў і скандалаў.

Ці здолее адзін чалавек, нават на пасадзе рэктара, змяніць гэта, Лаўрухін сумняецца. На ягоную думку, двух мінулых рэктараў ЕГУ «паглынула сістэма». Але эксперт жадае Рыбіньскаму поспехаў у гэтай справе.

Hавiны
Дзе атрымаць еўрапейскую адукацыю? Агляд магчымасцяў для беларусаў
2022.05.28 08:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў